Прэм'ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян адрэагаваў на заяву кіраўніка Расеі Уладзіміра Пуціна аб тым, што Арменія падтрымлівае ўсе дакументы, якія прымаюцца ў рамках АДКБ. Са слоў Пашыньяна, арганізацыі наогул не існуе, паведамляе «Арменпресс».
Уладзімір Пуцін таксама сказаў, што АДКБ не магла ўмяшацца ў падзеі ў Нагорным Карабаху, паколькі нападу на Арменію не было.
«Наша пазіцыя вельмі выразная: у 2021 і 2022 гадах мелі месца тэрытарыяльныя замахі і агрэсія супраць Рэспублікі Арменія, – заявіў Нікол Пашыньян, калі ў яго папрасілі пракаментаваць словы Пуціна. – Пры гэтым, агрэсія адбылася пасля таго, як мы абмеркавалі гэтае пытанне з хаўруснікамі і бачылі, што падзеі развіваюцца ў гэтым кірунку. І ў гэты час мы атрымалі адказ ад нашых саюзнікаў, што межы Рэспублікі Арменія з'яўляюцца чырвонай лініяй».
Ён нагадаў, што Арменія звярталася па дапамогу да АДКБ падчас сутыкненняў на армяна-азербайджанскай мяжы.
«Пасля гэтага яны сказалі: ведаеце, здаецца, мяжа не была дэлімітаваная? Тут мы сказалі: у дадзеным выпадку, дзе ж праходзіць чырвоная лінія, пакажыце зону адказнасці АДКБ у Рэспубліцы Арменія. Яны не паказалі. І мая рэакцыя, якую я публічна агучыў, была такой: калі АДКБ не мае зоны адказнасці ў Арменіі і не можа паказаць гэтую лінію, то АДКБ як арганізацыя не існуе.
І менавіта таму я адмовіўся падпісаць выніковы дакумент саміту АДКБ восенню 2022 года. Сітуацыя вакол Карабаха тут зусім ні пры чым. У кантэксце замарожвання ўдзелу ў АДКБ мы наогул не закраналі тэму Карабаха», – падкрэсліў Пашыньян.
Ён дадаў, што, паколькі Арменія замарозіла свой удзел у дзейнасці АДКБ, то не ўдзельнічае ў распрацоўцы дакументаў.
«Мы не проста накладваем вета на які-небудзь дакумент, таму што, па сутнасці, мы ўжо лічым сябе па-за АДКБ, і хай яны прымаюць такія рашэнні, якія хочуць. <...> Думаю, што тут мы перайшлі кропку незвароту», – сказаў на заканчэнне Пашыньян.
Арсен Рудэнка belsat.eu