Міністры і дыпламаты некалькіх дзяржаваў пакінулі пасяджэнне Рады кіраўнікоў МЗС краінаў АБСЕ ў момант, калі прамову пачаў прадстаўнік Расеі Сяргей Лаўроў. Дэмарш учынілі Украіна, Польшча і Чэхія.
Сустрэча міністраў замежных справаў краінаў АБСЕ праходзіць на Мальце. Для кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова гэты візіт у ЕЗ стаўся першым пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.
Напярэдадні пасяджэння Мальта анулявала візу спікеркі расейскага міністэрства Марыі Захаравай. У Маскве гэта назвалі «беспрэцэдэнтным выпадкам», а ў амбасадзе Мальты ў Расеі растлумачылі, што зрабілі гэта, бо Захаравай забаронены ўезд у ЕЗ.
На гэтым скандалы не скончыліся. На Радзе кіраўнікоў МЗС некалькі дэлегацыяў выйшлі з залі перад прамоваю расейскага міністра. Міністэрства замежных справаў Украіны апублікавала відэа моманту, як пасяджэнне пакінуў кіраўнік ведамства Андрэй Сыбіга. Перад гэтым у сваёй прамове ён назваў Лаўрова ваенным злачынцам.
Акрамя таго, пасяджэнне пакінуў кіраўнік польскай дыпламатыі Радослаў Сікорскі.
Выданне «Рубрика» піша, што да дэмаршу далучыўся і міністр замежных справаў Чэхіі Ян Ліпаўскі.
Як паведамляе «Reuters», на гэтым пасяджэнні краіны Захаду крытыкуюць Расею за вайну супраць Украіны.
«Маё пасланне расейскай дэлегацыі наступнае: мы не верым вашай хлусні. Мы ведаем, што вы робіце. Вы спрабуеце аднавіць Расейскую імперыю, і мы вам гэтага не дазволім», – заявіў польскі міністр Сікорскі.
Пры гэтым Лаўроў сам пакінуў сустрэчу, калі пачаў прамаўляць кіраўнік Дзярждэпу ЗША Энтані Блінкен. «Шкада, што наш калега Лаўроў пакінуў залу, не зрабіўшы ласкі выслухаць нас, як мы выслухалі яго. І, натуральна, наш расейскі калега вельмі ўмелы ў тым, каб утапіць слухачоў у цунамі дэзінфармацыі», – сказаў дзяржаўны сакратар.
Цяперашнія ўлады Беларусі на гэтай радзе рэпрэзентуе намеснік міністра замежных справаў Юрый Амбразевіч.
Сцяпан Кубік belsat.eu