Грамадская арганізацыя «BELPOL» перадала «Белсату» шэраг дакументаў уладаў Беларусі аб развіцці паўднёвай часткі краіны. З іх вынікае, што Лукашэнка патрабуе развіваць Палессе, Мінэканомікі не разумее, як менавіта гэта рабіць, а раней падобную задачу ўжо правальвалі.
Лукашэнка чакае ад міністраў айчынную роба-даілку, прапановаў пра сою і грэчыху, буйных праектаў для Палесся
Адзін з дакументаў – ліст ад першага віцэ-прэм’ера Мікалая Снапкова аб выкананні даручэнняў Аляксандра Лукашэнкі, раздадзеных 4–5 лістапада падчас працоўнай паездкі ў Пінскі раён і Мікашэвічы і 11 кастрычніка ў Шклоўскі раён. Пазначана, што гаворка пра пратакол ад 22 кастрычніка 2024 года (якога ў распараджэнні «Белсату» няма).
Кіраўнікам рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання і спісу арганізацыяў, падначаленых ураду, даручана «забяспечыць напаўненне» праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся на 2025–30 гады «буйнымі праектамі». На чале спісу адказных – міністр эканомікі Юрый Чабатар.
Міністру сельскай гаспадаркі Анатолю Лінкевічу, кіраўніку Акадэміі навук Уладзіміру Гусакову і генеральнаму дырэктару «Беларуськалію» Андрэю Рыбакову пастаўленыя больш канкрэтныя задачы. Ім даручана прапрацаваць аргументаваныя прапановы аб эканамічнай мэтазгоднасці павелічэння аб’ёмаў вытворчасці грэчыхі і соі, нарыхтоўцы ўпакаваных у палімерныя матэрыялы кармоў. Дакладу да 4 лістапада чакаў сам Лукашэнка. Лінкевічу і Гусакову таксама даручана падрыхтаваць параўнальны аналіз ураджайнасці кукурузы, Саўмін чакае праекту дакладу для Лукашэнкі да 10 студзеня 2025 года.

Лінкевічу, Гусакову і міністру прамысловасці Аляксандру Яфімаву даручана забяспечыць завяршэнне распрацоўкі айчыннай рабатызаванай сістэмы даення. Саўмін чакае справаздачы да 5 сакавіка 2025 года, праект дакладу Лукашэнку – да 10 чэрвеня.
Шэрагу чыноўнікаў дадзеныя іншыя даручэнні, якія не апісаныя ў лісце – прыведзеная толькі спасылка на пункт пратаколу, якога няма ў распараджэнні «Белсату».
Можна развіваць Палессе – толькі скажыце спачатку, як развіваць краіну
Другі дакумент – ліст ад намесніцы міністра эканомікі Таццяны Бранцэвіч да Савету міністраў. Дата высылкі ліста не пазначаная, але ён тычыцца выканання даручэнняў Саўміну ад 10 і 25 кастрычніка 2024 года па распрацоўцы праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся. У лісце прапанаваная візія гэтай праграмы ад Мінэканомікі з улікам прапановаў Берасцейскага і Гомельскага аблвыканкамаў, міністэрстваў прамысловасці і сельскай гаспадаркі.
У праграму прапануюць уключыць 12 раёнаў: Ганцавіцкі, Лунінецкі, Пінскі і Столінскі раёны Берасцейскай вобласці; Акцябрскі, Ельскі, Жыткавіцкі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Мазырскі, Нараўлянскі і Петрыкаўскі раёны Гомельскай вобласці. Агулам у гэтых раёнах жыве 5,4 % насельніцтва Беларусі – звыш 495 тысяч чалавек. Ганцавіцкі, Лельчыцкі, Нараўлянскі і Столінскі лічаць адсталымі.
Мазырскі раён з гэтага шэрагу выбіваецца не толькі колькасцю насельніцтва: сярэдні заробак там складае 96,7 % ад сярэдняга па ўсёй краіне, выручка на аднаго сярэдняга працаўніка ў 3,7 раза вышэй за сярэднюю па краіне, «датацыйнасць» (што менавіта гэта значыць, не расшыфравана) адносна нізкая – 22,3 %. У рэшце раёнаў заробкі і выручка істотна ніжэйшыя за сярэднія па краіне. Раён прапануюць не ўключаць у праграму развіцця, а толькі зрабіць Мазырскі райвыканкам адказным за развіццё сельскай гаспадаркі Нараўлянскага раёну (якой ён і так фактычна кіруе).

