навіны

Метро, камуналка і смецце. Што зменіцца для беларусаў у снежні

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі шпачыруюць па Нямізе ў Менску, Беларусь. 12 лютага 2023 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Людзі шпацыруюць па Нямізе ў Менску, Беларусь. 12 лютага 2023 года. Фота: Natalia Kolesnikova / AFP / East News
podpis źródła zdjęcia

Апошні месяц 2024 года таксама прадвяшчае шэраг зменаў для беларусаў. У прыватнасці, чакаецца змяненне правілаў аплаты камунальных паслуг, вывазу смецця, якасці сувязі. Шмат якіх беларусаў могуць чакаць штрафы і падаражэнні. Магчыма, перад святамі адкрыюцца новыя станцыі метро.

Запланаваныя суды

4 снежня ў акруговым судзе Варшавы пачнецца суд над Дор'янам С., абвінавачаным у забойстве 25 лютага беларускі Лізы ў Варшаве. Яшчэ адно судовае паседжанне прызначанае на 16 снежня. Асноўная частка судовага працэсу будзе закрытаю, але вырак могуць агучыць публічна. Абвінавачанаму пагражае ад 15 гадоў пазбаўлення волі да пажыццёвага зняволення.

9 снежня ў Менскім гарадскім судзе пачнуць разглядаць справу аб атацы дрона на базу АМАПу. Працэс будзе весці суддзя Міхаіл Макарэвіч. Абвінавачанымі выступаюць Павел Кулажэнка і Віталь Пацехін, якія цяпер за мяжой і маюць дачыненне да ініцыятывы «Супраціў». Іх будуць судзіць завочна.

У судзе Шклоўскага раёну 11 снежня пачнецца разгляд новай крымінальнай справы супраць палітзняволенага журналіста і блогера Ігара Карнея, якога ў сакавіку 2024 года засудзілі на тры гады зняволення.

Змены адносна даўжнікоў за камуналку


У Беларусі 1 снежня набудуць моц змены ў парадку аплаты жыллёва-камунальных паслуг. Асноўныя з іх закрануць даўжнікоў. Цяпер патрабаваць пагашэння запазычанасці змогуць не толькі камунальныя службы, але і арганізацыі, якія займаюцца эксплуатацыяй жылога фонду, такія як таварыствы ўласнікаў. Акрамя таго, паведамленні неплацельнікам можна будзе адпраўляць праз нацыянальную паштовую электронную сістэму. Пакуль гэта магчыма толькі заказным лістом праз пошту ці асабіста пад распіску. Адключыць камунальныя паслугі могуць пасля двух месяцаў нявыплаты. Газ і ваду могуць адключыць праз пяць дзён пасля ўручэння паведамлення з патрабаваннем аплаты. Таксама магчымыя арышт маёмасці і рахункаў даўжнікоў, канфіскацыя маёмасці ў трэціх асобаў, абмежаванне выезду за мяжу, адчужэнне жытла праз суд.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Белсат

Зменшыцца камуналка для недзеяздольных

Пачынаючы з 1 снежня запрацуе новы парадак разлікаў камунальных паслуг для тых, хто пазбаўлены дзеяздольнасці і жыве ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, пры гэтым мае ва ўласнасці жытло, і яно пустуе. Законныя прадстаўнікі такіх грамадзянаў змогуць звярнуцца ў разлікова-даведачны цэнтр з заявай, каб аплату за цеплазабеспячэнне і тэхнічнае абслугоўванне спаганялі паводле зніжаных тарыфаў. Калі ў такім пустым жытле няма прыбораў уліку спажывання вады, электрычнасці і газу, то за гэтыя віды камунальных паслуг недзеяздольным грамадзянам платы налічваць не будуць.

