Міністэрства замежных спраў Літвы паведаміла амбасадзе Беларусі ў Літве пра дэнансацыю пагаднення аб мытнай супрацы. У Менску гэтым незадаволеныя, але прызнаюць, што дакумент і так ужо даўно не працаваў.
Як паведамілі ў Дзяржаўным мытным камітэце Беларусі (ДМК), пагадненне аб супрацы з Літвой у змаганні з парушэннямі мытнага заканадаўства спыніць сваё дзеянне з 27 траўня 2025 года. У ведамстве адзначылі, што дакумент датычыць узаемадзеяння ў многіх сферах – «ад ажыццяўлення мытнага кантролю і абмену інфармацыяй да правядзення сумесных мерапрыемстваў па спыненні незаконнага абароту наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў».
,,«Мытныя органы Беларусі, у сваю чаргу, да апошняга прапаноўвалі магчымыя варыянты ўзаемадзеяння, якія сумежны бок ігнараваў. Тут відавочна, што пазіцыю вызначаюць не кантрольныя органы на мяжы, а літоўскія палітыкі, якія не настроеныя на ўзаемадзеянне нашых краін», – заявілі ў ДМК.
Раней у ведамстве падрыхтоўку Літвой дэнансацыі пагаднення называлі «чарговым пацвярджэннем грэблівага стаўлення літоўскага боку да людзей, у тым ліку грамадзян сваёй краіны».
«Па цяперашні час літоўцы ўсімі спосабамі дэманструюць сваё стаўленне: штучна ствараюць чэргі на мяжы, нерытмічна афармляюць транспарт, перыядычна і зусім не афармляюць. І гэта з улікам таго, што пакінулі дзеючымі толькі два пункты пропуску», – казалі ў камітэце.
Беларуская мытня не дагаворвае
У сваіх заяўленнях Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі прызнае, што літоўскія мытнікі спынілі супрацу «ўжо 2,5 гады таму», або «яшчэ ў пачатку 2022 года». Але не раскрываюць прычыны гэтага – саўдзелу ўладаў Беларусі ў агрэсіі супраць іншай суседняй краіны, Украіны.
Праблемы ў складанні элементарнага ДМК дэманструе і ў іншых месцах. Напрыклад, кажучы пра працягласць дзейнасці пагаднення – «амаль 20 гадоў». Хоць насамрэч яно было заключанае 12 ліпеня 1996 года, то бок 28 гадоў таму, а набыло моц 16 лістапада 2000 года, то бок 24 гады таму.
Адзначым таксама, што ў самім дакуменце прапісана, што «кожны з бакоў мае права ў любы час спыніць дзеянне гэтага пагаднення, паведаміўшы пра гэта нотай па дыпламатычных каналах іншы бок». У такім разе пагадненне страчвае сваю моц праз шэсць месяцаў з дня атрымання іншым бокам такой ноты. Гэта значыць, што нота пра дэнансацыю пагаднення была атрыманая яшчэ 27 лістапада, але Дзяржаўны мытны камітэт паведаміў пра гэта толькі праз тыдзень – 4 снежня.

Што не падабалася Літве
Пра тое, што Міністэрства фінансаў Літвы прапануе скасаваць пагадненні аб мытнай супрацы, падпісаныя з Расеяй і Беларуссю, сталася вядома яшчэ ў жніўні. У ведамстве прызнавалі, што з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў лютым 2022 года літоўская мытня не супрацоўнічае і не абменьваецца інфармацыяй з мытнымі службамі гэтых краінаў.
Пры гэтым адзначалася, што асобы, якія гандлююць з гэтымі краінамі падаюць мытні і судам дакументы, выдадзеныя іх мытнямі, каб даказаць законнасць гандлю і выкананне міжнародных санкцыяў.
,,«Улічваючы гэта і геапалітычную сітуацыю – беспрэцэдэнтную ваенную агрэсію Расеі і яе памагатага Беларусі супраць Украіны (...) , а таксама той факт, што на практыцы памежная гандлёва-эканамічная супраца цалкам прыпыненая і немагчымая з агрэсарам, мэтазгодна дэнансаваць гэтыя пагадненні», – заяўляў літоўскі Мінфін.
Выступаючы 5 лістапада ў Сейме Літвы, міністр фінансаў Гінтарэ Скайсце адзначыла, што літоўская мытня павінна прызнаваць дакументы ад Дзяржаўнага мытнага камітэту, пададзеныя ў адпаведнасці з гэтым пагадненнем асобамі, якія гандлююць з Беларуссю, але не можа праверыць іх сапраўднасць праз спыненне супрацы.
Да таго ж, «двухбаковыя пагадненні аб супрацы і ўзаемнай дапамозе ў сферы мытнай дзейнасці, якія ўрад заключыў яшчэ да ўступлення Літвы ў Еўрапейскі Звяз, не маюць і большага практычнага значэння, паколькі супраца ў сферы мытнага звязу належыць да выключнай кампетэнцыі ЕЗ». Скайсце ўказала, што двухбаковыя пагадненні паміж бакамі дастасавальныя толькі ў абмежаванай ступені, а на практыцы памежная гандлёва-эканамічная супраца з Беларуссю цалкам прыпыненая і немагчымая.
Як гэта паўплыве на беларусаў?
І хоць Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі і заяўляе пра «чарговае пацвярджэнне грэблівага стаўлення літоўскага боку да людзей», экспертка Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна не бачыць асаблівых наступстваў дэнансацыі пагаднення.
,,«У прынцыпе, як існаваў мытны парадак афармлення нейкіх тавараў, грузаў, якія праходзяць з Літвы ў Беларусь і назад, так ён і застаецца. Тут гаворка больш ідзе аб абмене інфармацыяй і нейкім агульным узаемадзеянні паміж мытнымі органамі Літвы і Беларусі», – сказала экспертка ў каментары «Белсату».
Пры гэтым яна адзначыла, што «гэтае ўзаемадзеянне ў апошнія гады і так зведзенае да нуля». Цяпер жа з’явіцца афіцыйная прычына таго, чаму няма актыўнага ўзаемадзеяння.
Анастасія Лузгіна адзначыла, што гэта ўжо не першае двухбаковае пагадненне з Беларуссю, якое за апошні час дэнансавала Літва, у тым ліку ў эканамічнай сферы, «з улікам таго, што на дзяржаўным узроўні цяпер практычна адсутнічае афіцыйная супраца паміж дзяржавамі».
Макар Мыш belsat.eu