Долар працягнуў біць максімумы. Па выніках таргоў 28 лістапада яго кошт вырас на 6,2 капейкі і склаў 3,5951 беларускага рубля. «Белсат» даведаўся ў экспертаў, чаму так адбываецца, як адаб'ецца на жыцці беларусаў і кошце жылля.
Курс еўра вырас амаль на 13 капеек. Цяпер адзін еўра каштуе 3,8529 рубля. А расейскі рубель наадварот таннее ў Беларусі – на 1,4 капейкі 28 лістапада. 100 расейскіх рублёў каштуюць 3,2927 беларускага рубля.
Долар дарагі з-за Расеі
Зніжэнне беларускага рубля да долара звязанае з падзеннем расейскага рубля да долара, кажа экспертка BEROC Анастасія Лузгіна.
Такое ж меркаванне «Белсату» выказала эканамістка Аліса Рыжычэнка і патлумачыла, што справа ў тым, што беларуская эканоміка вельмі залежыць ад Расеі. І ў знешнім гандлі, і ў валютным кошыку велізарная доля расейскага рубля. Таму змены ў Расеі адразу адбіваюцца на беларусах.
На расейскім валютным рынку зніжэнне рубля да долара пачалося яшчэ з канца лета праз адносна нізкія кошты нафты, складанасці з разлікамі, якія перашкаджаюць атрымліваць грошы за тавар ужо адпраўлены Расеяй за мяжу. Да гэтага дадаўся рост імпарту, які хутчэй за ўсё захаваецца і ў снежні, бо ў гэты перыяд людзі асабліва актыўна закупляюцца перад святамі, адзначае Анастасія Лузгіна.
«Больш актыўнае зніжэнне расейскага рубля да долара і еўра можна было назіраць апошні тыдзень. Тут дадаўся яшчэ адзін фактар. Гэта санкцыі ЗША, якія ўвялі 21 лістапада ў дачыненні да "Газпромбанка" і некалькіх дзясяткаў больш дробных расейскіх банкаў», – кажа Анастасія Лузгіна.
Санкцыі супраць «Газпромбанку» адчувальныя, паколькі праз яго еўрапейскія краіны, якія яшчэ купляюць энерганосьбіты ў Расеі, плацілі па рахунках. Гэта абмяжоўвае паступленне валюты ў Расею.
«Гэта паскорыла ваганні, нервовасць на расейскім валютным рынку», – адзначае экспертка BEROC.
З-за гэтай нервовасці кампаніі могуць закупляцца валютай празапас, каб пры яшчэ большым падаражэнні долара ці еўра заплаціць менш.
«Гэта таксама падганяе ваганні курсу. Плюс Цэнтральны банк Расеі змякчыў абмежаванні па абавязковым продажы валютнай выручкі буйнымі экспарцёрамі, якія ўводзіліся раней, што таксама абмяжоўвае прыток валюты», – працягвае Анастасія Лузгіна.
Суразмоўніца адзначае, што дадатковым фактарам да росту долара з'яўляецца яго ўмацаванне ў свеце ў цэлым пасля перамогі Дональда Трампа на прэзідэнцкіх выбарах у ЗША.
Рынак жылля ўжо перажывае за курс?
Змяненне курсу долара таксама можа адчувацца на рынку нерухомасці. Як заўважыў тэлеграм-канал, «Литовская о жилье», павышэнне курсу – дрэнная навіна для тых, хто ўзяў валютную растэрміноўку на жыллё. А адзіны камерцыйны забудоўшчык, які выстаўляе кошты на жыллё ў беларускіх рублях, «Датч Стар», прыпыніў продажы да стабілізацыі курсу, гаворыцца у паведамленні. Звычайна прыватныя забудоўшчыкі, хоць і прымаюць аплату ў рублях, але кошты выстаўляюць у валюце.
Аднак аб паніцы і сур'ёзным павышэнні коштаў праз долар казаць рана, лічыць Анастасія Лузгіна. Паколькі тыя тэндэнцыі, якія ўплываюць на курс, могуць быць кароткатэрміновымі.
