навіны

Ці ведаюць у Літве пра беларускія праблемы? У Вільні абмеркавалі беларуска-літоўскія стасункі

Вуліца Піліес (Замкавая). Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года. Фота: Белсат
Вуліца Піліес (Замкавая). Вільня, Літва. 21 лютага 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

У Літве адбылася беларуска-літоўская канферэнцыя, на якой абмеркавалі праблемы беларусаў у эміграцыі. На думку экспертаў, беларусам і літоўцам трэба глыбей даведацца пра праблемы адно аднаго і толькі тады іх можна будзе развязаць.

Занадта доўгае чаканне дакументаў для дазволу на жыхарства ці хаджэнне з апеляцыямі ў выпадку адмовы – адныя з найбольш частых праблемаў нашых суайчыннікаў у эміграцыі. Востра на сабе гэта адчулі беларусы ў Літве. Бо, з аднаго боку, за апошнія чатыры гады не меней за 60 тысяч асобаў пераехалі з Беларусі менавіта ў балтыйскую краіну-суседку, што значна загрузіла яе міграцыйную службу. З другога – рэжым Лукашэнкі прыклаў руку да падрыву даверу да беларусаў. Абраную прэзідэнтку Беларусі Святлану Ціханоўскую гэта не здзіўляе:

«Праблемы зразумелыя, бо Лукашэнка зрабіў нашую краіну суагрэсарам. І тое, што ад нас адмяжоўваюцца і нас абмяжоўваюць тут, гэта з-за яго. І нашая задача разам вырашаць гэтыя праблемы».

Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны беларусы зазналі праблемы не толькі са стаўленнем да сябе, але і на заканадаўчым узроўні. Гэтак, Літва абмежавала доступ да шэрагу раней даступных працэдураў.

,,

«З’явілася дыскрымінацыя паводле нацыянальнай прыкметы. Тут можна казаць, наколькі гэта законна ці незаконна, але зараз ёсць праблемы і з тым, што візы атрымаць цяжка, і з тым, што праехаць праз мяжу цяжка, і з тым, што дазвол на жыхарства не заўсёды беларусы атрымліваюць, і шмат іншых праблемаў», – тлумачыць старэйшы палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай Аляксандр Дабравольскі.


Праблему з легалізацыяй зрабіў відавочнаю выпадак былога добраахвотніка палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка, якога міграцыйная служба Літвы прызнала пагрозаю нацыянальнай бяспецы і якому забараніла ўезд у краіну. Экс-байца затрымалі ў В'етнаме, адкуль яго экстрадавалі ў Беларусь. На радзіме Верамейчыку пагражае больш 20 гадоў няволі ці нават смяротнае пакаранне.

«Яны бралі ўдзел, змагаліся за Украіну. Мы адзначым гэты іх подзвіг і высілкі, якія яны прыклалі, каб была абароненая Украіна і тым самым абароненыя нашыя краіны», – кажа першы віцэ-спікер Сейму Літвы Юозас Олякас.

Сцяг палка Кастуся Каліноўскага на сцэне канферэнцыі «Шлях да волі». Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года. Фота: Белсат
Сцяг палка Кастуся Каліноўскага на сцэне канферэнцыі «Шлях да волі». Кіеў, Украіна. 29 лістапада 2023 года. Фота: Белсат

Цяпер сусветная дэмакратычная супольнасць заклікае рэжым Лукашэнкі вызваліць узятага ў закладнікі Верамейчыка. Але ягоны лёс могуць паўтарыць не меней за тры дзясяткі асобаў.

«Наш кейс баявога досведу ідзе не ў плюс, а ў мінус. Пры легалізацыі гэта праблемы псіхалагічныя, гэта праблемы з працаўладкаваннем і наогул з разуменнем, што многія ветэраны сёння хаваюць свой вайсковы кейс», – распавядае старшыня камісіі Каардынацыйнай рады Беларусі ў нацыянальнай бяспецы Аляксандр Кусь-Клачко.

Каб звярнуць увагу на гэтыя праблемы, беларусы Літвы зладзілі некалькі акцыяў пасля затрымання Васіля Верамейчыка. Але, падобна, гэта не дазваляе дагрукацца да адрасатаў зваротаў.

,,

«Трэба беларусам не баяцца пра сябе расказваць. У нас ёсць ЕГУ, ёсць штаб Ціханаўскай у Вільні. Калі б яны больш гаварылі, каб літоўцы чулі, каб перакладалася на літоўскую мову… Проста яны мала чутныя», – разважае дырэктар Інстытуту Вялікага Княства Літоўскага Русціс Камунтавічус.


Сёння ж у Вільні прайшла канферэнцыя «Беларусь – Літва: у будучыню праз агульныя каштоўнасці» з удзелам прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў ды літоўскіх палітыкаў. У выніку бакі задэкларавалі цвёрдыя намеры супрацоўнічаць.

Аляксандр Дабравольскі перакананы, што адзіны сродак развязання праблемаў у гэтых стасунках – дыялог на палітычным узроўні, і ён ідзе:

«Ёсць група "За дэмакратычную Беларусь", праца з рознымі палітычнымі партыямі, зараз будзе новы ўрад, у нас ёсць дамоўленасць, што мы свае праблемы будзем з імі абмяркоўваць».

Але Літва не адзіная краіна, дзе беларусы сутыкаюцца з адмовамі ў атрыманні прытулку. Гэтак, паводле праваабаронцы Рамана Кісляка, за пяць гадоў каля 70 нашых суайчыннікаў спрабавалі атрымаць абарону ў Грузіі. Амаль палове было адмоўлена.

Таксама глядзіце ў сюжэце:

Аліна Скрабунова, «Белсат»

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10