У Беластоку збілі 16-гадовага падлетка з Беларусі. Беларускі МЗС адрэагаваў на тое, што здарылася і паабяцаў «консульскае садзейнічанне».
Навіна пра збіццё непаўналетняга беларуса з'явілася 26 лістапада. Паведамлялася, што гэта зрабілі трое яго знаёмых, двое з якіх таксама непаўналетнія. У выніку пацярпелы страціў прытомнасць і быў дастаўлены ў бальніцу. Бацька падаў заяву ў міліцыю.
Прэс-сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз распавёў, што пакуль паведамленняў ад паліцыі або сваякоў замежнай установы Беларусі ў Польшчы не атрымлівалі.
«У выпадку звароту пацярпелага і яго бацькоў ім, вядома, будзе аказана магчымае консульскае садзейнічанне, – сказаў Глаз. – Сітуацыя нас сур'ёзна турбуе. Гэта далёка не першы інцыдэнт з грамадзянамі Беларусі ў суседняй краіне. У апошні час усё большую агалоску атрымліваюць шматлікія выпадкі цкавання беларускіх дзяцей у польскіх школах, збіцця і нападаў на беларусаў па нацыянальнай прыкмеце...».
Ён заявіў, што МЗС бачыць прыкметы ксенафобіі ў Польшчы ў дачыненні да беларусаў, украінцаў і расейцаў. Таксама Глаз заклікаў улады Польшчы «прыняць вычарпальныя меры для забеспячэння асноватворных правоў і свабод грамадзян, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі і нацыянальным заканадаўствам».
Арсен Рудэнка belsat.eu