У Тбілісі і іншых гарадах Грузіі працягваюцца маштабныя мітынгі супраць «Грузінскай мары», справакаваныя заявай уладаў пра прыпыненне працэсу еўраінтэграцыі да 2028 года. Сілавікі працягваюць жорсткія затрыманні дэманстрантаў. Пагаварылі пра тое, што адбываецца, з экспертам і беларусамі, што жывуць у Грузіі.
Мернае і павольнае жыццё, якім звычайна жыве Грузія, цяпер на паўзе, распавядаюць нашы суайчыннікі, што жывуць у гэтай краіне. Ужо амаль на тыдзень краіна літаральна акунулася ў пратэсты. Пераважна гэта тычыцца Тбілісі і Батумі, дзе праходзяць найбольш шматлікія акцыі.
За гэты час у сталіцы перасталі працаваць многія бары і забаўляльныя ўстановы. Прычына – грузіны лічаць, што час не забаўляцца, а адстойваць краіну. Заняткі ўжо некалькі дзён не праходзяць у некалькіх школах і ўніверсітэтах, асабліва тых, што знаходзяцца ў эпіцэнтры пратэсных падзеяў. На мітынгі выходзяць і педагогі, і студэнты, і старшакласнікі.

На прыпынках, кухнях, у крамах – з самай раніцы людзі ўсюды глядзяць кадры з акцый пратэстаў і абмяркоўваюць падзеі мінулае ночы.
«Удзень рух у горадзе яшчэ больш-менш магчымы, але бліжэй да вечара Тбілісі пачынае тануць у корках, галоўныя вуліцы перакрываюць паліцэйскія і спецтэхніка. Пачынаючы з 19:00, у горадзе пачынаюцца масавыя пратэсты. Цэнтральныя вуліцы ператвараюцца ў барыкады. Пратэстоўцы будуюць іх штодня. Бліжэй да ночы яны пачынаюць гарэць, вакол чутныя стрэлы. Бо ў Тбілісі вельмі моцнае рэха, здаецца, што пачалася вайна. І ўжо ніхто не разбіраецца, дзе страляюць пратэстоўцы, а дзе паліцыя. Проста ўсюды выбухі», – дзеліцца сваімі ўражаннямі Наталля.
Нагадаем, што Канстытуцыйны суд Грузіі не прыняў да разгляду пазову прэзідэнта Грузіі Саламэ Зурабішвілі і 30 апазіцыйных дэпутатаў аб прызнанні вынікаў парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка несапраўднымі. Па словах Зурабішвілі, такім рашэннем Канстытуцыйны суд Грузіі «вынес вырак самому сабе, краіне, а таксама ўсім інстытутам дзяржавы».
Як яна заявіла, цяпер, акрамя прэзідэнта, у краіне няма легітымных інстытутаў – ні парламенту, ні ўраду, ні Канстытуцыйнага суда. Усіх нязгодных з» «Грузінскай марай» Зурабішвілі заклікае выходзіць на вуліцы. Пратэсты ўжо падтрымалі каля 200 супрацоўнікаў Міністэрства замежных спраў, а таксама прадстаўнікі Мінабароны, Мінадукацыі, Нацыянальнага банка і тбіліскай мэрыі – усе яны публічна выступілі з заявамі аб прыхільнасці да еўрапейскага курсу краіны.

«Выбухі, крыкі і затрыманні, нібы перакінулі ў 2020-ы»
Праз тое, што для супрацьстаяння паліцыі грузіны выкарыстоўваюць феерверкі, у краіне ўжо зачыненыя ўсе крамы піратэхнікі – да ўсіх прыйшла падатковая. Ужо абвешчана, што забарона на продаж і пастаўкі піратэхнікі працягнуцца да моманту, пакуль у Грузіі не спыняцца пратэсты.
Усіх удзельнікаў акцый, гэтак жа, як і ў Беларусі, здымаюць на камеры, да ўсіх замежнікаў у аэрапортах – асаблівая ўвага. У большай ступені – да мужчын з украінскімі пашпартамі. З боку спецслужбаў таксама больш пільная ўвага да журналістаў і праваабаронцаў.
,,«Пасля перажытага ў 2020 годзе, падзеі ў Тбілісі здаюцца невыноснымі. Асабліва крыкі людзей, якіх збіваюць і затрымліваюць. Ты пачынаеш задыхацца, накрывае панічная атака. Я перастала спаць, есці. Як быццам прачнулася ў 2020-м у Менску. Увесь час думала, што я гэта ўжо «пераварыла», але не. Кожны вечар, калі пачынаюцца разгоны і зачысткі, усё пачынаецца зноўку», – дзеліцца перажываннямі яшчэ адна беларуска з Тбілісі.
На жорсткія разгоны пратэстоўцаў у Грузіі ўжо адрэагавалі еўрапейскія дыпламаты. У прыватнасці, кіраўнік еўрадыпламатыі Кая Калас дапусціла, што ЕЗ можа ўвесці санкцыі супраць Грузіі: напрыклад, абмежаванні на выдачу віз, падкрэсліўшы, што гвалт супраць мірных дэманстрантаў недапушчальны, і ўрад Грузіі павінен паважаць волю грузінскага народа і Канстытуцыю краіны. Латвія, Літва і Эстонія ўжо забаранілі ўезд на сваю тэрыторыю заснавальніку прарасейскай партыі «Грузінская мара» Бідзыне Іванішвілі і кіраўніку МУС Вахтангу Гамэлауры, а таксама дзевяцярым высокапастаўленым супрацоўнікам МУС Грузіі.

