навіны

Праз дыялог з дэмакратычнымі сіламі Менск абвінаваціў Вашынгтон ва ўмяшанні ў свае справы

Здымак носіць ілюстрацыйны характар.
Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: сайт амбасады ЗША ў Беларусі
podpis źródła zdjęcia

Пасольства Беларусі ў ЗША заявіла пра «здзіўленне» ў сувязі з правядзеннем Вашынгтонам другога стратэгічнага дыялогу з беларускім дэмакратычным рухам і назвала паведамленні Дзярждэпартаменту ЗША пра вынікі стратэгічнага дыялогу «нататкай для СМІ».

4 снежня Дзярждэпартамент ЗША апублікаваў два прэс-рэлізы пра вынікі стратэгічнага дыялогу з дэмакратычным рухам Беларусі. Ключавой тэмай дыялогу названыя прэзідэнцкія выбары 2025 года.

 

Стратэгічны дыялог – пляцоўка для падтрымання сталых стасункаў беларускага дэмакратычнага руху з урадам Злучаных Штатаў Амерыкі. Першы раўнд дыялогу прайшоў 6–8 снежня 2023 года ў Вашынгтоне, другі адбыўся ў Вільні сёлет 3–4 снежня.


Абодва бакі падчас правядзення стратэгічнага дыялогу адзначылі, што Аляксандр Лукашэнка спрыяе стварэнню атмасферы страху, пры якой ніякія выбарчыя працэсы нельга назваць дэмакратычнымі, а парушэнні правоў чалавека фактычна замарозілі сапраўдную палітычную дзейнасць і дыскусіі ўнутры Беларусі. Злучаныя Штаты заклікаюць улады Беларусі правесці свабодныя і справядлівыя выбары пад міжнародным назіраннем, адзначаецца ў адным з іх паведамленняў.


У другім апісваюцца крокі, зробленыя ЗША для падтрымання дэмакратычнага руху са жніўня 2020 года. Сярод іншага гаворыцца, што за гэты час Вашынгтон вылучыў больш за 140 млн долараў у выглядзе рознай дапамогі.


«Злучаныя Штаты таксама вылучылі 1,5 млн долараў на падтрыманне расследаванняў і рыхтаванне справаў з выкарыстаннем перадавой міжнароднай практыкі і ў адпаведнасці з падыходам, арыентаваным на пацярпелых. Больш за 1,1 млн долараў было вылучана ў выглядзе грантаў публічнай дыпламатыі для падтрымання разнастайных ініцыятываў – ад захавання беларускай культуры і ідэнтычнасці і навучання англійскай мове медычных працаўнікоў да дапамогі жанчынам-прадпрымальніцам у развіцці бізнесу», – адзначаецца ў рэлізе.


4 снежня падчас дыялогу намеснік каардынатара Офісу дапамогі ЗША Еўропе і Еўразіі ў структуры Дзярждэпартаменту Крыс Бёргаст заявіў, што Вашынгтон працягне ціск на дзейныя ўлады Беларусі і падтрыманне беларускага народу. Ён падкрэсліў, што пасля 2020 года ЗША занялі «прынцыповую пазіцыю ў пытанні падтрымання дэмакратычных памкненняў беларускага народу, грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, як у выгнанні, так і ўнутры самой Беларусі».


У адказ на правядзенне стратэгічнага дыялогу дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі ў ЗША абвінаваціла Вашынгтон у «непрыхаваным умяшанні» ва ўнутраныя справы Беларусі.


У заяве адзначаецца, што ўрад ЗША праводзіў «так званы» дыялог «ні з кім», а захады Дзярждэпартаменту ў падтрыманні беларускага дэмакратычнага руху названыя «няшчырымі патугамі ў "падтрыманні дэмакратычных памкненняў" беларускага народу».


«Заклікі, заўвагі, асуджэнні, абмеркаванні ўдзельнікаў, адабраных уручную рэжымам [прэзідэнта ЗША Джо] Байдэна, бессэнсоўныя, бескарысныя і нерэлевантныя», – гаворыцца ў заяве.


Пасольства чарговы раз падкрэсліла, што «амерыканскаму рэжыму варта было б заняцца ўласнымі паўсюднымі ўнутранымі праблемамі і відавочнымі парушэннямі правоў чалавека, шырока прызнанымі аўтарытэтнымі міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі і сумленнымі амерыканскімі палітыкамі».


Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, паводле паведамлення дыпрадстаўніцтва, пройдуць «у поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам».


Адзначаецца, што «кіраўніцтва Беларусі падсправаздачнае толькі беларускаму народу» і «лепш ведае, як правесці свабодныя і сумленныя выбары без дагаджання бессэнсоўным жаданням і капрызам заходніх дэмакратызатараў».

Таксама глядзіце ў сюжэце:


Надзея Вольная, belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10