Міністэрства замежных справаў Польшчы распавяло, што прадэмакратычным беларусам у Грузіі хутчэй выдаюць візы. Такі быў адказ намесніку кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінету, кіраўніку НАУ Паўлу Латушку, які адправіў ліст у польскае МЗС з просьбаю пра садзейнічанне ў выдачы гуманітарных візаў беларусам у Грузіі 18 лістапада.
27 лістапада прыйшоў адказ ад намесніцы міністра замежных справаў Польшчы Гэнрыкі Масьціцкай-Дэндыс. Там гаворыцца, што МЗС Польшчы і польскія консулы надаюць асаблівую ўвагу пытанням падтрымання грамадзянаў Беларусі, якія пераследуюцца рэжымам Аляксандра Лукашэнкі і ратуюцца ад рэпрэсіяў.
«... грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца ў Грузіі, маюць права падаць заяўку на польскую візу толькі на падставе самога факту перабывання на тэрыторыі Грузіі (на працягу не менш за 6 месяцаў) без неабходнасці легалізацыі свайго перабывання», – гаворыцца ў адказе.
У лісце МЗС Польшчы запэўніў, што ўкараніў «асаблівыя захады для аператыўнай выдачы гуманітарных візаў сябрам беларускай апазіцыі ў сувязі з сітуацыяй у Грузіі, а таксама для бягучага абслугоўвання грамадзянаў Беларусі, якія ўцягнутыя ў прадэмакратычную дзейнасць і імкнуцца ўехаць у ЕЗ».
«Мы ўдзячныя польскім уладам за садзейнічанне грамадзянам Беларусі, якія пераследуюцца рэжымам Лукашэнкі. Важна, каб беларусы маглі разлічваць на атрыманне польскай візы, асабліва ў выпадках, калі яны зазнаюць палітычны пераслед з боку рэжыму Лукашэнкі і іхнаму жыццю пагражае рэальная небяспека», – пракаментаваў адказ Павел Латушка.
Грузія – адна з краінаў, куды могуць уцякаць беларусы ад палітычнага пераследу, калі ў іх няма еўрапейскай візы.
«Да нядаўняга часу Грузія ўспрымалася як адносна бяспечны прытулак, аднак сацыяльна-палітычная сітуацыя ў Грузіі, што змянілася, выклікае асцярогі», – адзначыў Павел Латушка.
Арсен Рудэнка belsat.eu