«Белсат» падрыхтаваў адвэнт-каляндар, і з 1 да 25 снежня штодзень вы зможаце адкрываць новыя цікавінкі пра славутых беларусаў і беларусак.
Нагадваем, што кожнага з іх чакае тузін традыцыйных пытанняў і адно пытанне-неспадзяванка. Кім бы хацелі апрануцца на святы нашыя госці? Які галоўны шчаслівы момант і фэйл здарыўся з імі?
Цікава? Тады глядзіце святочную анкету і трымайце добры настрой!
№ 3 у нашым святочным календары – Аляксандр Ждановіч, вядомы кожнаму беларусу вобразам Маляваныча, вядоўцы дзіцячай праграмы «Калыханка». Аляксандр – былы вядучы майстар сцэны Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Горкага і мастацкі кіраўнік Міжнароднага каляднага фестывалю батлеечных і лялечных тэатраў «Нябёсы». У 2022-м пераехаў у Грузію, з 2024-га жыве ў Польшчы.
13 шчырых адказаў Аляксандра глядзіце ніжэй.
1. Галоўная падзея года для вас: Пераезд на сталае жыццё ў Польшчу
2. Апішыце гэты год адным словам: Працяг
3. Якім персанажам на Каляды вы б апрануліся? Зорканошам*
4. Самы шчаслівы момант 2024 года: Калі сын выйшаў на волю
5. А галоўны фэйл? Лічу за лепшае на іх не засяроджвацца
6. Якая беларуская навіна ўразіла вас больш за ўсё ў гэтым годзе? Усе навіны пра беларускую салідарнасць і дапамогу адно аднаму
7. Хто з беларусаў стаў для вас асабістым адкрыццём года? Хутчэй, калектыўны вобраз беларусаў ЗША і палітвязняў унутры краіны. А таксама Вольга Ермалаева Франко*
8. Якія песні гучалі ў вас часцей за ўсе? «Don't Worry, Be Happy» (Bobby McFerrin), «Let It Be» (The Beatles)
9. З кім з беларусаў вы б вельмі хацелі пазнаёміцца? Такое адчуванне, што віртуальна знаёмы ўжо з усімі. Але хацеў бы мець магчымасць бліжэй пазнаёміцца з Сашай Герасіменяй*, Аляксандрам Кныровічам*, Альгердам Бахарэвічам* і шматлікімі іншымі
10. Ваш любімы калядны фільм? Для мяне галоўным навагоднім фільмам застаецца «Іронія лёсу»
11. Роля вашай мары ў тэатры? Хачу ўзнавіць у 2025 годзе монаспектакль «Маленькі прынц»
12. Ваша мара на наступны год? Дажыць!!!
13. Вашыя пажаданні беларусам у новым годзе: Не забываць, што святло і дух унутры мацнейшы і важнейшы за знешнія абставіны жыцця
*Зорканоша – галоўны сярод калядоўнікаў, які ідзе першы і нясе зорку
*Вольга Ермалаева Франко – актывістка беларускай дыяспары і прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Бразіліі, выкладчыца беларускай, партугальскай, украінскай, англійскай і расейскай моваў
Аляксандра Герасіменя – трохразовая алімпійская чэмпіёнка ў плаванні
Аляксандр Кныровіч – беларускі прадпрымальнік і бізнес-ментар
Альгерд Бахарэвіч – беларускі пісьменнік
Паглядзець папярэднія адказы можна тут, а заўтра вас зноў чакае новае акенца адвэнт-календара і новы герой. Не пераключайцеся!
Тэса Анэйда belsat.eu