навіны

Белстат палічыў бедных беларусаў: на 437 рублёў і менш жывуць 320 тысячаў чалавек

img
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: 1prof.by
podpis źródła zdjęcia

У статыстычным ведамстве распавялі аб узроўні жыцця беларусаў у трэцім квартале года. З гэтых звестак вынікае, што 3,5 % жыхароў Беларусі жывуць на суму, ніжэйшую за бюджэт пражытковага мінімуму.

Белстат паведамляе, што ў трэцім квартале гэтага года кожная сям'я ў сярэднім мела штомесячны прыбытак у 2496,1 рубля. Хатнія гаспадаркі ў гарадах больш заможныя, чымся ў вёсках (2611,8 рубля супраць 2121,8 рубля).


Пры гэтым амаль усе грошы сем'і і выдаткоўвалі: у сярэднім 2387,7 рубля за месяц. 71 % з гэтай сумы склалі спажывецкія выдаткі (тут лічыцца усё, акрамя выплаты падаткаў і іншых выдаткаў, не звязаных са спажываннем, напрыклад, банкаўскія ўклады, купля нерухомасці і валюты).


Паводле статыстычнага ведамства, доля харчоў у спажывецкіх выдатках склала 35,9 %, на нехарчовыя тавары пайшло 37,2 % прыбыткаў, на паслугі – 24,5 %.

Доля малазабяспечаных жыхароў Беларусі – 3,5 %. У гэтую катэгорыю залучаюць людзей, якія могуць за месяц выдаткаваць на жыццё менш за бюджэт пражытковага мінімуму (цяпер гэта 437,8 рубля).


Паводле дадзеных Белстату на 1 студзеня 2024 года, насельніцтва Беларусі – 9 155 978 чалавек. Такім чынам, малазабяспечаных беларусаў цяпер 320 тысячаў. Самая вялікая доля – у Гомельскай вобласці: 5,2 %. 

Доля бедных беларусаў большая ў сельскай мясцовасці, чымся ў гарадах. На 437 рублёў і менш жывуць 5,7 % вяскоўцаў і 2,8 % гараджанаў. У абсалютных лічбах сітуацыя выглядае так: у сельскай мясцовасці жыве 111,5 тысячы малазабяспечаных, а ў гарадах – 201,5 тысячы.


Пры гэтым сярэдні налічаны заробак у кастрычніку, як паведамляе Белстат, склаў 2 363,4 рубля.


Бюджэт пражытковага мінімуму – сума, якой, паводле дзяржавы, мае хапіць на мінімальны набор харчоў, нехарчовых тавараў і паслугаў, каб не памерці. Афіцыйнай канцылярскай мовай – каб «забяспечыць жыццядзейнасць».


Сцяпан Кубік belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10