Застацца беларусам стыльнымі дапамогуць тавары айчыннай вытворчасці, упэўненая старшыня канцэрну «Беллёгпрам» Таццяна Лугіна. Сваім бачыннем стану беларускай лёгкай прамысловасці чыноўніца падзялілася ў эфіры «Першага інфармацыйнага». Ці атрымаецца цалкам замяніць звыклы для беларусаў масмаркет айчыннай прамысловасцю?
«Малы бізнес… Ён і сам індывідуальны, неяк прыватны, можа быць, выплыве. А дзяржструктуры, я прынамсі так бачу, трэба так нават часам праз адміністраванне, праз, як прэзідэнт кажа, і прымус, але накіроўваць туды, каб усе мы былі разам, адзіныя і прадстаўлялі інтарэсы нашага беларускага лёгпраму», – заявіла старшыня канцэрну «Беллёгпрам» Таццяна Лугіна.
Направілі ж вырабы айчынных вытворцаў у гандлёвую сетку «Да дому». Менавіта гэтымі крамамі хатніх тавараў планавалі замяніць «Zara Home», «Ікeа» ды «JYSK», што пайшлі з Беларусі.
Сёння мультыбрэндавая пляцоўка прапаноўвае прадукцыю амаль пяці дзясяткаў беларускіх марак. Але бізнесовец, вядоўца праграмы «Атма$фера» на «Белсаце» Аляксандр Кныровіч лічыць, што «Беллёгпрам» не здолее замяніць крамаў, якія існуюць паводле зусім іншых бізнес-законаў:
,,«Не хапае добрага менеджменту, не хапае камерцыйнага і эканамічнага падыходу да такіх праектаў, а не падыходу так званага дзяржаўнага».
Запазычылі з заходніх крамаў не толькі асартымент, але і элементы дызайну гандлёвых залаў. Гэтак, святло ў памяшканнях мае быць прыглушаным і мяккім, а колеры інтэр’еру – пастэльнымі. Атмасфера ўтульнасці мусіць падштурхоўваць гандаль, заяўлялі раней чыноўнікі. Аднак патрабаванні да фірмавага стылю пратрымаліся нядоўга:
«Цяпер мы бачым, што крамы адчыняюцца ў зусім іншых колерах, з зусім іншым стаўленнем. Зірніце на інтэрнэт-старонку крамы "Да дому" – яна цяпер не працуе, не адчыняецца ні ў мяне, ні з Беларусі. Гэта кажа пра стаўленне самога канцэрну "Беллёгпрам" да гэтай працы», – кажа Аляксандр Кныровіч.
Першы магазін сеткі «Да дому» адкрылі летась у сталічным «Dana Mall». Цяпер жа крамы айчыннай сеткі працуюць і па-за межамі Беларусі: у расейскіх Новасібірску і Екацярынбургу, а таксама ў сталіцы Чачэніі, Грозным. Паводле Лугіной, замежныя пакупнікі цэняць якасць беларускіх тавараў.
,,«З Ресеі пайшло яшчэ больш брэндаў, чым з Беларусі, таму хоць нешта пастаўляць туды варта. Можа, паводле старой памяці, як і малочныя прадукты, гэта карыстаецца папулярнасцю ў іншых краінах былога СССР – можа, нейкая настальгія», – разважае былы франчайзі «Gustav Kaeser Swiss», бізнес-кансультант Аляксандр Ханін.
Яшчэ больш пашыраць гандлёвую сетку плануюць праз продаж франшызы. Філіялы канцэпт-стору маюць адчыніцца па ўсёй Беларусі і ў расейскіх гарадах-мільённіках ды статысячніках.
Але ёсць нюанс. Праца паводле дзяржаўнай франшызы можа стацца не прывабнай для беларускіх прадпрымальнікаў.
«Калі мы кажам, што ўлады Беларусі збіраюццца нешта прадаваць, а тым больш франшызу, то нічога, акрамя ўсмешкі, гэта не выклікае. Бо няма прадукту, няма брэнду, няма тэхналогіі – амаль нічога няма. Мы гэта бачым на прыкладзе ЦУМу, ГУМу і ўнівермагу "Беларусь"», – працягвае Аляксандр Ханін.
У планах уладаў налета нарасціць колькасць канцэпт-стораў да дваццаці чатырох. Прычым да гандлю хочуць прыцягнуць дробных рамеснікаў. Толькі вось ці пралічыў «Беллёгпрам» магчымасці ў забеспячэнні патрэбных аб’ёмаў для буйной франшызы, кіраўніца канцэрну не ўдакладніла.
Таксама глядзіце ў сюжэце:
Кацярына Гардзеева, «Белсат»