навіны

Што чакаць ад стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belmarket.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: belmarket.by
podpis źródła zdjęcia

3–4 снежня ў Вільні адбудзецца другі раўнд стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Гэта адбываецца напярэдадні пераходу ўлады ад адміністрацыі Джо Байдэна да адміністрацыі Доналда Трампа. Што зменіцца ў стасунках беларускіх дэмсілаў з уладамі ЗША у наступныя гады і ці варта Лукашэнку спадзявацца на пацяпленне? Пра гэта паразмаўлялі з амерыканістам Антонам Пянькоўскім.

– Спадар Антон, гэта ўжо будзе другая сустрэча стратэгічнага дыялогу беларускіх дэмсілаў з ЗША. Ці можам казаць пра нейкае рэальнае значэнне гэтага дыялогу?

– Безумоўна, перш за ўсё гэта ўнікальны кейс, калі Злучаныя Штаты падымаюць такія квазідзяржаўныя інстытуты, як Офіс Святланы Ціханоўскай і беларускі дэмакратычныя сілы ўвогуле, да міждзяржаўнага ўзроўню супрацоўніцтва. Бо ўсё ж такі фармат стратэгічнага дыялогу, які Злучаныя Штаты прымяняюць шмат да якіх краін – гэта міждзяржаўны інструмент.

– Што ж тычыцца беларускага грамадства, бо беларусы ўнутры Беларусі павінны быць тут [у гэтым дыялогу] на першых пазіцыях…

– Ну канешне, але ўсё ж мне падаецца, што большасць беларускага грамадства пачуе толькі пэўныя выніковыя заявы і не будзе ніяк уключана ў абмеркаванне гэтых пытанняў. Там больш будуць абмяркоўвацца сензетыўныя, балючыя пытанні, якія не варта выносіць на публіку.

– Тады ўзнікае пытанне, хто можа быць гэтым рэпрэзентантам беларусаў? Бо ўсё ж такі і Святлана Ціханоўская, і іншыя палітыкі і актывісты гавораць ад імя беларусаў, а не ад сябе.

– Канечне. Але перадусім мы павінны разумець, што такім інструментам, як стратэгічны дыялог, могуць карыстацца актары, якія маюць магчымасць нечым карыстацца – гэта, умоўна кажучы, чалавечы рэсурс. Ёсць шмат дасведчаных людзей у той жа Каардынацыйнай радзе, у Офісе Святланы Ціханоўскай, якія маюць пэўны дыпламатычны досвед і якія могуць даносіць пазіцыю беларускага грамадства да амерыканскага чынавенства і амерыканскіх дыпламатаў. Усё ж такі гэтыя дыпламатычныя гульні патрабуюць пэўных навыкаў і пэўнага досведу. І канечне, Офіс Святланы Ціханоўскай, і Каардынацыйная рада, і шэраг прадстаўнікоў, якія былі ў першым складзе стратэгічнага дыялогу і будуць у другім, маюць гэтыя навыкі і гэты досвед.

– Чаму Злучаныя Штаты настолькі істотныя, чаму так варта надзяляць гэтаму ўвагу?

– Не сакрэт, што ЗША шмат гадоў падтрымліваюць беларускія незалежныя медыі, НДА не толькі грашыма. Але ўсё ж вельмі важнай з’яўляецца менавіта падтрымка рэсурсамі. Падтрымка, якая выдзяляецца кожны год кангрэсам, вельмі вялікая. Злучаныя Штаты маюць увогуле вялікі ўплыў на міжнароднай арэне і могуць паўплываць на шмат краін, якія дапамагаюць Беларусі, але ж яны і самі вельмі шмат чаго робяць для Беларусі.

Аднак перадусім я б тут яшчэ казаў пра пытанне падрыхтоўкі. Бо за мінулы год мы, на жаль, не ўбачылі такіх вялікіх зменаў, вялікага прагрэсу з боку Злучаных Штатаў, што да прызначэння спецпасланніка, абноўленага акта аб дэмакратыі ў Беларусі і заканадаўчага дакумента, які тычыцца абароны беларусаў у Злучаных Штатах. Таму вось гэтую дамашнюю работу нават Злучаныя Штаты, на жаль, не робяць.

Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская падчас другога дня стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Вашынгтон, ЗША. 7 снежня 2023 года. Фота: tsikhanouskaya.org
Лідарка дэмакратычных сілаў Беларусі Святлана Ціханоўская падчас другога дня стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Вашынгтон, ЗША. 7 снежня 2023 года. Фота: tsikhanouskaya.org

Перспектывы далейшай працы


– Што будзе цяпер, бо ўсё ж такі адміністрацыя ў ЗША змяняецца, як будзе далей выглядаць праца з Вашынгтонам?

– Вось гэта вельмі складанае пытанне, яно будзе тычыцца тэхнічных акалічнасцяў. Перш за ўсё гэта адміністратыўны рэсурс – як мы гэта бачылі ў апошні раз, калі Доналд Трамп быў абраны прэзідэнтам Злучаных Штатаў. Былі вельмі вялікія змены, шмат вашынгтонскіх бюракратаў наўпрост звольніліся, і доўгі час нават у дзяржаўным дэпартаменце ЗША не было дастаткова спецыялістаў па шматлікіх накірунках, уключаючы Беларусь. Я мяркую, што гэтая сітуацыя можа паўтарыцца. 

