Дзяўчына з Менску пакінула добры каментар на сумку ручной працы, зробленую на ейную замову майстрыхаю. Але якім было здзіўленне, калі яна даведалася, што менавіта гэты водгук зробіцца сведчаннем здрады чужога мужа і нагодаю для магчымага распаду незнаёмай ёй сям’і.
Усё пачалося з таго, што адна мянчанка замовіла ў вядомай менскай майстрыхі сумку ручной працы. Вынік ёй вельмі спадабаўся, і менавіта таму ўдзячная пакупніца змеркавала пакінуць станоўчы разгорнуты водгук з фота. Так яна і зрабіла. Напісала падзяку ды сфатаграфавалася разам са сваёй новай улюбёнай сумкаю і даслала гэты водгук майстрысе.
Зразумела, што тая апублікавала яго на сваёй старонцы, адзначыўшы акаўнт шчаслівай пакупніцы. Здаецца, на тым гісторыя магла б і скончыцца. Але так выйшла, што гэта быў толькі пачатак, піша «Наша Ніва».
У пэўны момант пакупніцы пачаў пісаць незнаёмы ёй і чамусьці вельмі раззлаваны мужчына.
«Ён дасылаў мне вялікія тэксты з прэтэнзіямі, абяцаў падаць на мяне ў суд, бо я ўмяшалася ў ягонае асабістае жыццё, парушыла ягоную асабістую прастору і гэтак далей. Усё гэта было перасыпана нейкімі юрыдычнымі тэрмінамі», – падзялілася дзяўчына падрабязнасцямі нечаканай для яе сітуацыі ў сваім «ТыкТоку». Дарэчы, гэты ролік ужо сабраў больш за 700 тысячаў праглядаў і каля 50 тысячаў падабаек.
Як паведаміла дзяўчына, спачатку яна не магла зразумець, што адбываецца і чаму незнаёмец ашалеў праз ейны водгуку на сумку. Прычына хавалася ў фотаздымку, на якім задаволеная мянчанка з новаю сумкаю.
Рэч у тым, што той здымак дзяўчына зрабіла на вуліцы, і нават не звярнула ўвагі на тое, што на заднім фоне была пара закаханых. І аказалася, што жонка абуранага мужчыны таксама была падпісаная на тую ж самую майстрыху сумак з Менску!
А цяпер уявіце сабе здзіўленне жанчыны, якая проста чытае чужы водгук на сумку і бачыць на фотаздымку свайго мужа, які ў гэты час, нібыта, мусіць быць у камандзіроўцы, і яшчэ не аднаго, а з невядомаю паненкаю.
Як паведамляецца, жанчына тэрмінова ўключыла рэжым «Шэрлак Голмс» і высветліла, што ні ў якую камандзіроўку ёйны каханы не ездзіў, ды і з дзяўчынаю на фота ў яго далёка не працоўныя стасункі.
Надзея Вольная, belsat.eu