Міністэрства адукацыі апублікавала правілы для вучняў і іхных бацькоў. Паводле правілаў, трэба быць патрыётам і працавіком. Новаўвядзенні зацверджаныя ўказам Мінадукацыі № 505 ад 21 лістапада 2024 года.
Мінадукацыі тлумачыць увядзенне новых правілаў працай над «выхаваннем грамадзяніна і патрыёта». Спіс абавязкаў бацькоў і вучняў даволі аб'ёмны, заўважыў «REFORM.news».
У бацькоў патрабуюць гадаваць патрыётаў
Паведамляецца, што бацькі – гэта таксама ўдзельнікі адукацыйнага працэсу, значыць, згодна з дакументам, абавязаныя фармаваць у дзяцей грамадзянскасць, патрыятызм, а таксама выхоўваць іх на аснове культурных і духоўных традыцыяў беларускага народу, паважаць гонар і годнасць настаўнікаў ды іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу.
Сярод патрабаванняў да бацькоў:
- забяспечваць умовы для выхавання, атрымання адукацыі і развіцця дзяцей;
- добрасумленна і якасна выконваць абавязкі бацькоў і быць узорам для дзяцей;
- абараняць правы дзіцяці і ствараць умовы для сацыялізацыі, умацавання здароўя, самаразвіцця і самарэалізацыі дзяцей;
- забяспечваць выкананне дзецьмі патрабаванняў настаўнікаў і правілаў навучальнай установы;
- пазбягаць канфліктаў ва ўзаемаадносінах з настаўнікамі і іншымі бацькамі, быць добразычлівымі, ветлівымі і тактоўнымі;
- падтрымліваць канструктыўныя і даверлівыя адносіны з удзельнікамі адукацыйнага працэсу і ўзаемадзеяць з настаўнікамі ў справе выхавання і навучання дзяцей;
- спрыяць стварэнню пазітыўных узаемаадносінаў у калектыве навучэнцаў і бацькоўскай супольнасці;
- выконваць этычныя прынцыпы і правілы паводзінаў, у тым ліку ў інтэрнэт-прасторы;
- паважліва ставіцца да нацыянальных і рэлігійных пачуццяў удзельнікаў адукацыйнага працэсу;
- імкнуцца да павышэння ўласнай псіхалагічна-педагагічнай кампетэнтнасці.
Спіс патрабаванняў да навучэнцаў таксама вялікі. Вучні, на думку Мінадукацыі, павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, а ў хадзе самаразвіцця фармавацца як грамадзяне, патрыёты і працавікі.
У працэсе вучобы Мінадукацыі хоча ад вучняў выканання наступных правілаў:
- быць патрыётамі краіны, малой радзімы і ўстановы адукацыі;
- быць ветлівымі і добразычлівымі ў зносінах з настаўнікамі ды іншымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, быць сумленнымі і шчырымі;
- актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці ўстановы адукацыі;
- добрасумленна вучыцца і імкнуцца да якаснага авалодання ведамі, уменнямі, навыкамі, да самавыхавання, развіцця ўласных здольнасцяў;
- выконваць правілы паводзінаў навучэнцаў і ўстановы адукацыі;
- паважліва ставіцца да чальцоў уласнай сям'і, настаўнікаў, навучэнцаў і іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу;
- выконваць патрабаванні настаўнікаў і бацькоў адносна выкарыстання гаджэтаў і інтэрнэту, выконваць правілы паводзінаў у інтэрнэт-прасторы;
- прытрымлівацца дзелавога стылю адзення, падтрымліваць парадак на працоўным месцы;
- паважліва ставіцца да нацыянальных і рэлігійных пачуццяў усіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу;
- беражліва ставіцца да маёмасці ўстановы адукацыі, падтрымліваць чысціню і парадак ва ўстанове адукацыі і на яе тэрыторыі.
Арсен Рудэнка belsat.eu