Расейскае выданне «Медиазона» назвала імя беларуса, які можа быць датычны да нападу на паплечніка Аляксея Навальнага Леаніда Волкава ў Вільні. Верагодна, гэта сын афіцэра КДБ. Гэта стала вядома пасля аналізу злітай перапіскі расейскага мільянера Леаніда Неўзліна і юрыста Анатоля Блінова.
Раней у Польшчы былі арыштаваныя людзі, якія падазраюцца ў нападзе на Леаніда Волкава. Тады прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск распавёў, што яны з колаў футбольных фанатаў, а наняў іх грамадзянін Беларусі. Аднак больш падрабязнасцяў пра гэтага чалавека не паведамлялася.
«Медиазона» піша, што гэта можа быць 36-гадовы Віктар Павелка, якога ў 2022 годзе судзілі за махлярства і адмыванне грошай у Польшчы.
Польскае выданне «Polityka» пісала тады пра Павелку, што ён сын афіцэра КДБ Беларусі, які стварыў у Польшчы злачынную групу, якая схіляла людзей да махлярства.
Адзін з падсудных, які праходзіў па справе разам з Павелка, сцвярджаў, што змоўшчыкі Павелка паставілі на яго машыну GPS-пазнаку, каб высачыць, а затым паранілі нажом. Іншы падсудны, грамадзянін Украіны, распавёў, што Павелка п'е і паводзіць сябе агрэсіўна, часта пагражае фізічнай расправай. Яшчэ адзін падсудны, які займаўся разам з Павелка гульнявым бізнесам, адзначыў, што той падсылаў да яго дадому рускамоўных вымагальнікаў, каб выбіць даўгі.
Тады Павелка прысудзілі да 3 гадоў і 8 месяцаў пазбаўлення волі. Аднак ён ужо больш за два гады прабыў у СІЗА, таму неўзабаве выйшаў на волю.
Як распавялі «Белсату» у пракуратуры Польшчы, пасля нападу на Волкава, арыштаваны беларус Віктар П., якога падазраюць сярод іншага ў гвалтоўных дзеяннях або пагрозах на падставе нацыянальнай, этнічнай, расавай, палітычнай ці рэлігійнай прыналежнасці ці яе адсутнасці. А таксама ў кіраванні злачынствам або загадзе здзейсніць яго; падбухторванні да злачынства; садзейнічанні шляхам прадастаўлення прылады, транспарту або парадаў або бяздзейнасць у спыненні злачынства. Беларус пад арыштам.
«Медиазона» адзначае, што прозвішча Павелка згадваецца ў перапісцы Анатоля Блінова адзін раз.
«Ёсць навіна – ёсць кур'ер, які возіць залатыя манеты і грошы з Беларусі ў Швейцарыю і назад. Знаёмы майго нумізмата. Банкаўскі кур'ер – Павелка Уладзімір», – гаворыцца ў паведамленні ад 1 снежня мінулага года.
Выданне дапускае, што бліноў мог пераблытаць імя. Таксама ў лісце Блінова гаворыцца, што Павелка супрацоўнічае са следствам і дае супраць яго паказанні.