Раніцай 28 лістапада Расея зладзіла масіраваную атаку на Украіну. Паведамляецца пра выбухі ў шэрагу гарадоў. Як заяўляецца, цэлямі атакаў сталі аб’екты энергетыкі.
Увечары расейскія войскі запусцілі дроны, а бліжэй да раніцы ў неба ўзляцелі сем бартоў стратэгічных бамбавікоў Ту-95МС. У 05:03 расейцы запусцілі «Калібры» з акваторыі Чорнага мора.
УНІАН паведамляе пра выбухі ў Мікалаеве, Кіеве, Роўна, Луцку. Старшыня Харкаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Алег Сінягубаў адзначыў, што вораг нанёс па Харкаве тры ўдары.
Міністр энергетыкі Украіны Герман Глушчанка заявіў, што пад масіраваным ударам арміі РФ знаходзяцца энергааб’екты па ўсёй Украіне. Паводле яго, уводзяцца экстранныя адключэнні электраэнергіі. Наступствы паабяцаў удакладніць, «як толькі будзе дазваляць сітуацыя з бяспекай».
Пра атаку дронаў ужо з украінскага боку паведамляюць і расейскія ўлады. Гэтак, губернатар Краснадарскага краю Веніямін Кандрацьеў заявіў, што ў Славянску-на-Кубані абломкі БПЛА ўпалі ў двор прыватнага домаўладання, у памяшканні разбітыя вокны, пацярпела гаспадыня дома, пашкоджаны аўтамабіль. У хутары Чыгрына Чырвонаармейскага раёна асколкамі беспілотніка пашкоджаны дом.
Мінабароны Расеі таксама кажа пра атакі дронаў на Бранскую і Растоўскую вобласці ды Крым. Як заяўляецца, знішчана 25 беспілотнікаў.
Якуб Хруст belsat.eu