навіны

Бондарава запрасіла ГУБАЗіК на адкрыццё выставы мастака Сушы. Выставу адмянілі

Вольга Бондарава, гарадзенская актывістка, прыхільніца Лукашэнкі. (Калаж: Аліса Ганчар / Белсат)
Вольга Бондарава, гарадзенская актывістка, прыхільніца Лукашэнкі. (Калаж: Аліса Ганчар / Белсат)
podpis źródła zdjęcia

Гэтым разам вядомая сваімі даносамі прарасейская актывістка Вольга Бондарава паскардзілася на музей Янкі Купалы, дзе сёння, 1 снежня, мелася адкрыцца выстава мастака Алеся Сушы. Бондарава ўжо запрасіла на адкрыццё выставы ГУБАЗіК.

Адкрыццё выставы жывапісу мастака Алеся Сушы пад назваю «Добры вечар добрым людзям!» было запланаванае на15:00 1 снежня у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

«Выставачны праект ладзіцца напярэдадні любімых навагодніх святаў і ахоплівае ўсе дні Калядаў. Ягоная назва – традыцыйныя вітальныя словы калядоўшчыкаў. Мэта прадставіць даўнія звычаі і абрады беларусаў», – анансуе выставу мастака музей імя Янкі Купалы.

Але ўмяшалася Вольга Бондарава, якая ўжо абразіла і мастака, і дзяржаўны музей, і Міністэрства культуры.

«Нацысцкі прыхвасцень адкрывае выставу ў Дзяржаўным літаратурным музеі ім. Я. Купалы. Пры спрыянні Міністэрства культуры, суграмадзяне. Бо ўпэўнены, што яму нічога не будзе за падтрымку бандэраўцаў, якія забіваюць расейскіх людзей у Наваросіі. Мінкульт, ты неверагодны! Запрашаю таварышаў з ГУБАЗіК наведаць гэтае мерапрыемства. Там мусіць быць вельмі цікава. Пачатак а 15-й гадзіне, калі не памыляюся. Калі не адменяць», – піша Бондарава ў сваім тэлеграм-канале.

Падобна на тое, што прапагандыстка ўпэўненая, што праз ейны данос выставу мастака адменяць.

Абноўлена. У выніку, як высветліла выданне «Наша Ніва», выставу ўсё ж адмянілі – у чыноўнікаў з Міністэрства культуры не хапіла смеласці супрацьстаяць даносчыцы. 

Але, як адзначае выданне, Бондарава на гэтым не спынілася і цяпер патрабуе ад музея шыльды, напісанай па-расейску.

«Звярніце ўвагу, суграмадзяне, на мовы, якімі напісана назва музею: гэта англійская і беларуская. Расейскай няма. Вось такі вось у нас неверагодна-каланіяльны білінгвізм, суграмадзяне. Цалкам супярэчыць Канстытуцыі краіны. Але каго ў Мінкульце хвалююць такія «дробязі»?» – цытуе выданне Вольгу Бондараву.

Надзея Вольная belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10