29 лістапада каля 11:40 на аўтабане ВАВ1 каля гораду Мэхэрніх у зямлі Паўночны Рэйн – Вэстфалія адбылася аварыя, у якой загінулі два чалавекі. Пасля здарэння шукалі ўдзельніка ДТЗ з беларускім грамадзянствам. 1 снежня нямецкая паліцыя паведаміла, што яго затрымалі.
Паводле папярэдніх звестак, фура з 38-гадовым беларусам за стырном перастроілася ў левую паласу, па якой у той момант рухаўся мікрааўтобус «Ford Transit». Аўтобус у той жа момант сутыкнуўся з прыпаркаваным на ўзбоччы іншым цяжкавіком – яго 27-гадовы кіроўца спыніўся праз рэзкае пагаршэнне самаадчування і тэхнічную няспраўнасць.
33-гадовы пасажыр «Ford» у выніку лабавога ўдару загінуў на месцы. Яшчэ адзін 52-гадовы пасажыр пазней памёр у лякарні ў выніку атрыманых траўмаў. 48-гадовы кіроўца мікрааўтобуса дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя з сур’ёзнымі раненнямі.
Кіроўца фуры тым часам працягнуў рух і з’ехаў з месца здарэння, аднак праз некалькі дзён яго затрымала паліцыя. Высветлілася, што мужчына – грамадзянін Беларусі. 1 снежня яго мусілі судзіць. Ці адбыўся суд і якія яго вынікі, не паведамляецца.
Цяпер вядзецца расследаванне і высвятляецца, ці сапраўды дзеянні кіроўцы-беларуса мелі дачыненне да аварыі і ці было сутыкненне паміж фураю і мікрааўтобусам.
Марыя Міхалевіч belsat.eu