Палітык пахваліў расейскую зброю і запэўніў Пуціна, што ў Беларусі «гатовыя месцы дыслакацыі» для яе. Зрэшты, Лукашэнка сказаў, што запытаў пра «Орешник» нібыта з жартам.
Аляксандр Лукашэнка загаварыў пра новую расейскую зброю «Орешник» на палях саміту АДКБ у Астане. Палітыка спытаў пра гэта прапагандыст Павел Зарубін.
Лукашэнка ўпэўнены, што дэманстратыўны ўдар «Орешником» па Дняпры ва Украіне «ўжо астудзіў» тых, хто «паставіў свет на мяжы трэцяй сусветнай вайны»:
«Гэта мы бачым паводле заяваў медыяў. Праўда, адзінай лініі няма, усё пайшло ўразнабой. Гэта кажа пра тое, што крыху разгубіліся».
Як сказаў палітык, «зброя добрая»:
«Не ядравая зброя, але паводле сваёй магутнасці супастаўная з ядраваю зброяй, аднак без радыяцыі, што пранікае, без заражэння мясцовасці і аб'ектаў. Такое моцнае ўздзеянне на гэтак званую сусветную супольнасць і асабліва на тых, хто думаў, што ўсё абыдзецца. Не абыдзецца».
Лукашэнка таксама паведаміў, што запэўніў Уладзіміра Пуціна ў гатовасці ў Беларусі месцаў для гэтых ракетаў:
,,«Я тут старэйшаму брату пажартаваў, кажу: ну, месцы дыслакацыі гатовыя. Калі?»
Расея атакавала Дняпро «Орешником» 21 лістапада. У той жа дзень Пуцін заявіў, што гэта было выпрабаванне новай балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці ў бяз’ядравай гіпергукавой версіі. Паводле яго, ракета была нацэленая на ракетабудаўнічы завод «Южмаш» і цэлі дасягнула.
Як сцвярджаў палітык, гэтая ракета можа атакаваць з хуткасцю 2500–3000 м/с, а сучасныя сродкі паветранай абароны перахапіць яе не могуць. Зрэшты, Пуцін раней заяўляў, што ракеты «Кинжал» таксама немагчыма перахапіць, пры гэтым украінскія і заходнія адмыслоўцы пярэчаць і кажуць, што іх можа перахапіць сістэма «Patriot».
Надоечы крыніцы «Reuters» паведамілі, што балістычная ракета, якою атакавалі Дняпро, мела некалькі боегаловак, але была без выбухоўкі. Гэтая акцыя магла быць папярэджаннем Захаду.
Раней, як сцвярджалі дзяржаўныя крыніцы абедзвюх краінаў, у Беларусь прывезлі расейскую ядравую зброю. Лукашэнка даўно пра яе марыў, спадзяючыся, што калі яна будзе на тэрыторыі Беларусі, маўляў, на нас ніхто не нападзе.
Пры гэтым аб'яднанне былых сілавікоў «BELPOL» днямі выпусціла расследаванне пра ядравую зброю і зрабіла выснову, што няма аніякіх доказаў ды пацверджання таго, што яна ўжо ў нашай краіне.
«Шматлікія і супярэчлівыя заявы пра дастаўку ў нашую краіну расейскіх тактычных ядравых боепрыпасаў ёсць элементамі ІПСА рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі», – адзначылі ў «BELPOL».
Сцяпан Кубік belsat.eu