навіны

Новая расейская ракета, якая ўдарыла па Дняпры, была «папярэджаннем» без выбухоўкі – СМІ

Мабільная міжкантынентальная балістычная ракетная сістэма
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Мабільная міжкантынентальная балістычная ракетная сістэма. Фота: Getty Images
podpis źródła zdjęcia

Новая балістычная ракета, якой Расея на мінулым тыдні атакавала горад Дняпро, мела некалькі боегаловак, але была без выбухоўкі. Пра гэта распавялі крыніцы «Reuters», якія выказваюць думку, што гэта было папярэджаннем Захаду.

Ракета нанесла абмежаваную шкоду, распавялі інфармацыйнаму агенцтву дзве высокапастаўленыя крыніцы ва ўкраінскім урадзе. Адна з крыніцаў паведаміла, што ракета несла макетныя боегалоўкі, і назвала прычыненую шкоду «даволі невялікай». На іхную думку, атака была падобная на папярэджанне Захаду пасля таго, як ЗША і Вялікая Брытанія дазволілі Украіне біць углыб Расеі.


Расейская атака адбылася неўзабаве пасля таго, як Украіна меркавана ўдарыла ракетай ЗША ATACMS па Бранскай вобласці.


Са словаў амерыканскіх чыноўнікаў, расейская атака на Дняпро была ажыццёўленая эксперыментальнай ракетай сярэдняй далёкасці. Такі тып ракетаў звычайна выкарыстоўваецца для нанясення ядравых удараў па цэлях, аддаленых на тысячы кіламетраў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Тэставы запуск міжкантынентальнай балістычнай ракеты «Minuteman III». 20 лютага 2016 года. Фота: Michael Peterson / U.S. Air Force

Што вядома пра ўдар Расеі па Украіне эксперыментальнай балістычнай ракетай

Вайна

Кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін заявіў, што ўдар балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці «Арэшнік» быў паспяховым выпрабаваннем і яна дасягнула цэлі – ракетна-абароннага прадпрыемства ва ўкраінскім горадзе Дняпро. Пуцін таксама адзначыў, што Расея працягне баявыя выпрабаванні «Арэшніка» і што ў яе ёсць запас, гатовы да выкарыстання.


Кіеў заявіў, што Украіна ўжо працуе над стварэннем паветраных сістэмаў для процідзеяння гэтай зброі.


Амерыканскія чыноўнікі распавялі, што Расея, імаверна, мае толькі некалькі ракетаў, якія, на думку заходніх экспертаў, былі створаныя на аснове балістычнай ракеты сярэдняй далёкасці РС-26.


Заяўленая далёкасць палёту РС-26 складае больш за 5000 км, хоць ракета, якая ўдарыла па Украіне з Астраханскай вобласці Расеі, праляцела ўсяго каля 700 км.


«Я б сказаў, што гэта неймаверна дарагі спосаб нанесці, відаць, не такую ўжо моцную шкоду», – сказаў Джэфры Льюіс, дырэктар праграмы нераспаўсюду ядравай зброі ва Усходняй Азіі ў Цэнтры Джэймза Марціна для вывучэння праблемаў нераспаўсюду ядравай зброі пры Мідлбэраўскім інстытуце міжнародных даследаванняў у Каліфорніі, ЗША.


Арсен Рудэнка belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10