навіны

У Літве нельга будзе здаць іспыт у кіраванні аўтамабілем на расійскай мове

Здымак мае ілюстрацыйны характар
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com
podpis źródła zdjęcia

Экзамены на правы кіроўцы ў Літве будуць праходзіць толькі на літоўскай і іншых афіцыйных мовах ЕЗ са студзеня 2025 года. Выключэнне будзе толькі для грамадзянаў Украіны, паведамляе LRT са спасылкай на Міністэрства ўнутраных справаў Літвы.

Новаўвядзенне замацаванае загадам міністаркі ўнутраных справаў Агне Білатайце. Яно тлумачыцца падтрыманнем літоўскай мовы і імкненнем спрыяць інтэграцыі замежнікаў.

«Гэтая пастанова дапамагае зніжаць уплыў вонкавых пагрозаў на нацыянальную бяспеку. Мы прытрымліваемся выразнай і каштоўнаснай пазіцыі: дзяржаўныя паслугі ў Літве не мусяць надавацца на мове краіны-агрэсара. Як краіна ЕЗ мы забяспечваем доступ да паслуг на ўсіх афіцыйных мовах Звязу. Выключэнне прадугледжанае для ўкраінцаў, якія пражываюць у Літве і маюць часовую абарону ЕЗ», – заявіла Агне Білатайце.

Тэарэтычны экзамен будзе праходзіць на літоўскай ці іншай афіцыйнай мове ЕЗ. На практычным экзамене можна будзе скарыстацца паслугамі перакладніка, калі чалавек не ведае патрэбных моваў.

Для тых, хто ўжо пачаў рыхтавацца паводле старых правілаў, будзе пераходны перыяд. Пры гэтым МУС заклікае ўсе падначаленыя структуры пераходзіць на абслугоўванне на літоўскай.

Паводле дзяржсервісу Літвы «Regitra», у 2022 годзе тэорыю для правоў на расійскай мове здавалі 10 381 раз, а за першыя 11 месяцаў 2023 года — 11 560 разоў. Звычайна людзі хацелі атрымаць катэгорыі «В» (легкавыя аўтамабілі), «С» (грузавыя аўтамабілі) і «А» (матацыклы).


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10