Што нам зараз варта рабіць, – гэта вельмі ўважліва, вельмі асцярожна назіраць за прызначэннем намесніка дзяржсакратара, узроўнем намеснікаў памочніка дзяржсакратара. Бо ў стратэгічным дыялогу другі год удзельнічае намеснік памочніка дзяржсакратара па пытаннях Еўропы і Еўразіі Крыстафер Сміт, які, вельмі ўмоўна кажучы, адказны за Беларусь. Я не ўпэўнены, што ён застанецца на сваёй пазіцыі, і таму мы павінны вельмі ўважліва сачыць за прызначэннямі вось гэтых кар’ерных бюракратаў і дыпламатаў у Дзярждэпе, якія будуць працягваць гэтую працу. Я лічу, што там могуць быць вельмі непрыемныя для беларускага дэмакратычнага руху затрымкі. 

– Затрымкі ў нейкім фінансаванні і падтрыманні пэўных праграмаў?

– Тут усё вельмі проста: калі не будзе адказнага за прыняцце нейкіх рашэнняў – будуць гэта грошы ці пэўныя выдаткі, праграмы, то, канечне, будзе і затрымка прыняцця гэтых рашэнняў. І нават калі глабальна рашэнне, датычнае ўсіх справаў Беларусі, падтрымкі пэўных рэсурсаў для таго ж Офіса Святланы Ціханоўскай, будзе меркавацца як станоўчае, але пры гэтым не будзе бюракрата, які падпіша гэтую паперу, то будзе затрымка. 

Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінету падчас другога дня стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Вашынгтон, ЗША. 7 снежня 2023 года. Фота: tsikhanouskaya.org
Прадстаўнікі Аб'яднанага пераходнага кабінету падчас другога дня стратэгічнага дыялогу паміж ЗША і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Вашынгтон, ЗША. 7 снежня 2023 года. Фота: tsikhanouskaya.org

Змена ў пазіцыі


– Ці можа змяніцца пазіцыя Вашынгтону да рэжыму Лукашэнкі?

– Я так не лічу. Я прадугледжваю, што рэжым Лукашэнкі можа актывізавацца ў спробах неяк выйсці на свае мінулыя вашынгтонскія кантакты. Мы ведаем, што ў Аляксандра Лукашэнкі былі спробы працаваць з сям’ёй Кушнер і г.д. Ён можа зрабіць гэтыя спробы. Але ж перш за ўсё частка каманды Трампа застаецца такой, як была ў мінулай яго адміністрацыі. Яны памятаюць, як Лукашэнка, наўпрост кажучы, падмануў іх. Таму што былі пэўныя перамовы, прыязджаў Болтан (Джон Болтан, дарадца Доналда Трампа па нацыянальнай бяспецы, прыязджаў у Беларусь у 2019 годзе. – Заўв. рэд. «Белсат»), усё было добра, амерыканская нафта, давайце сябраваць, Менск – сталіца Злучаных Штатаў, як Лукашэнка тады казаў

І мы бачым, што адбылося ў 2020 годзе. З боку амерыканскага чынавенства незразумела, навошта гэта паўтараць, калі вы не можаце ўвогуле верыць Лукашэнку. Які сэнс зноў гуляць з ім у гэтыя гульні? Прычым нават тады сітуацыя з колькасцю палітзняволеных была значна лепшай, чым зараз. Таму пэўных зменаў ці адлігі Лукашэнка не павінны чакаць. Але, канешне, ён на гэта спадзяецца.

– Што тычыцца дэмакратычных сілаў: Вашынгтон адназначна ставіць на Святлану Ціханоўскую, бо нават сустрэча адбываецца ў Вільні?

– Безумоўна. Але ўсё ж такі тут варта памятаць, што аддзел па справах Беларусі Дзярждэпартаменту датычны амбасады ЗША ў Вільні, і амерыканскія дыпламаты, якія працуюць па Беларусі, знаходзяцца ў Вільні. Ім проста лагістычна прасцей тут арганізоўваць гэтыя сустрэчы і імпрэзу. 

Па-другое, мы бачым у апошніх дакументах, што амерыканцы ў афіцыйных паперах называюць Офіс Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйную раду і Кабінет як інстытуты, якія яны прызнаюць. Таму не варта казаць, што Офіс Святланы Ціханоўскай захапіў аднабакова гэтую ўвагу Вашынгтону, усё ж такі яны бачаць тры інстытуты, і ўсе тры будуць прадстаўленыя ў Вільні на сустрэчах. 

– Што адбудзецца пасля «выбараў» у 2025 годзе?

– Вельмі цікавае пытанне. Аднак я не бачу ніякіх знешніх прыкметаў таго, што палітыка Злучаных Штатаў можа неяк змяніцца ад яшчэ адных выбараў, у якіх «пераможа» Аляксандр Лукашэнка. Ну, прабачце, яны гэта назіраюць ужо 30 год, як ён абіраеца і абіраецца. І палітыка падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху і памкненняў і беларускага грамадства да суверэнітэту, правоў чалавека і дэмакратыі не змяняецца. Як яна не змянялася і ў мінулы раз, калі Трамп быў у авальным кабінеце. Таму я не бачу ніякіх падставаў, каб нешта змянілася.  

Сяргей Падсасонны, Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10