У Варшаве затрыманы блогер Уладзіслаў Алійнічэнка або crawly_possessed, папулярны ў «TikTok» і «Instagram». Яго выдвараюць з Польшчы. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар міністра – каардынатара спецслужбаў і кіраўніка МУС Польшчы Яцэк Дабжыньскі.
«Супрацоўнікі паліцыі сумесна з супрацоўнікамі памежнай службы затрымалі ў Варшаве патастрымера Кроўлі-Уладзіслава А. Мужчына быў перададзены супрацоўнікам памежнай службы, якія на падставе яго рэгістрацыі ў SIS [Шэнгенская сістэма інфармацыі. – Заўв. рэд.] распачалі дзеянні, звязаныя з яго выдварэннем з Рэспублікі Польшча», – напісаў Яцэк Дабжыньскі ў «X».
Блогер вядомы тым, што пераапранаецца ў гнома і на кукішках бегае па гандлёвых цэнтрах, часта ўладкоўваючы беспарадак і замінаючы супрацоўнікам працаваць. Сам ён распавядаў у сваім блогу, што неяк прасядзеў адзін дзень у зняволенні ў Польшчы за свае відэа.
Як паведамляе «TVN24», падчас адной з апошніх сваіх выхадак ён абліў мінака з вогнетушыцеля.
Раней прадстаўнікі Цэнтру маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў звярнуў увагу на блогера.
«Цэнтр маніторынгу расісцкіх і ксенафобскіх паводзінаў падасць заяву ў памежную службу аб пачацці працэдуры прымусовага выправаджэння з Польшчы грамадзяніна Украіны беларускай нацыянальнасці, які разбэшчвае польскіх дзяцей і публічна абражае палякаў праз іхную нацыянальнасць», – цытуе петыцыю «O2».
Цэнтр адзначыў, што блогер, «які размаўляе па-расейску, нядаўна заявіў, што марыць жыць у Расеі, тады мы дапаможам яму зрэалізаваць ягоныя мары».
Арсен Рудэнка belsat.eu