Спевака Івана Вабішчэвіча, вядомага як Дзядзя Ваня, будуць судзіць за «ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак», паведамляюць праваабаронцы. Падобна, ён быў затрыманы яшчэ ў верасні, але пра гэта сталася вядомым напачатку лістапада. Пра гэта – у аглядзе фактаў рэпрэсіяў, што не сціхаюць у Беларусі пяты год.
Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», на гэтым тыдні ў судах у Беларусі разгледзелі 52 палітычныя справы, у якіх было 65 фігурантаў. Мінімальна 12 працэсаў праходзілі ў закрытым рэжыме. Бальшыня справаў – паводле «народнага» артыкулу аб групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскім парадак». За «здраду дзяржаве» на тыдні судзілі мінімум 6 чалавек.
Разгляд справы Дзядзі Вані пачнецца 10 снежня ў судзе Партызанскага раёну Менску. Івана Вабішчэвіча абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах. Працэс будзе весці суддзя Вольга Царык.
Інфармацыя пра арышт артыста з'явілася 5 лістапада, але тады быў не вядомы артыкул, які яму закідаюць.
Паводле неафіцыйных звестак, у сілавікоў і раней узнікалі пытанні да Вабішчэвіча, але прэтэнзіі нібыта ўдалося ўрэгуляваць. Гэта дазволіла артысту працягнуць музычную кар'еру, што праўда збольшага ў Расеі.
Сілавікі прыйшлі з ператрусам да 85-гадовай бабулі былога журналіста «Белсату» Сяргея Скулаўца. Ён напісаў пра гэта ў Facebook, назваўшы «гасцей» «клоўнамі ў форме»:
«Клоўны ў форме, якія носяць пагоны і называюць сябе следчымі і работнікамі КДБ, наведаліся з ператрусам да маёй бабулі!!! Ёй 85 гадоў. Ператрус адбываўся ў Столінскім раёне ў вёсцы Хорск. Сутнасць прэтэнзіяў і нагода ператрусу з боку клоўнаў засталася невядомай, але няўрымсліва шукаюць мяне. Перагледзелі мабільнікі, задавалі нейкія пытанні, а потым самыя ж на іх адказвалі і нешта запісвалі. Бацька ж сказаў, што ў гэтым доме няма аніякіх маіх рэчаў, але гэта клоўнаў зусім не цікавіла».
Скулавец таксама паведаміў, што днямі да родных пачалі званіць асобы, якія называліся супрацоўнікамі дэпартаменту фінансавай бяспекі і якія пыталі, дзе падзеўся іх сваяк, маўляў, не могуць дазваніцца.
«Непаважаныя клоўны, я ж не хаваюся, у сацсетках ёсць усе мае кантакты, можаце смела пісаць і задаваць свае ідыёцкія пытанні наўпрост», – напісаў журналіст.
Сяргей Скулавец уцёк з Беларусі ў чэрвені летась, атрымаўшы папярэджанне аб затрыманні, што рыхтавалася, і пераехаў у ЗША.

У Гомельскім абласным судзе 12 снежня пачнуць разглядаць справу бізнесоўцы Мікалая Юшчанкі. Яго абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве» і «абразе Лукашэнкі». Паводле гэтых артыкулаў мужчыне пагражае да 19 гадоў калоніі. Працэс будзе весці суддзя Вадзім Бобыраў.
Апошні прысуд Паліне Шарэндзе-Панасюк не задаволіў ані яе, ані пракуратуру: 13 снежня ў Гомельскім абласным судзе разгледзяць апеляцыю палітзняволенай, аднак адначасова і абласная пракуратура абскарджвае вырак. Праваабаронцы «Вясны» мяркуюць, што дзяржаўны абвінаваўца намагаецца даўжэйшага тэрміну.
15 кастрычніка рэчыцкі суддзя Станіслаў Іванюценка дадаў спадарыні Паліне 1 год калоніі. Гэта быў ужо трэці прысуд паводле артыкулу аб «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы».
Тым часам у Менску ў судзе Першамайскага раёну разгледзяць скаргу Змітра Дашкевіча на вырак у 1 год 3 месяцы паводле абвінавачванняў у «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак» і «злосным непадпарадкаванні адміністрацыі папраўчай установы». Пасяджэнне адбудзецца 10 снежня. Старшыня судовай калегіі – Сяргей Кацар.
У ліпені пазалетась палітвязню прызначылі 1,5 года калоніі за ўдзел у акцыі пратэсту 23 жніўня 2020 года.
Сцяпан Кубік belsat.eu