Шуфлядка

Новы год у Беларусі: Стральба з бронецягніка, капібара, Дзед Мароз у вакне

Навагодняя акцыя «Нашы дзеці» ў 2023 годзе
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навагодняя акцыя «Нашы дзеці» ў 2023 годзе. Фота: sb.by
podpis źródła zdjęcia

Ранішнікі, рэзідэнцыі Дзедаў Марозаў, ялінкі ад БРСМ і выканкамаў, і ўсё – па-расейску: у тым, як святкуюць Новы год у Беларусі, нічога не змяняецца. Хоць з’яўляюцца часам не самыя банальныя прапановы ад прыватных фірмаў. Паглядзелі, колькі гэта ўсё сёлета каштуе, а яшчэ – паспрабавалі адшукаць беларускамоўнага Дзеда Мароза. Ці атрымалася – чытайце ў нашым матэрыяле.

Дзяржаўныя і школьныя ранішнікі


Тут усё было стандартна – «ялінкі» арганізуюцца ў школах, сацыяльных установах, інтэрнатах і т.п. Задзейнічаныя настаўнікі, сацыяльныя працаўнікі, БРСМ.


Да 15 студзеня 2025 года будзе працягвацца дабрачынная акцыя «Нашыя дзеці». Летась на яе было выдаткаваная 6,5 мільёнаў рублёў – на гэтыя грошы былі набытыя падарункі для шматдзетных сем’яў і пансіянатаў, дзе выхоўваюцца дзеці.


У 59-й школе ў Менску БРСМ ладзіць дабрачынную акцыю «Цуды на Каляды»: арганізатары збіраюць наборы для творчасці, кнігі, настольныя гульні, сродкі гігіены, навагоднія цацкі, упакаваныя як падарункі, якія потым перададуць дзецям у патрэбе.


У школах ранішнікі будуць праходзіць з 20 снежня па 10 студзеня.

,,

«Летась мы збіралі грошы на падарункі дзецям і настаўніцы – па 20 рублёў здавалі. Мы куплялі дзецям наборы алоўкаў, альбомы ў дадатак да набораў цукерак, якія выдаваліся на ранішніку ў школе бясплатна. Што будзе сёлета – настаўніца пакуль не ведае, невядома, ці зноў будуць бясплатныя цукеркі», – распавяла маці вучаніцы 3-га класа, жыхарка аднаго з раённых цэнтраў Беларусі.


Новы год з капібарай


Прыватныя арганізацыі і фірмы ладзяць і даволі цікавыя імпрэзы. Напрыклад, Парк жывёлаў у вёсцы Глінішча ў Баранавіцкім раёне з 20 снежня па 7 студзеня (акрамя 31 снежня і 1 студзеня) запрашае на імпрэзу «Капібара ў Снежным парку». У прыватным заапарку жыве сапраўдная капібара, і, як кажуць гаспадары, сёлета яна ўпершыню адзначае Новы год у Беларусі.


Таксама ў праграме: квэст «Капібара ў Снежным парку», рэзідэнцыя Дзеда Мароза, парк «Лясныя Таямніцы», сустрэча з паўночнымі аленямі, гарачая гарбата ў тэматычных доміках.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навагодняя казка 2023-2024 у Парку жывёлаў у вёсцы Глінішча. Фота: Парк Животных / VK
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Навагодняя казка 2023-2024 у Парку жывёлаў у вёсцы Глінішча. Фота: Парк Животных / VK

Кошт білетаў: дарослы без падарунка – 40 рублёў, дзіцячы з падарункам – 40 рублёў. Падарунак таксама можна набыць асобна за 10 рублёў.


Прыватная ўстанова «Club 58» прапаноўвала вучням малодшых класаў навагоднюю імпрэзу «Галаваломка для Дзеда Мароза». Святочная праграма распрацаваная па матывах папулярнага мільтфільма «Галаваломка». Кожнае дзіця чакаў пачастунак і сувенір ад Дзеда Мароза.


Працягласць: 2 гадзіны, кошт – 40 рублёў.


Сядзібы Дзеда Мароза


У Беларусі сёлета будуць дзейнічаць 6 сядзібаў Дзеда Мароза.


1.   Рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Белавежскай Пушчы


Адрас: Берасцейская вобласць, аграгарадок Каменюкі. З 7 снежня штодня з 9:00 да 18:00.


Кошт квіткоў у звычайныя дні: дарослы – 35 рублёў, дзіцячы – 25 рублёў; у святочныя дні (7 снежня, 25 снежня, 7 студзеня, 15 лютага): дарослы – 45 рублёў, дзіцячы – 35 рублёў. Калі гэта тур з Менску, то дарослы квіток будзе каштаваць 195 рублёў, а дзіцячы – 185.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Белавежскай Пушчы. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Белавежскай Пушчы. Фота: sb.by

З 7 снежня па 15 студзеня штодня праходзіць казачная інтэрактыўная праграма «Алгарытмы Новага году ці таямніцы зніклых элементаў у сядзібе Дзеда Мароза».


З Менску ў сядзібу Дзеда Мароза ў Белавежскай Пушчы можна дабрацца на адмысловым навагоднім цягніку, які будзе курсаваць 6 – 7 студзеня і10 – 11 студзеня.


Кошт квіткоў: дзіцячы ў залежнасці ад узросту – 190 – 250 рублёў, дарослы – 260 рублёў.


Акрамя наведвання сядзібы Дзеда Мароза, вандрўка ўключае таксама эскурсію па Пушчы, фота-сафары з наведваннем зоавальернага комплексу.


2.   Рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў экапарку «Акварэль»


Адрас: Менская вобласць, г.Мар’іна Горка, на поўдзень ад аграгарадку Навасёлкі, экапарк «Акварэль». Працуе кожную суботу і нядзелю да 11 студзеня, а таксама 1 студзеня з 11:00 да 17:00. Уваход: вольны.


