Жыхары Горадні размесцілі на сайце petitions.by петыцыю, адрасаваную гарадскім уладам, з просьбай усталяваць памятную шыльду на доме па адрасе вуліца Вялікая Траецкая, № 28, дзе з 1958 года жыў пісьменнік Васіль Быкаў. Выканкам адказаў, што гэта немагчыма.
Аўтары петыцыі пішуць пра важнае месца асобы і творчасці Васіля Быкава ў беларускай літаратуры і зазначаюць, што ягоны ўнёсак у нашую культуру адпавядае крытэрам для ўшанавання памяці праз усталяванне шыльды, прапісаныя ў Пастанове Савету Міністраў Беларусі № 1372 ад 19 верасня 2008 года «Аб парадку стварэння (рэканструкцыі) і прыёмкі твораў манументальнага і манументальна-дэкаратыўнага мастацтва».
«Васіль Быкаў унёс неацэнны ўклад у беларускую літаратуру і сусветную культуру праз свае творы пра вайну, гуманізм і чалавека на мяжы жыцця і смерці. Яго творы, такія як «Сотнікаў» і «Знак бяды», вывучаюцца і перакладаюцца па ўсім свеце. Захаванне памяці пра такога пісьменніка праз усталяванне мемарыяльнай шыльды з'яўляецца важным крокам для ўмацавання культурнай спадчыны Беларусі», – гаворыцца ў петыцыі.
Гарадзенцы сцвярджаюць, што «адсутнасць мемарыяльнай шыльды перашкаджае належнаму ўшанаванню яго ўкладу ў беларускую і сусветную літаратуру». Таксама, паводле аўтараў звароту, усталяванне шыльды стварыла б у горадзе важны культурны аб’ект.
29 лістапада Гарадзенскі выканкам адказаў, што шыльды не будзе, бо на яе няма грошай.
«Разліковымі паказчыкамі па г. Горадня не прадугледжана фінансаванне расходаў на стварэнне аб’ектаў манументальнага мастацтва ў горадзе, у тым ліку стварэнне мемарыяльнай або памятнай шыльды ў памяць Васіля Быкава. У сувязі з адсутнасцю дадатковых крыніцаў фінансавання прадугледзець сродкі на вышэйназваныя мэты не ўяўляецца магчымым», – пішуць у адказе, падпісаным намесніцай старшыні гарвыканкаму Зояй Кулешай.
У дакуменце адзначаецца, што ў студзені 2023 года ў літаратурным аддзеле Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музею пашыраная экспазіцыя, прысвечаная Васілю Быкаву, дзе экспануюцца асабістыя рэчы пісьменніка.
Улетку 2024 года гарадзенцы збіралі подпісы за ўсталяванне помніка Васілю Быкаву, аднак выканкам тады адказаў, што гэта не ўваходзіць у кампетэнцыю гарадскіх уладаў.
Марыя Міхалевіч belsat.eu