навіны

Расследаванне катастрофы самалёта ў Вільні: доказаў тэракту няма

Абломкі грузавога самалёта кампаніі DHL, які ўпаў каля жылога дому ў Вільні
Абломкі грузавога самалёта кампаніі DHL, які ўпаў каля жылога дому ў Вільні. На борце былі чатыры асобы: два пілоты і два працаўнікі. У лякарню даставілі двух пацярпелых, адзін чалавек загінуў. Вільня, Літва. 25 ліcтапада 2024 года. Фота: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Прычыны падзення самалёта DHL у Вільні, якое адбылося 25 лістапада, дагэтуль застаюцца невядомымі, аднак афіцыйныя асобы ўсё часцей кажуць, што прычынай катастрофы былі тэхнічныя няспраўнасці і, магчыма, памылкі пілотаў, піша LRT.

Імавернасць тэракту, аднак, дагэтуль не выключаная, але ў афіцыйных заявах падкрэсліваецца, што доказаў гэтага пакуль няма.


Грузавы самалёт іспанскай авіякампаніі «Swiftair» вылецеў з Ляйпцыгу раніцай у панядзелак, 25 лістапада. Больш чым праз гадзіну лятак дасягнуў Вільні. Пасля таго як самалёт завяршыў дугу вакол літоўскай сталіцы, цэнтр кіравання палётамі даў экіпажу каманду звязацца з Віленскай вежай, але пілот пры паўтарэнні частаты прапусціў адну лічбу, піша LRT.


Эксперты не лічаць гэта прынцыпова важным непаразуменнем, аднак мяркуюць, што яно ўнесла хаос і напружанне ў працу пілотаў.


Адмыслоўцы, якія назіралі за зніжэннем самалёта, не выключаюць і праблемаў з сістэмай пры вызначэнні траекторыі, паводле якой самалёт зніжае вышыню. Апошняя зафіксаваная хуткасць самалёта на вышыні некалькіх сотняў метраў складала 277 км/г, што крыху вышэй за звычайную.

,,

«Хуткасць была вышэйшая, але мы не можам сказаць, што гэта было штосьці крытычнае. Гэтая хуткасць магла залежаць ад мноства рэчаў. Ад вагі самалёта, ад траекторыі прызямлення», – кажа дацэнт Інстытуту авіяцыі імя А. Густайціса Домантас Бручас.


Абломкі грузавога самалёту кампаніі DHL, які ўпаў каля жылога дому ў Вільні. На борце знаходзіліся былі 4 асобы: 2 пілоты і 2 працаўнікі. У лякарню даставілі дваіх пацярпелых, адзін чалавек загінуў. Вільня, Літва. 25 ліcтапада 2024 года. Фота: Белсат

Авіякатастрофу ў Вільні будуць расследаваць эксперты з Нямеччыны, Іспаніі і ЗША

навіны

Апрача таго, эксперты звяртаюць увагу на нос самалёта, які перад катастрофаю падняўся.


«У апошні момант яны нібы спрабуюць падняць нос самалёта, каб выцягнуць яго, але, відавочна, было ўжо занадта позна», – кажа авіяцыйны эксперт Відас Каўпяліс.


Адмыслоўцы згодныя ў адным: штосьці адбылося раптоўна.


«Тое, што адбылося на апошнім этапе палёту самалёта і сталася прычынай аварыі, было для экіпажу нечаканым, інакш яны б паведамілі пра гэта», – зазначае Каўпяліс.


Такой нечаканай падзеяй маглі быць дыверсія ці тэрарыстычны акт.

,,

«Мы не можам гэтага выключыць, але, як я ўжо сказаў, мы не можам рабіць ніякіх высноваў, пра гэта няма ніякай інфармацыі», – тлумачыць Дарус Яўнішкіс, кіраўнік Дэпартаменту дзяржаўнай бяспекі Літвы.


Ратаўнікі працуюць на месцы падзення самалёта «Boeing 737-400» у Вільні, Літва. 25 лістапада 2024 года. Фота: Белсат

Што вядома пра падзенне грузавога самалёта ў Вільні: загінуў грамадзянін Іспаніі, не выключаюць тэракту

навіны

Падазрэнні пра тэракт узніклі праз тое, што ўлетку ў Нямеччыне і Вялікай Брытаніі загарэліся грузы, адпраўленыя кампаніяй DHL з Літвы. Выведка звязала тыя падзеі з Расеяй. Аднак следчыя падкрэсліваюць, што выбуху перад падзеннем самалёта на зямлю не было.


«Пакуль у нас няма доказаў незаконнага ўмяшання ў авіяцыйную дзейнасць ці пажару ўнутры самалёта», – кажа Лаўрынас Наўёкайціс, кіраўнік аддзелу расследавання авіяцыйных здарэнняў і інцыдэнтаў.


Пасля першых размоваў з чальцамі экіпажу, якія выжылі пасля аварыі, дыверсія выглядае ўсё менш верагоднай.


«У іх таксама не было ніякіх перасцярогаў, што ўнутры штосьці адбываецца: ці быў дым, хаос, нейкі пах. Такіх звестак няма», – падкрэслівае Лаўрынас Касчунас, часовы міністр абароны Літвы.


Перашкоды GPS таксама малаімаверныя, хоць у тую раніцу яны былі.


«Сувязь GPS, якая для гэтага самалёта непатрэбная, бо выкарыстоўваецца іншая сістэма, у момант пасадкі працавала», – запэўнівае Вілмантас Віткаўскас, начальнік літоўскага Цэнтру кіравання крызіснымі сітуацыямі.


Цяпер вядзецца расследаванне ў тым ліку па факце неасцярожных паводзінаў. Са словаў Артураса Урбяліса, пракурора Генеральнай пракуратуры Літвы, першапачаткова сабраная інфармацыя не ўказвае на неабходнасць расследавання больш сур’ёзнага крымінальнага злачынства. Асноўныя версіі прычыны катастрофы – стомленасць пілотаў, бо яны ляцелі ноччу, і тэхнічныя непаладкі. Большую яснасць павінны ўнесці вынікі вывучэння чорных скрыняў.


Расследаваннем падзення самалёта займаюцца крымінальная паліцыя Літвы і незалежныя эксперты ў галіне бяспекі палётаў. Акрамя таго, 20 следчых прыбылі з Нямеччыны і Іспаніі.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10