Асобныя кантэйнеры для будаўнічага смецця

Будаўнічыя адкіды цяпер трэба будзе збіраць у асобныя кантэйнеры. Для збору такіх адкідаў рэкамендуюць зрабіць асобныя адсекі на кантэйнерных пляцоўках. А для вывазу некаторых адкідаў (рэшткі бетонных перакрыццяў, сценавыя блокі, бэлькі, застылы раствор, бой цэглы) трэба будзе замаўляць асобную паслугу ў спецыяльных арганізацыях.

Жыхарам новабудоўляў цягам трох гадоў з даты ўводу дому ў эксплуатацыю трэба заключыць асобныя дамовы на вываз будаўнічых адкідаў. Пры гэтым для іх цягам трох гадоў плата за камунальныя адкіды будзе зніжаная.

Абяцаюць выплаты за еўрааблігацыі

Дэбютнае выкананне абавязкаў адносна еўрааблігацыяў шляхам іх замены на ўнутраныя дзяржаўныя аблігацыі плануецца 27 снежня ў дачыненні еўрааблігацыяў Беларусь-2027. Памяняць іх змогуць толькі тыя, хто набыў каштоўныя паперы да 26 ліпеня 2022 года і забяспечыць іх блакаванне на рахунках Міністэрства фінансаў Беларусі ў Нацыянальным разліковым дэпазітарыі. Пры гэтым абавязковае поўнае раскрыццё інфармацыі пра ўладальнікаў еўрааблігацыяў і каштоўныя паперы ў іхнай уласнасці, а таксама абавязковая адмова ад патрабаванняў і прэтэнзіяў да Беларусі ды інфармаванне замежных разлікова-клірынгавых сістэмаў пра выкананне Беларуссю абавязкаў адносна еўрааблігацыяў.

Скончыцца абмен грошай

Дадатковы перыяд абмену банкнотаў беларускіх рублёў узору 2000 года завяршаецца 31 снежня. Банкноты можна абмяняць без абмежаванняў і без спагнання ўзнагароджання ў касах Нацыянальнага банку, размешчаных у Менску на вуліцы Талстога, 6. З панядзелка да чацвярга касы працуюць з 08:30 да 15:30, у пятніцу – з 08:30 да 14:30. Абмен ажыццяўляецца ў суадносінах 10 000:1.

Зменяцца патрабаванні да якасці сувязі

Дзяржстандарт узмацніў патрабаванні да якасці мабільнай сувязі і мабільнага інтэрнэту. З 1 снежня доля няўдалых выклікаў павінна быць не большаю за 6 %. Колькасць выклікаў, якія заканчваюцца раз’яднаннем у выніку збояў у сетцы, не павінна перавышаць 3 %.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

Штрафы за летнюю гуму

На зімовыя апоны трэба перайсці да 1 снежня, інакш можна атрымаць штраф да 1 базавай велічыні (40 рублёў). За паўторнае парушэнне могуць даць штраф ад 2 да 5 базавых (ад 80 да 200 рублёў). У выпадку стварэння аварыйнай абстаноўкі штраф складзе ад 5 да 20 базавых велічыняў (ад 200 да 800 рублёў) з пазбаўленнем пасведчання кіроўцы на тэрмін да двух гадоў або без пазбаўлення.

Цыгарэты падаражэюць

«Тытунь-Інвест» 1 снежня падыме цэны на некаторыя віды цыгарэтаў «Карона» на 5–20 капеек. «Беларусьгандаль» пачне ўвозіць у краіну «Dunhill Compact Blue», «Dunhill Compact Aroma Red» і «Dunhill Compact Aroma Brown» за 7,4–7,5 рубля за пачак. «АЛІДЗІ-Вест» пачне вырабляць каля 30 найменняў «Kent», «Rothmans», «Pall Mall» і «Lucky Strike» ў цэнавым дыяпазоне ад 5,7 да 7,3 рубля за пачак.

