Новы год на носе і беларусы рыхтуюцца адзначыць свята ў працоўных калектывах. Рэстараны і кавярні замаўляюць загадзя – ў некаторых установах ужо ў лістападзе не было месцаў. Даведаліся, колькі каштуе карпаратыў у залежнасці ад таго, дзе і як яго адзначаць, і што цікавага прапануюць.
Забавы ля Менскага мора або цыганскі ансамбль
Класічны выбар – гэта рэстаран. Прапановы і, адпаведна, цэны, самыя розныя. Адзін з рэстаранаў на Менскім моры прапануе шоу-праграму з вядоўцам, жывым гукам, інтэрактыўным шоу, VIP-госцем, фатографам, DJ, люстранымі змеямі і, вядома, будуць Дзед Мароз і Снягурка. Усе гэтыя радасці за 320 рублёў з чалавека. З ежы дадуць порцыю філе траскі ў арэхавай паніроўцы з бульбяным пюрэ. Таксама на гарачае будзе запечаная свіная шыя, аднак ужо не порцыя, а агульная падача. Салат – з курыным філе з яблыкам і соусам чылі-майо. І пяць розных закусак, у якія ўваходзяць розныя нарэзкі і аліўе з крэветкамі. Алкаголь у кошт не ўваходзіць.
Падобны варыянт у Бараўлянах за 300 рублёў з чалавека.
Ёсць прапановы сціплей. Адзін з менскіх рэстаранаў у раёне Бангалор гатовы прымаць гасцей пры замове ад 100 рублёў з чалавека. Абяцаюць комплекснае меню, салаты і халодныя закускі. Дазволена прыносіць свой алкаголь. Асобна можна заплаціць за праграму – 30 рублёў з чалавека. Туды ўваходзяць вядучы, конкурсы, фотазона, цыганскі ансамбль. Мяркуючы па «Instagram» установы, падыдзе тым, хто любіць пакрычаць і пад песні Надзеі Кадышавай, і пад «It's Raining Men». Прастора вельмі вялікая з мноствам сталоў, таму на танцпляцоўцы, якая таксама там ёсць, наўрад ці атрымацца быць толькі ў сваёй кампаніі.

Па менскіх установах у цэлым шмат прапаноў на суму ад 100 да 160 рублёў на чалавека. Яшчэ адна – караоке-бар у цэнтры горада. Там просяць зрабіць заказ ад 100 рублёў на персону. Калі са сваім алкаголем, то на 175 рублёў. У канцы лістапада вольных дат за два тыдні перад новым годам толькі тры. Забаўляць жывой музыкай, караоке, Дзедам Марозам і Снягуркай, будзе і дыскатэка и вядоўца праграмы. Набраць 100 – 175 рублёў у заказ даволі проста. На закуску карпачча з ялавічыны тут каштуе 21 рубель, на асноўную страву ўдон з ялавічынай і гароднінай – 28 рублёў, салата цэзар з ласосем – 24 рублі.
Можна разгледзець кафэ. Ёсць варыянт у цэнтры горада за 100 рублёў у працоўныя і 130 рублёў у выходныя дні. Салаты тут каштуюць 18 – 29 рублёў у залежнасці ад таго, хочаце вы салат з сырам фета або з крэветкамі і мідыямі. Асноўная страва абыдзецца ў 20 – 40 рублёў. За 22 рублі, напрыклад, біфштэкс з бульбянымі долькамі, а за 38 – стэйк з ласося з бульбяным пюрэ. З забаў жывая музыка, вядоўца і Дзед Мароз са Снягуркай.
Сціплей у Менску і багацей у Пінску
Ёсць і кафэ, якія просяць 90 рублёў за чалавека на навагодні карпаратыў у Менску. Тут абстаноўка выглядае сціплей, чым у папярэдняй прапанове, аднак акуратна і прыемна. Гасцей могуць размясціць у асобнай зале. Весяліць абяцаюць да раніцы, уключаны вядоўца, Дзед Мароз і Снягурка, танцавальныя нумары. У водгуках людзі пішуць, што задаволеныя разнастайнасцю ежы і вялікімі порцыямі.

