Напачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейскія вайскоўцы стварылі на тэрыторыі Беларусі фільтрацыйны лагер. Умовы ўтрымання і стаўленне да палонных у ім праваабаронцы назвалі аднымі з найбольш жорсткіх. Журналістам Беларускага расследавальніцкага цэнтра ўдалося знайсці, дзе знаходзіцца лагер.
Маючы дзве падказкі – горад Нароўля і апісанне мясцовасці «буйны калгас», яны пачалі пошук дакладнай лакалізацыі лагера, дзе ўтрымлівалі як укаінскіх вайскоўцаў, так і цывільных асобаў з акупаваных тэрыторый.
Вялікая колькасць вайсковай тэхнікі была раскіданая па ўсім горадзе, але яны знайшлі зачэпку: амаль усе ўчасткі, на якіх стаялі машыны, паводле дадзеных кадастравага рэестру, належалі кампаніям, якія былі заснаваныя дзяржаўнымі прадпрыемствамі. Фільтрацыйны лагер у Нароўлі маглі арганізаваць у любой з гэтых лакацыяў. Усе яны так ці інакш падыходзяць пад апісанні былых палонных. Але знайсці яго дакладнае месца знаходжання дапамагло расейскае медыя.
Напрыканцы кастрычніка 2024 года раследвацелі сустрэліся з Багданам Лысенкам, служачым УСУ, які трапіў у палон да расейскіх вайскоўцаў, а потым – на відэа расейскага тэлеканалу НТВ падчас штурму. БРЦ даслаў спасылкі на відэа НТВ былым ваеннапалонным, якія пацвердзілі, што гэта той самы «калгас».
Каб знайсці фільтрацыйны лагер, даследвацелі супаставілі кадры сюжэту НТВ з кожным участкам у Нароўлі, дзе выявілі на спадарожнікавых здымках вялікую колькасць вайсковай тэхнікі. Дзякуючы характэрнаму будынку з разбураным дахам, размяшчэнню намётаў і КамАЗаў, ён знайшоўся на тэрыторыі, якой валодае ТАА «Прыпяцкі альянс», на вуліцы Камсамольскай.
Мяркуючы па спадарожнікавых здымках, расейскія вайскоўцы былі тут як мінімум да пачатку траўня 2022 года. Калі УСУ дэакупавалі Кіеўскую вобласць, верагодна, маршруты транспарціроўкі палонных змяніліся.
«Мы патэлефанавалі ў «Прыпяцкі альянс», кампанію, якой валодае Гомельскае абласное спажывецкае таварыства. Дырэктарка прадпрыемства Зінаіда Міруценка параіла звярнуцца з пытаннямі ў выканкам. Кіраўнік Нараўлянскага выканкаму Уладзімір Антоненка – былы вайсковец са службы бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Чалавек, які адказаў на званок на ягоны нумар, сказаў, што мы не туды трапілі», – піша БРЦ.
Станіслаў Івашкевіч з Беларускага расследавальніцкага цэнтра кажа, што «Прыпяцкі Альянс» – гэта дзяржаўнае аграпрадпрыемства, якім кіруе былы вайсковец, які служыў у службе аховы Лукашэнкі: «Магчыма, недарма менавіта гэтая пляцоўка была абраная пад месца. Ну, і вядома, што беларускія ўлады аказвалі ўсялякае спрыянне».
Галоўнымі парушэннямі ў працы расейскага фільтрацыйнага лагеру ў Беларусі расследавальнікі называюць незаконнае перамяшчэнне, выкраданне і катаванне людзей.
«Парушэнне ўсіх магчымых канвенцыяў, але ў дадатак да ўсяго гэта і злачынства супраць цывільных, бо яшчэ раз падкрэслю: вайскоўцы казалі, што менавіта ў дачыненні цывільных было больш жорсткае абыходжанне, яны метадычна і доўга падвяргаліся збіццю, каб выбіць з іх рэальныя або ўяўныя прызнанні», – дадае Станіслаў Івашкевіч.
Калі гэта ўдасца даказаць у міжнародным судзе правоў чалавека, то ў Лукашэнкі дадасца новае абвінавачанне. Да ўжо існых: у даванні тэрыторыі Беларусі расейскім войскам для нападу на Украіну і ў дапамозе ў вывазе ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў.
«Цывільныя асобы і ваеннапалонныя ніколі не могуць быць у адным лагеры. Гэта дадатковае, асобнае ваеннае злачынства, калі вы ўтрымліваеце цывільных і ваеннапалонных у адным месцы. І ў адрозненні ад ваеннапалонных, якіх можна перамяшчаць на тэрыторыі іншай дзяржавы, цывільных грамадзян, цывільных асобаў нельга перамяшчаць з акупаваных тэрыторый. Там есць толькі выключэнні, калі [можна вывозіць] для забеспячэння іх бяспекі, калі нейкія стыхійныя бедствы ці нешта такое. <...> Сам факт таго, што цывільныя людзі вывозіліся з акупаваных тэррыторый — гэта таксама асобнае ваеннае злачынства. Тым больш, калі там былі дзеці. <...> Іх толькі можна вывозіць ў выпадках, калі ім неабходна медычная дапамога і са згоды іх законных прадстаўнікоў ці бацькоў. <...> Самі факты вывазу [дзяцей] – гэта будуць ваенныя злачынствы», – сказала экспертка ў галіне міжнароднага права, кандыдатка юрыдычных навук Кацярына Дэйкала.
Паводле юрысткі Юліі Палехінай, адказнасць за арганізацыю фільтрацыйнага лагеру на тэрыторыі Беларусі мусіць панесці Аляксандр Лукашэнка: «Гэтыя фільтрацыйныя лагеры не могуць стварацца без упаўнаважаных дзяржаўных асобаў, якія мусяць даць на гэта згоду. І калі людзей б'юць, катуюць, не аказваюць меддапамогі – гэта ваеннае злачынства. І гэта не можа адбывацца без згоды ўладаў».
Гэта скарочаная версія. Расследванне цалкам чытайце тут.
Тэса Анэйда belsat.eu