Стаміліся ад дрэнных навінаў кожную раніцу? Вось вам крыху святочнай магіі! «Белсат» падрыхтаваў калядны адвэнт-каляндар, і з 1 снежня вы зможаце штодзень адкрываць новыя цікавінкі пра вядомых беларусаў і беларусак.
Кожнага з іх чакае тузін традыцыйных пытанняў і адно пытанне-неспадзяванка. Кім бы хацелі апрануцца на святы нашыя госці? Якія песні ў гэтым годзе гучалі ў іх найчасцей? Які галоўны фэйл здарыўся з імі?
Цікава? Тады глядзіце святочную анкету і трымайце добры настрой ужо зараз!
Адкрывае наш каляндар былая акторка Купалаўскага тэатру Крысціна Дробыш. У 2020 годзе яна разам з трупай з'ехала ў Варшаву, а цяпер вядзе падзеі, прадзюсуе і агучвае аўдыякнігі на беларускай мове (паслухаць некаторыя можна тут).
Вось 13 шчырых адказаў Крысціны:

1. Галоўная падзея гэтага года для вас: Выданне альбому «Пазначаныя жоўтым»*
2. Апішыце гэты год адным словам: «Ого» альбо «Пу-пу-пу-пу-пу…»
3. Якім персанажам на Каляды вы б апрануліся? Канапай з цёплай коўдраю насупраць класнага серыялу
4. Самы шчаслівы момант 2024 года: Сустрэча з каханнем
5. А галоўны фэйл: Дэдлайны-ы-ы-ы-ы
6. Якая навіна пра Беларусь/беларусаў уразіла вас больш за ўсё ў гэтым годзе? Прызнанне «экстрэмістамі» былой трупы Нацыянальнага тэатру імя Янкі Купалы – «Купалаўцаў»
7. Хто з беларусаў зрабіўся для вас асабістым адкрыццём года? Цёця Жанна ў касцюме баранавіцкай суддзі, якая абазвала мяне «экстрэмісткаю»*
8. Якая песня ў вас гучала часцей за ўсё ў гэтым годзе? Усе песні гурта «AKUTE»
9. З кім з беларусаў вы яшчэ не знаёмыя, але вельмі хацелі б пазнаёміцца? З Палінай Шарэндай-Панасюк*
10. Ваш любімы калядны фільм: «Чын-чыны ў краіне цудаў», канешне
11. Вашая мара на наступны год: Навучыцца адпачываць і замуціць яшчэ адзін амбітны праект
12. Якую кнігу вы марыце запісаць? «Ззянне» Стывэна Кінга і кнігу пра секс на беларускай мове
13. Што б вы хацелі пажадаць беларусам у новым годзе?
Make love, not war, і паспець пажыць гэтае жыццё, бо гэтае кіно можа скончыцца ў любы момант
* Альбом «Пазначаныя жоўтым» створаны групай творцаў і Праваабарончым цэнтрам «Вясна» і прысвечаны ўсім палітвязням Беларусі. Выйшаў 19 лістапада 2024 года.
* Паліна Шарэнда-Панасюк – грамадская актывістка і палітзняволеная з Берасця. Застаецца за кратамі амаль чатыры гады.
А ўжо заўтра вас чакаюць новае акенца адвэнт-календара і новы герой. Не пераключайцеся!
Тэса Анэйда belsat.eu