Як падкрэслівае Мінэканомікі, Комплексная праграма развіцця мае быць звязаная з мэтамі, задачамі і параметрамі развіцця краіны на новую пяцігодку, а гэтыя параметры яшчэ не вызначаныя. Але міністэрства прапануе пазіцыянаваць Прыпяцкае Палессе як «рэгіён высокай якасці – «эфектыўнай эканомікі, фізічнага і маральнага дабрабыту, камфортнага пражывання».
Для праграмы развіцця аблвыканкамы найбольш прапрацавалі раздзелы, звязаныя з аграпрамысловым комплексам і меліярацыяй, але для Пінскага раёну яшчэ не прыдумалі нейкага буйнога прамысловага праекту (у іншых праекты ёсць на стадыі «перспектыўных ідэяў для прапрацоўкі з інвестарамі»). Гомельскі аблвыканкам так і не прапрацаваў пытанні, пастаўленыя Лукашэнкам падчас Дажынак: не прыдумаў, як вырошчваць персікі, вінаград і кавуны, а таксама як аднаўляць лясы ў вобласці. Акрамя таго, Гомельскі аблвыканкам не прыдумаў прапановаў у развіцці турызму па вобласці.
Якія ідэі для развіцця Палесся? Кароўнікі, здабыча выкапняў, спірт з крыві…
Мэты і задачы праграмы пакуль апісваюць агульнымі словамі кшталту «фармаванне эфектыўнага аграпрамысловага комлпексу», «развіццё прыватнай ініцыятывы», «замацаванне моладзі і кваліфікаваных кадраў». Але для раёнаў Прыпяцкага Палесся ў міністэрстве прыдумалі «пункты росту».
Нараўлянскаму прыдумалі толькі адзін і даволі сціплы: будаўніцтва малочна-таварнай фермы на 600 галоваў у вёсцы Будкі. Іншым раёнам прыдумалі па некалькі. Сярод праектаў, напрыклад, такія:
• Навукова-практычны цэнтр трансфузіялогіі ў Ганцавіцкім раёне, дзе можна рабіць лекавыя сродкі і перапрацоўваць тэхнічны спірт, утвораны з адходаў РНПЦ ад фракцыявання плазмы крыві.
• Здабыча торфу і спапрапелю (гразі) на радовішчы «Дубнік» у Пінскім раёне, арганізацыя іх перапрацоўкі на «Белгрыт АМУ».
• Засваенне радовішча кварцавых пяскоў «Гароднае» ў Столінскім раёне і арганізацыя прадпрыемства здабычы і перапрацоўкі пяску.
• Будаўніцтва цэлюлознага заводу і заводу кальцаванай соды ў Ельскім раёне, распрацоўка радовішча «Заазёрнае» з перспектывай пабудовы прадпрыемства перапрацоўкі алюмінію.
• Стварэнне прадпрыемства перапрацоўкі пластмасаў у Калінкавіцкім раёне.
• Арганізацыя здабычы і разліву прыроднай ультрапрэснай і дзіцячай пітной вады ў Лельчыцкім раёне (яшчэ патрэбныя пошукава-выведныя работы).
• Будаўніцтва прадпрыемства вытворчасці крухмалу з бульбы і распрацоўка ўчастку радовішча калійнай солі ў Акцябрскім раёне.
• Будаўніцтва гіпсавага заводу на базе радовішча «Брынеўскае» ў Петрыкаўскім раёне.
• А таксама будаўніцтва новых цэхаў на дзейных прадпрыемстваў і новых комплексаў жывёлагадоўлі, рэканструкцыя дзейных аб’ектаў, будаўніцтва эка-сцяжынак і аграсядзібаў.

Да гэтых праектаў у дакуменце не прапісаныя дэталі, як то запатрабаванасць ці меркаваная рэнтабельнасць.
