У чацвер, 27 лістапада, Сейм не прыняў да разгляду паправак, што прадугледжваюць новыя абмежаванні для беларусаў і расейцаў на 2025 год.
Парламент вырашыў не ўводзіць з 1 верасня 2025 года забароны працаваць педагогамі і журналістамі грамадзянам Расеі і Беларусі. Такіх зменаў жадала апазіцыйнае Нацыянальнае аб’яднанне, піша Delfi.
Таксама Сейм адхіліў праект рашэння Нацыянальнага аб'яднання «Аб неадкладных дзеяннях у звязку са зніжэннем колькасці латышоў у Латвіі і ўездзе грамадзянаў трэціх краінаў».Той прадугледжваў, што да 1 траўня грамадзянам трэціх краінаў выдадуць доўгатэрміновыя візы і віды на жыхарства ды анулюць гэтыя дакументы тым, перабыванне каго некрытычнае для функцыянавання асобных галінаў народнай гаспадаркі Латвіі.
«У 1996 годзе была прынятая Дэкларацыя аб акупацыі Латвіі, і ў ёй дакладна пазначана, што ўрад СССР мэтанакіравана засяліў у Латвію сотні тысяч мігрантаў, з мэтаю знішчыць ідэнтычнасць латвійскага народу. У выніку гэтай палітыкі доля латышоў як карэннай нацыі скарацілася з 77 % да 52 %. З моманту аднаўлення незалежнасці Латвіі доля латышоў павялічылася з 52 % да 63 %, але за апошнія два гады праз нізкую нараджальнасць, высокую смяротнасць ды эміграцыю гэтая доля пачала скарачацца, трымалася на ўзроўні каля 20 тысяч нованароджаных за год, то сёлета, хутчэй за ўсё, будзе ўсталяваны антырэкорд. 13 тысячаў нованароджаных», – нагадаў дэпутат Яніс Дамбрава з Нацыянальнага аб’яднання.
Ідэя не спадабалася латышскаму МУС.
«Цалкам спыніць іміграцыю да часу, пакуль мы не дасягнем станоўчага прыросту латышскага насельніцтва, калі колькасць народжаных перавысіць колькасць памерлых або тых, хто эміграваў, – гэта абсурд. Будзем шчырыя, Нацыянальнае аб'яднанне працавала над паляпшэннем дэмаграфічнай сітуацыі, шмат было зроблена, але нават блізка не ўдалося дасягнуць станоўчага балансу. Таму проста заяўляць, што мы зараз усё забаронім, і раптам усё палепшыцца, доля латышоў вырасце, – гэта проста няправільна. Іміграцыя павінна быць, але яна павінна быць строга кантраляванай і рэгуляванай, і менавіта гэтым займаюцца ўстановы МУС», – заявіў у адказ незалежны дэпутат, парламенцкі сакратар МУС Ігар Раеў.
Тэса Анэйда belsat.eu