Блогера Уладзіслава Алійнічэнку, або crawly_possessed, дэпартавалі ва Украіну, забараніўшы яму ўезд у Шэнгенскую зону цягам 10 гадоў.
Аб затрыманні патастрымера, папулярнага ў «TikTok» і «Instagram», стала вядома ў пятніцу, 29 лістапада.
Як паведаміў прэс-сакратар міністра – каардынатар спецслужбаў і кіраўніка МУС Польшчы Яцэк Дабжыньскі, хлопец пасля затрымання быў перададзены супрацоўнікамі Памежнай службы, якія «на падставе яго рэгістрацыі ў Шэнгенскай інфармацыйнай сістэме распачалі дзеянні па яго высылцы з Рэспублікі Польшча».
Сёння ў пасце ў сацыяльнай сетцы «Х» Яцэк Дабжыньскі напісаў, што Уладзіслаў Алійнічэнка ўжо вярнуўся ва Украіну. «Мае забарону паўторнага ўезду ў зону Шэнген цягам найбліжэйшых дзесяці гадоў», – адзначыў прэс-сакратар міністра.
Блогер вядомы тым, што пераапранаецца ў гнома і на кукішках бегае па гандлёвых цэнтрах, часта ўладкоўваючы беспарадак і замінаючы супрацоўнікам працаваць. Сам ён распавядаў у сваім блогу, што неяк прасядзеў адзін дзень у зняволенні ў Польшчы за свае відэа.
Як паведамляе «TVN24», падчас адной з апошніх сваіх выхадак ён абліў мінака з вогнетушыцеля.
Раней прадстаўнікі Цэнтру маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў звярнуў увагу на блогера.
Раман Шавель belsat.eu