5 снежня Еўразійскі банк развіцця выдаў макраэканамічны прагноз найбліжэйшых трох гадоў для Беларусі. І ён не самы аптымістычны.
Гэтак, паводле прагнозах адмыслоўцаў ЕАБР, па выніках 2024 года валавы ўнутраны прадукт Беларусі павялічыцца на 4,3 %, 2025-га –ужо на 2,6 %, 2026-га – на 1,9 %, 2027-га – на 1,5 %.
Разам з тым інфляцыя ў гэтыя гады чакаецца на ўзроўні 5,9 %, 6,6 %, 7,9 % і 7,4 % адпаведна. Чаканы сярэднегадавы курс беларускага рубля да долара, калі прагнозы спраўдзяцца, – 3,25, 3,38, 3,57 і 3,81 адпаведна.
Чаму так адбываецца? Паспрабуем разабрацца з дапамогаю эксперта.
Беларусь вяртае ў эканоміку савецкія практыкі, што нейкім дзіўным чынам да апошняга часу працавалі. Такое меркаванне выказаў акадэмічны дырэктар Даследчага цэнтра BEROC Леў Львоўскі, распавядаючы пра стан беларускай эканомікі на вэбінары «Эканомікі ў аблозе. Шляхі аднаўлення».
На думку эксперта, савецкія практыкі Беларусь выкарыстоўвала не заўсёды. Напрыклад, 2015 – 2020 гады былі, хутчэй, перыядам, калі дзяржава імкнулася меней умешвацца ў эканоміку. І трэнд быў на рынкавыя практыкі. Але, пачынаючы з 2020-га, спосаб мыслення ўраду абнуліўся да заводскіх наладаў, што былі закладзеныя яшчэ ў Савецкім Саюзе.
Лукашэнка спачатку патрабаваў поўнага кантролю над коштамі. У гэтым выпадку дарога да пустых паліцаў і голаду вельмі прамая. Але потым усё ж хтосьці з ягонага атачэння, мабыць, здолеў яго пераканаць, і ўлады пастанавілі ўвесці крыху больш гнуткую сістэму кантролю. У выніку ўказ вырас да вялікіх памераў, адно рэгулюецца так, другое – інакш. І цяпер, нягледзячы на агулам пазітыўныя вынікі ў эканоміцы, з чыстым прыбыткам усё не так добра. Асабліва з прыбыткам малых і сярэдніх прадпрыемстваў, чыя прадукцыя трапляе пад рэгуляванне коштаў.
Як цытуе эканаміста dw.com, «мы не ведаем, колькі прадпрыемствы могуць трымацца і калі пачнуць закрывацца. Але калі яны пачнуць банкрутаваць, то будзе ўжо позна іх ратаваць».
Так, заробкі растуць. Гэта сапраўды добра для тых, хто цяпер працуе ў краіне і атрымлівае гэтыя заробкі, за іх можна толькі парадавацца. Але, як звычайна ў беларускай гісторыі, ёсць пытанне, наколькі гэта ўстойліва. Калі заробкі растуць разам з прадукцыйнасцю – гэта збалансаваны рост, усё добра. Калі гэта адбываецца праз незбалансаванасць рынку, то свята можа ў пэўны момант скончыцца.
Як узгадаў эксперт, у Беларусі было некалькі такіх цыклаў, калі сярэдні заробак падымаўся да 500 долараў, потым падаў, потым ізноў падымаўся. Гэта і ёсць няўстойлівы рост. Цяпер заробкі растуць праз перагрэў рынку. Пытанне – калі пачнуць «паміраць» прадпрымальнікі. Калі гэта распачнецца, адменяць кантроль коштаў – і інфляцыя з'есць усё, што не з'ела за ўвесь гэты час.
Надзея Вольная, belsat.eu