ГУБАЗіК стаў радзей паказваць «пакаяльныя відэа», але гэта не азначае змяншэння рэпрэсіяў. Той жа ГУБАЗіК выклаў у сваім тэлеграм-канале пагрозу блогеру Мікіце Мелказёраву, а ў Беларусі папоўніліся спісы палітвязняў і «экстрэмістаў». Больш падрабязна пра гэта і іншыя парушэнні правоў у Беларусі ў штодзённым аглядзе.
ГУБАЗіК пужае Мікіту Мелказёрава тым, што ператрусы і допыты яго родных будуць праведзеныя «с особым пристрастием», а дома ў яго зладзяць «квартэрнае пытанне», то бок папросту пагромяць жытло. Абурэнне ГУБАЗіКа выклікала тое, што Мелказёраў назваў партыйнага дзеяча часоў СССР Панцеляймона Панамарэнку «кавалкам лайна».
ГУБАЗіК таксама працягвае рэпрэсіі на падставе таго, што знаходзіць у Інтэрнэце. ГУБАЗіК заяўляе, што затрымаў адміністратара чату «Беларусы в Ольштыне». Паводле іх, адміністратар вырашыў «таемна прыехаць» у Беларусь.
У чаце публікуюцца допісы ад імя адміністратара з чырвона-зялёным значкамі. Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што гэта не асноўны чат беларусаў Ольштына – чат, які бачны на скрыншоце сілавікоў, даўно не абнаўляўся і меў мала жывых карыстальнікаў.
Тым часам у Рэчыцы грамадзянцы Грузіі Цыры Прыйма пагражаюць дэпартацыяй нібыта за экстрэмісцкія рэпосты. Жанчына з Батумі, але ўжо каля 10 гадоў жыве ў Рэчыцы, дзе выйшла замуж за беларуса Васіля. Сям’я мае дваіх дочак, у 2021 годзе старэйшая дачка пары пайшла ў першы клас.
14 і 27 лістапада жанчыну судзілі за «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП), паведамляе «Гомельская Вясна». Па такім жа артыкуле судзілі 28 лістапада яе мужа.
«Цяпер рэчыцкі праўладны тэлеграм-канал пагражае жанчыне дэпартацыяй за тое, што яна “ў 2020 годзе ўважліва сачыла” за інфармацыйнымі рэсурсамі, якія потым абвясцілі “экстрэмісцкімі”, і рабіла рэпосты», – піша «Вясна».
Па стане на 29 лістапада з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расеі супраць Украіны ў Беларусі асудзілі ўжо 19 замежнікаў нібыта за агентурную дзейнасць (арт. 358-1 КК). Пакараныя грамадзяне Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Японіі, Нямеччыны. У сукупнасці з іншымі артыкуламі ім прызначылі агулам 135 гадоў зняволення.
У «Спіс экстрэмістаў» дадалі яшчэ 22 прозвішчы 29 лістапада. Цяпер у ім 4714 чалавек. Сярод іншых, у спіс дадалі IT-спецыялістку Ксенію Сушу, псіхалагіню Жанну Дашкевіч, тынкоўшчыка Андрэя Савіцкага.
Таксама ў Беларусі 10 новых палітвязняў. Гэта Уладзіслаў Наварыч, Артур Трушко, Вадзім Кутасевіч, Аляксандр Нікіцін, Антон Булах, Людміла Шчамялёва, Ігар Рымашэўскі, Станіслаў Дубоўскі, Максім Сандракул, Юрый Лавецкі. Усяго ў Беларусі 1296 палітычных зняволеных.
Арсен Рудэнка belsat.eu