Да 1 снежня беларускія Узброеныя сілы атрымаюць у выкарыстанне мабільны камплект сувязі айчыннай вытворчасці, які называюць аналагам «Starlink».
Пра гэта ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў начальнік сувязі Узброеных сілаў Беларусі Вадзім Раманіў.
Паводле Раманіва, гэты апарат быў прэзентаваны Аляксандру Лукашэнку яшчэ ў 2023 годзе, тады яго называлі аналагам «Starlink».
«Сёлета мы ў выніку дапрацавалі гэты камплект практычна да дасканаласці і палепшылі яго якасць, а таксама колькасць паслуг, якія ён надае», – адзначыў Раманіў.
Паводле яго, да пачатку новага навучальнага года, які ў беларускім войску лічыцца з 1 снежня, апарат будзе перададзены ва Узброеныя сілы Беларусі.
Падчас прэзентацыі камплекта сувязі Лукашэнку распрацоўнікі заяўлялі, што сістэма, акрамя сувязі, дае яшчэ доступ да інтэрнэту.
«Дзесьці ў Мeнску пункт доступу ў інтэрнэт: ён транслюецца праз станцыю спадарожнікавай сувязі, выходзіць сюды і праз роўтар Wi-Fi раздае інтэрнэт», – так тады тлумачыў Лукашэнку прынцып работы прыбора вайсковы спецыяліст.
Раман Шавель belsat.eu