Тбіліскі гарадскі суд чарговы раз перанёс разгляд скаргаў беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка і дэлегаткі Каардынацыйнай рады Марыны Зялёнай на адмову ў наданні прытулку.
Як паведаміў Раман Кісляк, 25 лістапада прайшлі судовыя паседжанні ў абедзвюх справах. Паводле яго, «усе працэдурныя пытанні ўжо вырашаныя», але прадстаўнікі адказніка – дэпартаменту міграцыі МУС Грузіі – у суд не з’явіліся, піша «Позірк».
Наступнае паседжанне ў справе Кісляка прызначылі на 18 снежня сёлета. Праваабаронца чакае, што ў гэты дзень будзе прынятае рашэнне. У справе Марыны Зялёнай паседжанне перанеслі на сакавік 2025 года, бо «суддзя не атрымаў дакументаў са Службы дзяржаўнай бяспекі адносна абгрунтаванні яе як пагрозы». На думку Кісляка, іхныя справы адмыслова развялі ў часе, хоць «сітуацыі вельмі падобныя».
,,«Справы іншых беларусаў таксама распачынаюцца, але альбо паседжанне наогул пакуль не прызначаецца, альбо першае прызначаецца на студзень 2025 года», – сказаў ён.
Праваабаронца не выключае, што на ягонай справе грузінскія ўлады хочуць «паглядзець, як яно пройдзе», маўляў, яна «будзе пілотнай».
У выпадку, калі скарга не будзе задаволеная, Кісляк плануе звярнуцца ў Апеляцыйны суд Тбілісі.
Становішча «палітычных» беларусаў у Грузіі сур'ёзна пагаршаецца. На дадатак да візавых пастак і прыняцця закону аб «замежных агентах» цяпер, пасля абвяшчэння вынікаў выбараў у Грузіі, беларусам масава пачалі адмаўляць у прытулку, хоць раней іхныя справы разглядалі гадамі. Да таго ж, беларусы яшчэ больш баяцца таго, што пасля «візарану» іх могуць проста не ўпусціць назад у Грузію.
Якуб Хруст belsat.eu