,,«Па-першае, у любым выпадку расейскія кампаніі будуць неяк прыстасоўвацца да працы ў новых умовах. Па-другое, Цэнтральны банк Расеі можа ўвесці дадатковыя валютныя абмежаванні, што стабілізуе рынак», – кажа экспертка.
Суразмоўніца дапускае, што пры наступным моцным росце долара забудоўшчыкі ў Беларусі могуць знізіць кошты ў доларах.
«Попыт будзе менш, таму што для людзей будзе даражэй купіць кватэру. Тут зноў будуць умешвацца механізмы рынку і ў нейкай ступені ў доларавым эквіваленце кватэра можа стаць танней», – лічыць Лузгіна.

Тым, хто абдумвае, ці не прадаць долары, пакуль курс высокі, каб укласці ў жыллё, лепш не спяшацца з пакупкамі. Калі жыллё для сябе, то можна разглядаць такі варыянт. Аднак, калі грошы проста трэба кудысьці інвеставаць, то жыллё не лепшая магчымасць.
«У Беларусі вельмі мала магчымасцяў для інвеставання сродкаў, але калі мы паглядзім на доўгі перыяд, 10 – 15 гадоў, нельга сказаць, што жыллё ў Беларусі даражэла і ўсё. Быў і рост, і зніжэнне, нават у доларавым эквіваленце», – кажа Анастасія Лузгіна.
У выпадку беларускай нерухомасці можна нават і страціць, адзначае яна.
Што тычыцца ў цэлым ваганняў на валютным рынку, то гэта нармальна для любых краін.
«Яны могуць перыядычна ўзнікаць, як у адзін, так і ў другі бок. Таму, калі гаворка ідзе пра кватэру, такую сур'ёзную пакупку, то трэба ўзважваць усе за і супраць, не паддаючыся пакуль кароткатэрміновым ваганная», – кажа Анастасія Лузгіна.
Пры гэтым беларускі рубель будзе яшчэ апускацца да долара.
Трэнд на зніжэнне ёсць і можа быць больш рэзкім ці наадварот плаўным. Калі цэнтральны банк Расеі нічога не распачне, сітуацыя не стабілізуецца, то зніжэнне да долара ў Беларусі будзе і ў снежні, дадае экспертка BEROC.
«Магчыма, мы дойдзем да 4 рублёў да канца года»

Аліса Рыжычэнка таксама адзначае, што далейшая сітуацыя з курсам будзе залежаць ад уладаў Расеі і Беларусі.
«Можна толькі выказаць здагадку, што беларускія ўлады да выбараў будуць праводзіць валютную інтэрвенцыю [прадаваць валюту, каб попыт на яе не аказаўся высокім, што будзе павышаць курс. – Заўв. рэд.]. Гэта значыць рост будзе, магчыма, мы нават дойдзем да 4 рублёў да канца года. Але таго, што адбываецца ў Расеі – за ноч долар дадаў 10%, думаю, беларускія ўлады пастараюцца не дапусціць, каб не было сацыяльных незадаволенасцяў і ўзрушэнняў да правядзення так званых выбараў», – кажа экспертка.
Паводле яе слоў, курс долара ўсё яшчэ значна ўплывае на ўзровень жыцця людзей, хоць беларускія ўлады імкнуцца данесці адваротнае.
«Змяненне курсу валют, як у Расеі, так і ў Беларусі, з'яўляецца вельмі праінфляцыйным фактарам. Мала таго, што для нас імпарт з краін Захаду становіцца даражэй, дык яшчэ і расейскія тавары даражэюць, таму што там на фоне росту курсу долара інфляцыя набірае проста рэкордныя абароты. Значыць, кошты і для нас на расейскія тавары становяцца дарагімі. Беларусы змогуць купіць нашмат менш за тыя грошы, тыдні летам ці вясной», – падводзіць рысу Аліса Рыжычэнка.
Арсен Рудэнка belsat.eu