Беларускія незалежныя медыі ў выгнанні просяць чытачоў пералічыць грошы, каб яны маглі далей працягнуць працу.
Праект «Маланка медыя» абвясціў збор у падтрымку свайго сайту на платформе фонду салідарнасці BySol. Журналісты хочуць сабраць 20 тысяч еўраў, каб забяспечыць працу сайту цягам пяці месяцаў. Сайт «Маланкі» не абнаўляецца з 15 лістапада, але YouTube-канал і сацсеткі працягваюць працу.
«За гэтыя грошы мы зможам утрымліваць сайт на працягу пяці месяцаў і выплачваць зарплаты чатыром нашым супрацоўнікам: галоўнаму рэдактару, двум рэдактарам навінаў і аўтару лонгрыдаў», – гаворыцца ў звароце рэдакцыі.
На збор сродкаў медыя вымусіла пайсці паўза ў фінансаванні ад буйнога донара. Рэдакцыю запэўнілі, што супраца адновіцца праз пяць месяцаў.
Таксама аб дапамозе чытачоў просіць выданне «Новы час», якое бесперапынна працавала больш за дваццаць два гады.
Пасля пагрому рэдакцыі ў 2021 годзе і спынення выпуску друкаванай версіі каманда не здалася і працуе дагэтуль, але два палітзняволеныя журналісты «Новага часу» застаюцца за кратамі, гэта Дзяніс Івашын і Мікалай Дзядок.
«Рэдакцыя спрабуе вырашыць праблемы, але проста цяпер сітуацыя крытычная. Без фінансавага ўдзелу чытачоў далейшае існаванне выдання зробіцца немагчымым. Мы вельмі хочам працаваць для вас далей, таму звяртаемся па тэрміновую падтрымку», – піша выданне.
Для далейшага існавання рэдакцыі трэба сабраць 24 тысячы еўраў: сродкі дазволяць выплаціць даўгі ў зарплаце супрацоўнікам за тры месяцы, а таксама працягнуць працу да атрымання сродкаў з іншых крыніцаў.
Падтрымаць «Новы час» можна тут, а «Маланка медыя» — тут. Калі ласка, не рабіце пераводаў з беларускіх картак.
Тэса Анэйда belsat.eu