Папярэдняя рэгістрацыя фураў на мяжы

Пачынаючы з 1 снежня для перасячэння беларуска-літоўскай або расейска-літоўскай мяжы кіроўцам фураў патрэбная папярэдняя рэгістрацыя ў электроннай чарзе. Тым, хто перавозіць грузы праз літоўскія пункты пропуску «Мядзінінкай», «Шальчынінкай» і «Кібартай» на мяжы з Беларуссю і Расеяй, давядзецца загадзя рэзерваваць час перасячэння мяжы ў інфармацыйнай сістэме кіравання чэргамі. Інакш рэгістрацыю ў названай сістэме можна будзе прайсці толькі ў наступны вольны час. У Міністэрстве транспарту і сувязі Літвы запэўніваюць, што гэта дапаможа разабрацца з чэргамі.

Вырасце дапамога на пахаванне

У снежні ў параўнанні з лістападам дапамога на пахаванне вырасце на 49,5 рубля да 2363,4 рубля. Гэтая выплата залежыць ад сярэдняга заробку ў краіне за пазамінулы месяц адносна факту смерці чалавека.

Адкрыюць новыя станцыі метро

Да адкрыцця рыхтуюцца тры новыя станцыі Зеленалужскай лініі: «Аэрадромная», «Немаршанскі Сад» і «Слуцкі Гасцінец». Цяпер яны працуюць у тэставым рэжыме. Дакладнай даты запуску пакуль няма, але абяцаюць, што гэта адбудзецца ў снежні.

Надыходзяць святы

У снежні беларусаў чакае дадатковы выходны на Каляды паводле грыгарыянскага календара – 25 снежня. Тады ж пачнуцца школьныя вакацыі, якія працягнуцца 14 дзён да 7 студзеня 2025 года ўключна.

10 снежня ў Менску пачне працаваць навагодняя ілюмінацыя. Усё пачнецца з ялінкі на Кастрычніцкай плошчы, якую запаляць а 17:00. Ялінкавыя кірмашы ў Менску і іншых гарадах пачнуць працаваць 16 снежня.

Беларуская чыгунка пускае адмысловы цягнік у маёнтак Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы. У снежні запланаваныя тры двухдзённыя казачныя туры з Менску: 13–14, 20–21 і 24–25 снежня. Яшчэ два дадатковыя туры запланаваныя ў 2025 годзе: 6–7 і 10–11 студзеня.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: sb.by

Самалёт у Сінь-Цзян і аўтобус у Мюнхен

«Белавія» 16 снежня выканае першы рэгулярны рэйс у кітайскі горад Урумчы, сталіцу Сіньцзян-Уйгурскага аўтаномнага раёну. Пасажыры змогуць падарожнічаць на гэтым кірунку раз на тыдзень з вылетам з Менску і Урумчы ў панядзелкі. Вылет з Менску аб 11:10, прыбыццё ва Урумчы а 22:10, час у палёце – шэсць гадзінаў.

«Менсктранс» з 6 снежня арганізуе аўтобусныя рэйсы з Менску ў Мюнхен. Маршрут будзе праходзіць праз Берлін і Нюрнбэрг. З Менску аўтобус будзе адпраўляцца ад аўтавакзалу «Цэнтральны» а 12:00 у пятніцы, з Мюнхену – а 13:00 у нядзелі.

Змены ў руху цягнікоў

Некаторыя цягнікі міжрэгіянальных і рэгіянальных лініяў на ўчастку Маладзечна – Ліда 10–12 снежня будуць рухацца змененым раскладам і маршрутам. Гэта звязана з рамонтам чыгуначнага мосту на перагоне Гутна – Ліда.

15 снежня зменіцца расклад цягніка міжрэгіянальных лініяў эканомкласу № 609 Гомель – Горадня. Ён будзе адпраўляцца са станцыі Гомель а 16:36 (цяперашні час адпраўлення 16:57) і прыбываць у Горадню а 05:30 (цяперашні час прыбыцця – 05:53).

Макар Мыш belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10