Пад каток рэпрэсіяў у Беларусі працягваюць трапляць і прыхільнікі ўладаў ды вайны Расеі супраць Украіны. Пра чарговы такі выпадак сталася вядома ў Воршы.
27 лістапада ў Воршы ў мясцовым судзе прайшоў разгляд справы Андрэя Падабедава, якога судзілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, залучанай у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавоз з мэтаю распаўсюду такой інфармацыйнай прадукцыі»).
Як адзначае тэлеграм-канал «Витебск, я гуляю! | Новости Витебска», з такімі ініцыяламі ў Воршы ёсць 26-гадовы мясцовы маладзён, які на сваіх старонках у сацсетках часцей выказваў зацікаўленасць у дзяржаўных падзеях, а таксама сімпатыі да расейскай агрэсіўнай палітыкі ва Украіне. На думку аўтараў каналаў, прычынаю складання адміністратыўнага пратаколу магло стацца тое, што Падабедаў рэгулярна лайкаў бязвінныя навінавыя публікацыі з суполкі аршанскага парталу orsha.eu, матэрыялы якога былі прызнаныя «экстрэмісцкімі». Судзіць яго мелася Юлія Вяршыніна.
Тым часам 25 лістапада ў судзе Кармянскага раёну суддзя Андрэй Аўсейцаў другі раз запар разглядаў адміністратыўную справу мясцовага праўладнага блогера Аляксандра Петрачкова, якога таксама вінавацілі паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Першы раз яго судзілі за распаўсюд экстрэмізму 21 кастрычніка. Раней Петрачкоў браў актыўны ўдзел у шматлікіх падзеях, якія ўлады арганізоўвалі на сваё падтрыманне, некалькі разоў ён рабіўся станоўчым героем публікацыяў у мясцовай дзяржаўнай газеце.
20 лістапада праваабаронцы прызналі палітвязнем Яўгена Катлярова, даносы якога сталіся падставаю для абвінавачвання некалькіх гомельцпў паводле адміністратыўных і крымінальных артыкулаў. Яго затрымалі ўвесну 2024-га пасля публікацыі некалькіх відэа з крытыкаю дзеянняў чыноўніка Гомельскага аблвыканкаму Андрэя Бараноўскага. 8 кастрычніка яму прызначылі паўтара года калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Якуб Хруст belsat.eu