Акрамя таго, у механізмах праграмы прапануюць шмат розных ідэяў без канкрэтыкі, у тым ліку: арганізаваць імпартазамяшчальныя вытворчасці кампанетаў для выпуску айчыннай прадукцыі ў Лунінецкім і Нараўлянскім раёнах, упарадкаваць дарогі да райцэнтраў, абнавіць аўтапарк грамадскага транспарту і павесіць на прыпынках электронныя табло, будаваць і рамантаваць больш жытла, пераводзіць шматкватэрныя дамы з пячным ацяпленнем і газам з рэзервуараў на электрычнае ацяпленне і электрапліты, замяняць лямпы вулічных ліхтароў на святладыёды, пераводзіць медычную дакументацыю ў электронную форму, усталёўваць у сферы культуры творчыя сувязі з Расеяй, пашырэнне прапаганды «пазітыўнага вобразу» Прыпяцкага Палесся (у тым ліку прапаганду пераезду маладых сем’яў з гораду ў вёску).
Выдаткі на інфраструктуру прапануюць браць з абласных і рэспубліканскага бюджэту, а на інвестыцыйныя праекты – не толькі з бюджэту, але і з крэдытаў «Банку развіцця» пад 8 % гадавых, і праз «абноўлены механізм» інвестыцыйных дамоваў, і праз пашырэнне тэрыторыяў спецыяльных эканамічных зонаў.
Планы не надта амбітныя, як відаць з прапановаў мэтавых паказніках. Так, суадношанне сярэдніх заробкаў у раёнах да сярэдніх па рэспубліцы за 5 гадоў прапануюць падняць толькі на некалькі адсоткавых пунктаў: было, напрыклад, у Акцябрскім раёне 66,3 % ад сярэдняга заробку па краіне – у 2030-м мае стаць 72 %.
У мінулы раз не атрымалася
Яшчэ адзін дакумент ад «BELPOL» паказвае, што гэтыя планы могуць і не рэалізавацца: у рашэнні Берасцейскага аблвыканкаму ад 30 кастрычніка 2024 года старшыня выканкаму Пётр Пархомчык расказвае аб тым, колькі ўсяго не выканана з планаваных захадаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Берасця, Баранавічаў і Пінску на 2021–25 гады.
У Берасці за 2021–23 гады не выкананыя прагнозы ў тэмпах росту інвестыцыяў у асноўны капітал, аб’ёмах будаўніча-мантажных работаў, рознічнага таваразвароту, прамысловай вытворчасці і будаўніцтва жытла. У Баранавічах з прагнозных паказнікаў на 2021–25 гады выканалі толькі паказнікі тэмпаў росту заробкаў (без паскоранага развіцця) і нададзенай вагі інвестыцыйнай прадукцыі за 2023 год. У Пінску выканалі толькі прагнозныя паказнікі па індэксе фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці і тэмпах росту інвестыцыяў і заробкаў.
У Берассці і Баранавічах знізіліся аб’ёмы інвестыцыяў і будаўніцтва, у Пінску – толькі будаўніцтва. Працягнулася скарачэнне колькасці занятых у эканоміцы. За першае паўгоддзе 2024 года Баранавічам агулам і старшыню гарвыканкаму ў прыватнасці паставілі незадавальняльную ацэнку ў выкананні задачы паскоранага развіцця, Пінску – задавальняльную. У Баранавічах і Пінску перавысілі паказнікі нададзенай вагі пратэрмінаванай дэбіторскай запазычанасці.

Шэраг прадпрыемстваў у Берасці, Баранавічах і Пінску працуе са стратамі, шэраг не выконвае мэтавыя паказнікі зніжэння выдаткаў на вытворчасць і рэалізацыю гатовай прадукцыі, Берасцейскі гарвыканкам не прапрацоўвае інвестыцыйныя прапановы ў вытворчай сферы, у Берасце і Пінск за першае паўгоддзе не было наўпроставых кітайскіх інвестыцыяў, з Баранавічаў і Пінску – малыя тэмпы росту экспарту ў Кітай, праца Берасцейскага і Пінскага гарвыканкамаў па заданні аб нададзенай вазе інавацыйнай прадукцыі не выкананая. На складах гэтага аб’яднання, а таксама ААТ «Палессе», «Берасцейскіх дываноў» і Берасцейскага панчошнага камбінату назапасілася зашмат гатовай прадукцыі. Асобна адзначана, што на Пінскім заводзе сродкаў малой механізацыі значна выраслі запасы гатовай прадукцыі. На Берасцейскім лікёра-гарэлкавым камбінаце падае аб’ём вытворчасці…
І гэтак далей: прэтэнзіяў – на 9 старонак.
Алесь Наваборскі belsat.eu