3.   Рэзідэнцыя Дзеда Мароза на «Лініі Сталіна»



Адрас: Менская вобласць, Менскі раён, Лашанскі сельсавет, 31 кіламетр трасы Р28. Працуе з 21 снежня да 5 студзеня з 10:00 да 17:00, 31 снежня – з 10:00 да 14:00, 1 студзеня – з 12:00 да 17:00.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэзідэнцыя Дзеда Мароза на тэрыторыі комплексу «Лінія Сталіна». Фота: stalin-line.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рэзідэнцыя Дзеда Мароза на тэрыторыі комплексу «Лінія Сталіна». Фота: stalin-line.by

Кошт квіткоў: дарослы – 20 рублёў, для школьнікаў і студэнтаў – 10 рублёў. Дзецям да 6 гадоў – бясплатна. Для дзяцей, старэйшых за 6 гадоў са шматдзетных сем’яў – 7 рублёў.


Тут і Дзед Мароз, і святкаванне, як заўсёды – з ваенным каларытам. Напрыклад, Дзед Мароз збірае пажаданні наведвальнкаў на наступны год у «капсуле жаданняў» са старой артылерыйскай гільзы. Для гасцей таксама ладзіцца квэст «Пошук стралковай зброі», катанне і стральба на БА-11, стральба з бронецягніка, са зброі, з пнеўматыкі, мятанне гранатаў.


4.   Сталічная рэзідэнцыя


Сёлета рэзідэнцыя Дзеда Мароза ў Менску месціцца па новым адрасе – у гандлёвым цэнтры «Першы Нацыянальны гандлёвы дом». Дзед Мароз і Снягурка прымаюць там гасцей з 11 снежня да 7 студзеня.


5.   Цэнтр экатурызму «Станькава»


Адрас: 1,5 км ад вёскі Станькава ў Дзяржынскім раёне Менскай вобласці. Працуе да 7 студзеня (пачынае а 12-й гадзіне). Выходны – 1 студзеня.


Кошт квіткоў: 15 рублёў (уваходзіць навагодняя імпрэза і наведванне заапарку). Дзецям да 3 гадоў – бясплатна.


6.   Партызанскі Дзед Мароз на Хованшчыне


Яшчэ адзін ваенны Дзед Мароз у вобразе камандзіра партызанскага атраду знаходзіцца ў вёсцы Карочын, урочышчы Хованшчына ў Івацэвіцкім раёне Берасцейскай вобласці. Тут гасцей таксама чакае «Партызанская ялінка».



Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лісты Дзеду Марозу. Фота: РУП «Белпочта» / VK
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Лісты Дзеду Марозу. Фота: РУП «Белпочта» / VK


Дзед Мароз у вакне


Ужо на пачатку снежня ў Інстаграме былі дзясяткі прапановаў ад аніматараў, якія гатовыя прыйсці і павіншаваць вашых дзяцей з Новым годам дома ў любы зручны для вас час. Кошты былі розныя, залежаць ад дня (чым бліжэй да Новага года – тым даражэй), пакету паслугаў, гораду. Напрыклад, у Маладзечна за 20-хвіліннае віншаванне Дзеда Мароза і Снягуркі 29 снежня прасілі 100 рублёў, 30 снежня – 120 рублёў, а 31 снежня да 21:00 – 150 рублёў.


У Менску за 15-хвіліннае віншаванне адна з фірмаў хацела 90 рублёў, а за шоў цягам гадзіны – 235. У перыяд з 25 па 29 снежня 15 хвілінаў з адным персанажам каштавалі 120 рублёў, 20 хвілінаў з двума персанажамі – 195 рублёў, 40 хвілінаў таксама з двума персанажамі – 235 рублёў, гадзіннае шоў – 295 рублёў. 30 снежня кошт праграмы на гадзіну складаў ўжо 320 рублёў.


Самае дарагое 15-хвіліннае віншаванне будзе 1 студзеня з 1:00 д 3:00 ночы – 260 рублёў. У гэты ж час 40 хвілінаў будуць каштаваць 490 рублёў.

У гэтай жа фірмы можна было замовіць паслугу «Дзед Мароз у вакно шматпавярховага дому» (з удзелам прафесійнага альпініста). Кошты – ад 390 да 650 рублёў. Самы высокі – ноччу 1 студзеня.


Беларускамоўны Дзед Мароз


Мы знайшлі ў Беларусі беларускамоўнага Дзеда Мароза! На сайце з прапановай так вялікімі літарамі і пазначана: беларускамоўны Дзед Мароз для дзетак і дарослых. Абяцаюць свята з нацыянальным каларытам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускамоўны Дзед Мароз і беларускамоўная Снягурачка. Фота: avan_tourists / Instagram
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускамоўны Дзед Мароз і беларускамоўная Снягурачка. Фота: avan_tourists / Instagram

У ролі Дзеда Мароза выступае прафесійны актор Андрэй Перапечка.


Кошты: 120 рублёў, разам за Снягуркай – 140 рублёў.


Арганізатары зазначаюць, што замаўляючы віншаванне ў іх, вы робіце ўнёсак у развіццё нацыяльнай культуры, папулярызуеце беларускую мову сярод дзетак. Праграму абяцаюць з элементамі народных гульняў.


Спасылкі на сацыяльныя сеткі на сайце вядуць на фірму «Авантурысты / Event па-беларуску».


Больш актуальных прапановаў навагодніх святаў па-беларуску ў Беларусі ў нас знайсці не атрымалася, у той час як за мяжой – большасць «ялінак» і ранішнікаў, што ладзяцца для дзяцей – на беларускай мове.


Ганна Ганчар belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10