Падчас расейскай атакі з вечара 27 лістапада па тэрыторыі Украіны выяўлена 188 сродкаў паветранага нападу. Удары праціўнік накіроўваў на аб’екты энергетыкі, заявілі ў Паветраных сілах Украіны.
У паведамленні адзначаецца, што паветраная атака працягвалася з 19:30 27 лістапада. Агулам радыётэхнічныя войскі выявілі 188 сродкаў паветранага нападу: 3 зенітныя кіраваныя ракеты С-300, 57 крылатых ракет Х-101, 28 крылатых ракет «Калібр», 3 кіраваныя авіяцыйныя ракеты Х-59/69 і 97 ударных БПЛА тыпу «Shahed» і беспілотнікаў неўстаноўленага тыпу.
Станам на 10:30 паводле мясцовага часу пацверджана збіццё 76 крылатых ракет Х-101 / «Калібр», 3 кіраваных авіяцыйных ракет Х-59/69 і 35 БПЛА.
Якія наступствы ўдараў
У Паветраных сілах адзначылі, што ракетна-дронавы ўдар быў накіраваны на аб’екты энергетыкі Украіны. У выніку, паведамляе УНІАН, у Ровенскай вобласці 280 тысяч абанентаў засталіся без электразабеспячэння, таксама назіраюцца праблемы з вадой. У Львоўскай вобласці засталіся без святла 523 тысячы абанентаў.
У Луцку перасталі ездзіць тралейбусы, а водаканал і цеплаэнерга падключаюць да альтэрнатыўных крыніц энергіі. Жытомір таксама быў абясточаны. У Івана-Франкоўскай вобласці былі ўведзеныя аварыйныя адключэнні святла.
У Кіеўскай вобласці ў выніку атакі пацярпелі два чалавекі. Расейцы пашкодзілі інфраструктурны аб’ект. У Адэскай вобласці таксама ёсць параненыя і разбурэнні, пашкоджаныя прынамсі 18 прыватных дамоў, газаправод, гаспадарчыя пабудовы і аўтамабілі.
Раней паведамлялася пра выбухі ў Мікалаеве, Кіеве, Роўна, Луцку. Старшыня Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сінягубаў адзначыў, што расейскія войскі нанеслі па Харкаве тры ўдары.
Якуб Хруст belsat.eu