На Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікаваны закон «Аб змяненні Закону Рэспублікі Беларусь "Аб абмежаванні выключных правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці"». Ім унесеныя змяненні, што падаўжаюць тэрмін дзеяння дакументу на два гады, а таксама ўдакладненыя некаторыя фармулёўкі.
Размова ідзе пра закон № 42-З, апублікаваны 5 снежня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, які дэ-юрэ легалізуе пірацтва і «шэры» імпарт яшчэ на два гады, да канца 2026-га.
Закон дазваляе выкарыстоўваць без дазволу праваўладальнікаў розныя аб'екты інтэлектуальнай уласнасці, у тым ліку праграмнае забеспячэнне, аўдыявізуальныя, музычныя творы, перадачы арганізацыяў трансляцыі. Таксама ім дазваляецца так званы паралельны імпарт, калі тавары могуць увозіцца з трэціх краінаў без дазволу праваўладальніка ў выпадках, калі праваўладальнік гандлёвай маркі спыніў іх пастаўкі ў Беларусь.
Для гэтага адпаведная прадукцыя мусіць быць уключаная ў спецыяльныя пералікі тавараў.
Выкарыстанне ўвезеных такім чынам чужых аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці, з пункту гледжання заканадаўства Беларусі, не ёсць парушэннем выключных правоў на гэтыя аб’екты.
Надзея Вольная, belsat.eu