Арганізаваць свята далей ад Менску не заўсёды азначае танней. Напрыклад, у Пінску кафэ з аўтарскай беларускай кухняй просіць 155 рублёў з чалавека, алкаголь трэба прыносіць свой. Праўда, за гэтую суму адпачыць можна нават лепш, чым у Менску. Інтэр'ер кафэ стыльны і ўтульны. Абяцаюць накарміць спецыяльным навагоднім меню, вядома, беларускай кухні. Паўкіло дранікаў з ялавічынай і грыбным соусам тут каштуе 26 рублёў, а каўбаскі з аленіны з маладой бульбай і ягадным соусам (400 грамаў) – 31 рубель. У праграме саксафаніст, вядучы, DJ, Дзед Мароз і Снягурка і фаер-шоу.
Адзін з пінскіх рэстаранаў просіць 110 рублёў з чалавека. Вольных дат тут засталося ўсяго тры ў дэкаду перад Новым годам. Будзе шоу-праграма, а алкаголь трэба прыносіць свой. Навагоднім меню яшчэ не дзеляцца, але ў агульным меню можна даведацца, што рукала з крэветкамі тут каштуе 24 рублі, марскі акунь у вустрычным соусе (160 грамаў) – 22 рублі, а стэйк з ялавічыны з аўтарскім соусам (250 грамаў) – 29 рублёў.
У Гомелі рэстаран ля ракі Сож гатовы прымаць гасцей пры замове ад 70 рублёў з чалавека. Алкаголь можна свой. Верагодна, сума заказу будзе вышэй, чым 70 рублёў. Грэчаская салата тут каштуе 17 рублёў, а з тунцом – 27, курыная грудка з гароднінай – 22 рублі, ялавічны стэйк – 44 рублі. Сэрвісы за асобную плату – фатограф, Dj, жывая музыка, вядоўца і афармленне.
Таксама ў Гомелі можна адправіцца ў кафэ грузінскай кухні, дзе за свята просяць 130 рублёў. На навагодні карпаратыў ладзяць вечарыну ў стылі 90-х. Абяцаюць уключаць хіты таго часу, будзе грузінскі каўказскі стол, спецыяльны прыз за самы лепшы вобраз у стылі 90-х і танцы. Таксама будзе тамада і застольныя песні, настольныя гульні і віктарыны. Паўкіло хачапуры тут каштуе 17 – 19 рублёў. 200 грамаў шашлыка па-грузінску – 16 – 18 рублёў, а хінкалі па 2,5 рубля.
Самы танны варыянт і свята сваімі рукамі

Танней за ўсё, як у Менску, так і далей ад сталіцы абыдзецца сталовая. У Менску знаходзім вельмі прывабныя прапановы – каля 40 рублёў з чалавека. Тут танная і, мяркуючы па фота і водгуках, добрая ежа. Можна са сваім алкаголем. Інтэр'ер у некаторых месцах не падобны на тыповыя чакання ад сталовай і больш нагадвае прыемнае кафэ з прасторнай залай. Праўда, разлятаюцца такія прапановы як гарачыя піражкі. Як распавялі «Белсату» у адной з такіх устаноў, куды мы патэлефанавалі пад выглядам госця, пад канец лістапада ўсе даты перад Новым годам ужо разабраныя.
Заўсёды ёсць варыянт усё ўзяць у свае рукі і зладзіць сабе свята. Калі гатовыя наразаць салаты і смажыць шашлыкі – можна разгледзець арэнду катэджа. Па цэнах прапановы самыя розныя. Сучасны катэдж пад Менскам або ў Менскай вобласці для кампаніі 12 – 20 чалавек можа абысціся ў 490 – 600 рублёў за содні. Некаторыя ўладальнікі просяць плаціць за персону. Напрыклад, за 12 кіламетраў ад МКАД кошт складае 41 рубель за содні з чалавека. Катэдж прасторны з більярдам і лазняй.
Катэджы пад Пінскам прыкладна такога ж узроўню каштуюць у раёне 30 рублёў за содні з чалавека. У Гомелі і Гомельскім раёне – 30 – 40 рублёў. Таксама ў Гомелі можна знайсці шыкоўны дом за 700 рублёў за содні ці вельмі добры дом Ля возера за 350 рублёў за содні.
Арсен Рудэнка belsat.eu