Прадстаўнікі кіроўнай партыі тым часам актыўна публікуюць кадры пра тое, як грузіны страляюць са зброі ў паліцыю, як падпальваюць парламент, як кідаюць у паліцыянтаў камяні, прыводзяць на пратэсты маленькіх дзяцей, кідаюць кактэйлі «Молатава»... Так дзейныя ўлады тлумачаць сваё права ўжываць жорсткія метады разгону – з вадамётамі, пярцовым газам, кулямі і жорсткімі затрыманнямі. За час пратэстаў ужо затрыманыя не менш за 200 чалавек, ёсць пацярпелыя ад паліцэйскай агрэсіі – у іх ліку не менш за 40 журналістаў.
«Жыву ў Тбілісі ўжо некалькі гадоў. Калі прыехаў сюды, рэальна адчуваў свабоду, але цяпер назіраю рэзкі адкат. Магу сказаць, што грузінская паліцыя ў пачатку пратэстаў рэальна была лаяльнай. Але цяпер – не. Я і уявіць не мог, што ў маленькай Грузіі так шмат паліцыі. Яны ўсюды. Літаральна. У форме, у цывільным, у паліцэйскіх і звычайных машынах, у чорных масках... Людзей сапраўды збіваюць вельмі жорстка. Таксама, як і ў 2020-м у Беларусі, за ўдзел у пратэстах пачалі звальняць і судзіць датычных. Людзей запалохваюць, высочваюць... Шмат у чым тое, што адбывалася з намі, цяпер адбываецца ў Грузіі, прытым вельмі хуткімі тэмпамі», – кажа адзін з прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Грузіі.
«Акцыі пратэстаў у Грузіі адначасова падобныя і не падобныя да пратэстаў у Беларусі»
Меркаванні беларусаў пра тое, ці ўдзельнічаць у грузінскіх пратэстах, цяпер падзяліліся. З аднаго боку многія разумеюць і кажуць, што ўдзел у палітычным жыцці ў чужой краіне, асабліва ў той, дзе ў цябе няма правоў і якога-небудзь статусу, можа пацягнуць паважныя наступствы. За выказванні і ўдзел у мітынгах дзейныя ўлады, як мінімум, могуць не ўпусціць назад краіну пасля чарговага візарана. Як максімум – затрымаць і дэпартаваць. Але і назіраць з боку за пратэсамі ў Грузіі для многіх беларусаў проста невыносна. Некаторыя так і кажуць: «У нас агульны вораг, і я лічу сваім абавязкам падтрымаць грузінаў». Таму таксама выходзяць на пратэсты.
Многія беларусы ў Грузіі адзначаюць, што акцыі пратэстаў у Сакартвэла адначасова падобныя і не падобныя да пратэстаў ў Беларусі-2020. Тут прапаганда таксама кажа пра Майдан, пра тое, што ўсім пратэстоўцам плацяць. Пра тое, што на пратэсты прыйшлі наркаманы і моладзь. Пра тое, што «вы хочаце як ва Украіне»... Але яны і адрозніваюцца.

