28 лістапада акруговы суд Познані пастанавіў адмовіць у экстрадыцыі беларуса Дзмітрыя Плескачова. Суд прызнаў, што запыт аб экстрадыцыі актывіста, якога пераследавалі ўлады Беларусі, палітычна матываваны.
«Экстрадыцыя сталася б грубым парушэннем прынцыпаў міжнароднага права. Мы ўдзячныя польскім уладам за паслядоўнае падтрыманне ў барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасці і абарону правоў беларусаў і беларусак», – адзначыў пасля заканчэння пасяджэння Леанід Марозаў, дарадца Святланы Ціханоўскай у прававых пытаннях.
У Офісе дэмакратычнай лідаркі адзначылі, што прадстаўнік польскай пракуратуры таксама заявіў пра незаконнасць патрабаванняў уладаў Аляксандра Лукашэнкі аб экстрадыцыі.
Там адзначылі, што адмова ў экстрадыцыі сталася магчымая дзякуючы зладжанай працы дэмакратычных сілаў і польскага адваката, які рэпрэзентаваў інтарэсы Дзмітрыя Плескачова ў судзе. Офіс Ціханоўскай загадзя атрымаў інфармацыю пра гэтую справу ад прадстаўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету ў сацыяльнай палітыцы Вольгі Зазулінскай і праваабарончай арганізацыі «Dissident.by». Юрыдычная каманда Офісу дапамагала актывісту і прысутнічала на пасяджэнні.
У кастрычніку дэмакратычныя сілы дамагліся вызвалення затрыманага ў Сербіі рэжысёра Андрэя Гнёта. Тым не менш 14 лістапада з В’етнаму ў Менск даставілі былога ваяра палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка.
Аб’яднаны пераходны кабінет 25 лістапада прызначыў намеснікам прадстаўніцы Кабінету ў сацыяльнай палітыцы, адказным за пытанні легалізацыі ў розных краінах.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Якуб Хруст belsat.eu