навіны

Уначы ў Беларусь залятаў 31 «шагэд»

Выява беспілотніка «Shahed-136», створаная штучным інтэлектам. Фота: israelnoticias.com / Public Domain / commons.wikimedia.org
Выява беспілотніка «Shahed-136», створаная штучным інтэлектам. Фота: israelnoticias.com / Public Domain / commons.wikimedia.org
podpis źródła zdjęcia

Цягам ночы з 1 на 2 снежня зафіксаваны 31 заход у паветраную прастору Беларусі расейскіх беспілотнікаў тыпу «Шагэд».

На тэрыторыю нашай краіны дроны-камікадзэ траплялі з Украіны і Расейскай Федэрацыі, піша маніторынгавая група «Беларускі Гаюн». 

Як адзначаецца, дроны праходзілі праз «беларускі калідор» і заляталі ў кірунку Лоева, Брагіна, Рэчыцы, Мазыра, Гомля і Хойнікаў. Адзін з дронаў некалькі разоў перасякаў паветраную прастору паміж Расеяй і Беларуссю і ў выніку вярнуўся ў РФ. 

Першы з заходаў быў зафіксаваны а 23:03 1 снежня. Далей яны трывалі цягам ночы і спыніліся толькі пасля чацвёртай гадзіны раніцы. 

Дзяжурная авіяцыя ВПС РБ у неба не ўздымалася. Як паведамляюць ПС Збройных сілаў Украіны, цягам гэтай ночы над тэрыторыяй Беларусі і Расеі лакацыйна былі згубленыя 6 беспілотнікаў.

Схема заходаў «Шагэдаў» на тэрыторыю Беларусі ўначы з 1 на 2 снежня. Фота: «Беларускі Гаюн»
Схема заходаў «Шагэдаў» на тэрыторыю Беларусі ўначы з 1 на 2 снежня. Фота: «Беларускі Гаюн»

Апошнім часам колькасць расейскіх дронаў, што заходзяць на тэрыторыю Беларусі, істотна павялічылася. Уначы з 24 на 25 лістапада была зафіксаваная рэкордная колькасць заходаў «Шагэдаў» на тэрыторыю нашай краіны – 38.

Пры гэтым беларускія ўлады, як правіла, або ніяк не каментуюць гэтыя інцыдэнты, або даюць сухія кароткія паведамленні. Жыхары паўднёвых раёнаў выказвалі занепакоенасць з нагоды заходаў беспілотнікаў і нават пісалі ліст у органы ўлады з просьбаю абараніць іх і іхных дзяцей ад магчымых наступстваў падзення дронаў. Аднак у адказ атрымалі дзяжурныя адпіскі з паведамленнямі пра тое, што ўсе неабходныя захады прымаюцца. 

У той жа час вядомыя выпадкі, калі людзей, якія здымалі дроны на відэа і выкладвалі ў інтэрнэт, прыходзілі затрымліваць узброеныя сілавікі. 

Раман Шавель belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10