Калі разглядаць уварванне СССР у Фінляндыю ў 1939 годзе і ўварванне Расеі ва Украіну ў 2022 годзе, узнікаюць паралелі і пытанні. Адно з іх – чаму сталінскі СССР праз агрэсію супраць Фінляндыі выключылі з Лігі Нацыяў, а пуцінская Расея дагэтуль застаецца краінай – сябрам ААН?
Савецкае ўварванне ў Фінляндыю 1939 года
30 лістапада 1939 года Чырвоная армія ўварвалася ў Фінляндыю. Гісторыя пра агрэсію Сталіна супраць Фінляндыі застаецца нязручнай для сённяшняе расейскае дзяржавы. Паводле меркавання былога сталага прадстаўніка Польскай акадэміі навук пры Расейскай акадэміі навук, польскага гісторыка Мар’юша Воласа:
,,«Да 1991 года гаварыць пра гэтую вайну ў Савецкім Саюзе было забаронена. Дый потым пра яе гаварылі не так і шмат. Хаця ёсць некалькі добрых кніг. І цяпер гэта не самая зручная тэма. Калі пуцінская прапаганда хоча паказаць Савецкі Саюз, Расейскую імперыю, а цяпер Расейскую Федэрацыю толькі як пераможцу, вызваленца. Тое, што адбылося ў 1939–1940 гадах, не ўпісваецца ў гэта».

Каб неяк апраўдацца, СССР інсцэнізаваў правакацыю, быццам фінскія войскі абстралялі савецкую вайсковую частку ў вёсцы Майніла. Таксама Масква тлумачыла свае дзеі дапамогаю ўраду «Фінляндскай дэмакратычнай рэспублікі», створанаму на наступны дзень, 1-га снежня, у акупаваным савецкімі войскамі горадзе Тэрыёкі. Паводле савецкай версіі, урад з Хельсінкі ўцёк, у Фінляндыі ідзе грамадзянская вайна і ўрад ФДР пад кіраўніцтвам камуніста Ота Куўсінэна – гэта адзіны законны фінскі ўрад.
Падмануць фінаў не ўдалося.
,,«Чыннік поспеху фінскага супраціву – гэта баявы дух фінскага жаўнера і народу. Нават камуністы сталі на абарону Радзімы супраць нахабнага ўварвання. Усе разумелі, што словы савецкага боку – гэта падман. Ілжывая савецкая прапаганда казала пра фінскую рэвалюцыю. Хаця ўсе ведалі, што ніякай рэвалюцыі няма. Савецкая прапаганда аспрэчвала навіны пра бамбаванні фінскіх гарадоў, хаця фіны на ўласныя вочы гэта бачылі», – кажа прафесар Хельсінкскага ўніверсітэту Тыма Віхавайнэн.

СССР выключылі з Лігі Нацыяў за распальванне вайны
Аргументы Сталіна і ягоных прапагандыстаў не пераканалі ані фінаў, ані іншыя народы. Агрэсія Савецкага Саюзу супраць Фінляндыі перакрэсліла не толькі ўсе міжнародныя пакты і дамовы, але і сам статус Лігі Нацыяў як арганізацыі. Дарэчы, СССР быў прыняты ў міжнародны альянс у 1934 годзе і, так бы мовіць, пратрымаўся адну пяцігодку.
Такім чынам, СССР стаўся адзінаю краінаю, што выключылі з Лігі Нацыяў. Тая ж Нямеччына Гітлера, Японія імператара Хірахіто ды Італія Мусаліні пакінулі міжурадавую арганізацыю ў 1933 і 1937 гадах. Ліга Нацыяў, што была заснаваная ў 1920 годзе на Парыжскай мірнай канферэнцыі пасля завяршэння Першай сусветнай вайны, не здолела выканаць сваю асноўнаю задачу: падтрыманне міру паміж краінамі.
,,«Тое, што адбылося ў лістападзе – снежні 1939 года, з гледзішча міжнароднага права, было недапушчальным для ўсіх, таму яе ўдзельнікі, у тым ліку і польскі прадстаўнік, прагаласавалі за тое, каб выключыць Савецкі Саюз з Лігі Нацыяў. Гэта было зразумела для ўсіх, – кажа кракаўскі прафесар Волас. – Але хачу звярнуць вашую ўвагу, што Савецкі Саюз не выключылі з Жэневы [Лігі Нацыяў – заўв. «Белсат»] пасля агрэсіі супраць Польшчы ў 1939 годзе, з невядомых для мяне як гісторыка дыпламатыі прычынаў».
Ліга Нацыяў асудзіла ўварванне ў Фінляндыю і толькі пасля наважылася выключыць СССР са свайго складу і рэкамендавала ўсім сваім сябрам аказаць фінам дапамогу.
Міжнародная дапамога Фінляндыі была абмежаваная. Сярод іншага, для падтрымання Фінляндыі ў Францыі была сфармаваная польская брыгада пад камандаваннем генерала
Зыгмунта Богуша-Шышкі (1893–1982). Але польскія жаўнеры не паспелі прыйсці на дапамогу фінам супраць Чырвонай арміі. У красавіку 1940 года яны бралі ўдзел у баях супраць немцаў у Нарвегіі, на поўначы, у ваколіцах гораду Нарвік. Тым не менш фінскае войска здолела выйграць час, запаволіць савецкі наступ і нанесці захопнікам цяжкія страты.
Чаму Расея ўсё яшчэ сябра ААН?
Чаму Уладзімір Пуцін можа парушаць міжнароднае права і падпісаныя дамовы? Чаму Расея дагэтуль застаецца сябрам ААН, «спадчынніцы» Лігі Нацыяў?
,,«Ніхто [і пасля анексіі Крыму – заўв. «Белсат»] і сёння не хоча выключаць Расейскай Федэрацыі з ААН. Гэта таксама цікава. Але пасля нападу на Фінляндыю Савецкі Саюз быў выключаны, бо гэта ішло ўразрэз з тагачасным міжнародным правам, незалежна ад таго, што Ліга Нацыяў ужо на той момант нічога не вызначала», – адказвае прафесар Волас.

Пытанне, чаму РФ дагэтуль у ААН, застаецца рытарычным. Усцяж трывае рызыка, што Расея будзе пагрозаю для Украіны нават у выпадку нейкага перамір’я, мяркуе былы дарадца міністра абароны Украіны ў справах ветэранаў Васіль Паўлаў.
,,«Але мы дакладна разумеем, што пасля заканчэння актыўнай фазы баявых дзеяў мы будзем увесь час у стане перманентнае вайсковае пагрозы ад Расеі. Нам трэба рыхтавацца да наступнай вайны, бо расейцы, пакуль гэтая дзяржава будзе існаваць у тым выглядзе, у якім яна існуе цяпер, не супакояцца», – кажа спадар Паўлаў.

Пра іншыя паралелі паміж Зімовай вайною 1939-га і расейскім уварваннем ва Украіну 2022 года дыскутавалі госці праграмы «Інтэрмарыюм». Напрыклад, што такое «фінляндызацыя», як яна спрацавала для Фінляндыі ХХ стагоддзя, зрабіўшы яе заможным краем, і чаму не пасуе Украіне. Ці можна параўнаць фігуры Карла Густава Манэргэйма з Валерам Залужным. Якія метады вядзення вайны дазваляюць паспяхова супрацьстаяць на зямлі, у паветры і на вадзе значна мацнейшаму ворагу. Падрабязней – у праграме «Інтэрмарыюм».