«Знаходзячыся ў цэнтры падзяў, я магу сказаць, што мірнымі пратэсты ў Грузіі ўжо цяпер не назваць. Не таму, што не было спробаў. Яны былі. Але на мірныя акцыі ўрад ніяк не рэагаваў. Людзей проста ігнаруюць. Таму цяпер у грузінаў іншая тактыка. Яны перакрываюць дарогі, не выходзяць на працу, паляць барыкады і вогнішчы, спрабуюць супрацьстаяць сілавікам, якія на дадзеным этапе ўжо нікога не шкадуюць. Калі ты з краіны, у якой людзі павальна сядзяць у турме і пераследуюцца, за грузінаў вельмі страшна. Вельмі хочацца, каб хаця тут людзі змаглі адстаяць сваю краіну», – кажа Надзея.
Кадры жорсткіх разгонаў акцый пратэстаў у Грузіі, напэўна, абляцелі ўжо ўсе сусветныя медыя. Лагічна, што знаёмыя і родныя беларусаў у Грузіі цяпер вельмі непакояцца за іх бяспеку.
«Часцей за ўсё тэлефануюць і кажуць нешта з разраду: «Тэрмінова з’язджай. Ужо пачалі выдаваць візы. Чаго ты чакаеш?». З аднаго боку я разумею, што такім чынам за мяне непакояцца, але з другога – гэта вельмі нагнятае. Я перажыла дзве эміграцыі за апошні час – спачатку ва Украіну, потым у Грузію. У сувязі з апошнімі падзеямі ўзровень трывогі і так зашкальвае, а калі табе кожны дзень кажуць «едзь», пачынаеш успрымаць гэта як у 2020-м, калі ўсе павальна паўтаралі: «А чаму ты яшчэ не з'ехала?». Тут і цяпер я адчуваю, што на трэці пераезд і эміграцыю ў мяне проста няма сіл. Ні маральных, ні фізічных, ні матэрыяльных. Мне, да прыкладу, няма за што пераязджаць. Так, арганізацыі дапамогуць у пачатку, але арандаваць адной кватэру для сябе і дзіцяці на працяглы тэрмін у той жа Польшчы нашмат даражэй. Дзе мне браць грошы? Я і так на дзвюх працах. Я нават не хачу сабе гэтага ўяўляць», – прызнаецца яшчэ адна беларуска.

Што далей: рэвалюцыя ці контррэвалюцыя
Якія перспектывы ў пратэстаў і перамогі дэмакратыі ў Грузіі? Пра гэта цяпер спрачаюцца многія эксперты.
Паводле грузінскага палітолага Гелы Васадзэ, Саламэ Зурабішвілі здольная стварыць «альтэрнатыўны палітычны цэнтр»:
«На новыя выбары «Грузінская мара» наўрад ці пойдзе, таму, магчыма, будзе двоеўладдзе. Адпаведна, Зурабішвілі паспрабуе перападпарадкаваць сабе дзяржапарат. Калі гэта ўдасца – будзе рэвалюцыя. Не ўдасца – контррэвалюцыя. Я бачу яе ў ролі кропкі збору для патрыётаў і актыўных сілаў Грузіі. А далей – тэхнічны ўрад, які прызначыць новыя выбары».
На думку эксперта, «Грузінская мара» не валодае сілавым рэсурсам для падаўлення пратэстаў.
«Калі здарыцца эскалацыя гвалту, дык з падачы Масквы. Калі паліцыя пачне страляць у народ, тады і народ адкажа, і войска, якое, дарэчы, вельмі ўзлаванае, бо на працягу апошніх гадоў знаходзілася на апошніх ролях. Апошнім пунктам сталі заявы, што грузіны маюць папрасіць прабачэння за вайну 2008 года. У вайскоўцаў няма вялікай сімпатыі да ўладаў», – сказаў Васадзэ ў каментары «Белсату».

Куды ў выпадку абвастрэння сітуацыі ў Грузіі грукацца беларусам
Цяпер без дакументаў у Грузіі ўжо сотні беларусаў. Усяго ж у Грузіі, паводле апошніх звестак МУС, знаходзіцца блізу 12 тысяч беларусаў (без уліку турыстаў). Віз у многіх з іх няма. Што ім рабіць у выпадку неабходнасці экстраннай рэлакацыі, пакуль да канца не зразумела. Але, як мы высветлілі, беларускія арганізацыі, што дапамагаюць беларусам, у курсе праблем суайчыннікаў у Грузіі.
«Мы гатовыя да гэтага працэсу. На жаль, для нас гэта не новая практыка, – пракаментаваў тое, што адбываецца кіраўнік Фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак, падкрэсліўшы, што фонд знаходзіцца «ў шчыльнай камунікацыі з еўрапейскімі партнёрамі, якія таксама адсочваюць сітуацыю ў Грузіі. Пры гэтым стратэгічнае рашэнне пра выдачу візаў і пра тое, ці прымаць беларусаў і ў якой колькасці, прымаюць самі дзяржавы».
За сітуацыяй у Грузіі сочаць і дэмсілы Беларусі. У Telegram-канале офіса Святланы Ціханоўскай беларусам у Грузіі нагадалі, што да любых непрадбачаных сітуацый лепш падрыхтавацца загадзя. Як мінімум – мець кантакты праваабарончых арганізацый, дзяржаўных органаў краіны; прадстаўнікоў беларускай дыяспары і мясцовых адвакатаў, каб пры неабходнасці атрымаць падтрымку.
Надзея Вольная, / ЮК belsat.eu