Вечарам у панядзелак у Тбілісі пачалася чарговая акцыя супраць адмовы ўладаў ад еўраінтэграцыі. Як і мінулыя разы, сілавікі выкарыстоўвалі вадамёты і слезацечны газ, пратэстоўцы адказвалі феерверкамі і петардамі.
Дэманстрацыі ў Грузіі працягваюцца пятыя содні запар. Нагодаю сталася заява прэм'ер-міністра Іраклія Кабахідзэ пра спыненне да канца 2028 года перамоваў наконт далучэння краіны да ЕЗ.
2 снежня з Тбілісі адбыўся марш студэнтаў, вечарам дэманстранты сабраліся каля парламенту, загадзя ачэпленага паліцыянтамі. Пратэстоўцы кідалі ў будынак петарды, у адказ сілавікі скарысталі вадамёты, піша «Эхо Кавказа».
Пасля патрабаванняў разысціся спецназ, выкарыстоўваючы вадамёты і слезацечны газ, пачаў выціскаць людзей ад парламенту і затрымліваць іх. Працаўнікі крамаў непадалёк прапаноўвалі пратэстоўцам хавацца ў іх, каб не трапіць за краты.
Лік затрыманых не паведамляецца, медыі пішуць пра дзясяткі асобаў.
Выданне «NEWSGEORGIA» адзначае, што на праспекце Руставэлі – галоўным месцы падзеяў – быць без процігаза немагчыма:
«Жыхары кажуць, што газ ужо дайшоў да кватэраў. Ва ўсіх гатэлях на праспекце папярэджваюць гасцей і раяць не адчыняць вокны».
Ад газу цярпяць і сабакі, дэманстранты ратуюць не толькі адно аднаго, але і жывёлінаў.
«Вельмі жорсткія зачысткі, вельмі жорстка б'юць людзей, ціснуць ім вочы. Людзі так крычаць пад вокнамі, што страшна», – так дзеянні сілавікоў апісвае «Белсату» беларуска, якая жыве ў цэнтры Тбілісі.
Паводле яе, раней паліцыянты затрымлівалі толькі актыўных удзельнікаў пратэстаў або тых, хто аказваў супраціў. Цяпер жа хапаюць усіх, хто нагадвае дэманстранта, напрыклад, людзей са сцягамі:
«Хто аказвае супраціў, вельмі жорстка б'юць. Я бачыла, як жанчыну, якая ўпала, паліцыянт ударыў нагой па галаве. Спыняюць таксоўкі і адтуль выцягваюць людзей».
Беларуска адзначыла таксама, што ў Тбілісі пачалі пунктава вымыкаць электрычнасць:
«Дакладна незразумела, чаму гэта адбываецца, маецца версія, што дзеля таго, каб вулічныя камеры назірання не маглі зняць, як паліцыянты абыходзяцца з пратэстоўцамі».
Агулам цэнтр гораду цяпер нагадвае месца баёў: барыкады, сажа, нейкае смецце.
«Парламент выглядае вельмі сумна, там выбітыя шыбы, ён такі ўвесь пагарэлы. Адчуваецца, што ў горадзе не ўсё спакойна», – падсумавала суразмоўца «Белсату».
Тым часам МЗС Украіны адказаў на заяву грузінскага прэм'ер-міністра, які наракаў, што «Грузію спрабуюць „украінізаваць“», і запэўніваў, што «сцэнар майдану ў Грузіі немагчымы».
«Мы рашуча адхіляем настойлівыя спробы ўладаў Грузіі ўцягнуць Украіну ва ўнутрыпалітычныя працэсы ў сваёй краіне. Улада Грузіі мусіць перастаць палохаць свой народ міфічным „украінскім сцэнаром“, рэалізуючы на практыцы „беларускі сцэнар“», – падкрэслілі ў Кіеве.
Там «рашуча асудзілі» парушэнні правоў чалавека і выкарыстанне сілы супраць мірных дэманстрантаў у Грузіі. «Гвалт не застанецца без наступстваў», – заявілі ў МЗС Украіны.

Беларус Яўген Муравіцкі, якога затрымалі на акцыі 29 лістапада і вызвалілі напярэдадні, расказаў выданню «Медиазона», што «з паліцыяй тут пакуль што ўсё ў парадку», аднак «спецназ тут ужо „адбіты“».
«Да нас падбеглі, сталі штурхаць нагамі. І секунд праз пяць пярцовы газ паляцеў у вочы. Не магу сказаць, што білі жорстка ў маім выпадку, хаця я бачыў траўмы ў іншых людзей. Я яшчэ лёгка выкруціўся», – расказаў маладзён.
Яго абавязалі прыйсці ў міграцыйны цэнтр. У следчым ізалятары яму далі зразумець, што «з Грузіі давядзецца з'ехаць».
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Сцяпан Кубік belsat.eu