Кіроўная партыя Грузіі «Грузінская мара» назвала кандыдата на прэзідэнцтва. Ім стаўся былы футбаліст Міхэіл Кавэлашвілі. З 2017 года мэрам Тбілісі ёсць іншы футбаліст – Каха Каладзэ.
Імя кандыдата на брыфінгу 27 лістапада назваў асабіста заснавальнік і ганаровы старшыня «Грузінскай мары» Бідзына Іванішвілі. Паводле яго, Міхэіл Кавэлашвілі – «найлепшае ўвасабленне грузінскага мужчыны», «выдатны муж і бацька чацвярых дзяцей», галоўныя якасці якога – «сумленнасць, справядлівасць, патрыятызм і прынцыповасць», перадае «NEWSGEORGIA».
Кавэлашвілі ўваходзіць у лік паплечнікаў «Грузінскай мары», якія фармальна вылучыліся ў партыю «Моц народу» і вызначаюцца рэзкімі антызаходнімі заявамі. Ён быў 18-м у партыйным спісе «Грузінскай мары» на парламенцкіх выбарах 26 кастрычніка, пра фальсіфікацыі на якіх заяўляла апазіцыя.
Хто такі Кавэлашвілі
Футбаліст, а цяпер дэпутат Міхэіл Кавэлашвілі нарадзіўся ў 1971 годзе. Пачаў гуляць у тбіліскім «Лакаматыве», затым перайшоў у «Дынама», у складзе якога быў шасціразовым чэмпіёнам Грузіі. У 1995 годзе перайшоў у расейскі клуб «Спартак-Аланія», з якім таксама заваяваў чэмпіёнства, уваходзіў у спіс найлепшых футбалістаў чэмпіянату Расеі.
У 1996-м перайшоў у «Манчэстэр Сіці», затым футбаліста аддалі ў арэнду ў швейцарскі «Грасгопэр». Гуляў за розныя клубы Швейцарыі, а ў 2004 годзе Кавэлашвілі аддалі на паўгода ў арэнду ў «Аланію».
У 2020 годзе футбаліст стаўся дэпутатам парламенту ад «Грузінскай мары». Паводле грузінскіх НДА, Кавэлашвілі не мае вышэйшай адукацыі, піша «Грузия online».
Кавэлашвілі падзякаваў Іванішвілі, «ганарліваму і выбітнаму для нас чалавеку», за «такі давер». Паводле Кавэлашвілі, цяперашняя прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі, апазіцыйна настроеная да «Грузінскай мары», «занядбала наш галоўны дакумент – Канстытуцыю Грузіі – і працягвае парушаць яе сёння».
«Я зраблю ўсё для аб’яднання грузінскага грамадства, для нашых нацыянальных інтарэсаў, для аб’яднання грамадства вакол ідэі ідэнтычнасці і незалежнасці Грузіі», – заявіў Кавэлашвілі.
Паслухмяны кандыдат, амаль «пінгвін»
Палітолаг Гія Хухашвілі перакананы, што вылучэнне Міхэіла Кавэлашвілі кандыдатам на пасаду прэзідэнта азначае скасаванне самога інстытуту прэзідэнцтва, бо Іванішвілі «пагасіў гэты апошні інстытут, апошнюю свечку ў грузінскай інстытуцыйнай дэмакратыі і нарэшце завалодаў ёю». На думку палітолага, лідар «Грузінскай мары», які ўсталяваў у краіне «культ асобы», «свабодна можа прызначыць прэзідэнтам пінгвіна, яму далі такое права».
,,«Ён смяецца з нас у нейкай ступені. У ягоным падыходзе да грузінскага грамадства ёсць пэўная іронія. Пры гэтым ён падкрэслівае, у якім стане мы ўсе цяпер і наколькі абсурднаю можа быць любая пастанова», – сказаў Хухашвілі.
Палітолаг Вахтанг Дзабірадзэ адзначыў, што Кавэлашвілі «будзе паслухмяным і выканае ўсе ўмовы, якія скажа каманда». Дзабірадзэ таксама сцвярджае, што гэтаю пастановаю «наогул скасавалі інстытут прэзідэнта».
Як пройдуць выбары
Шосты прэзідэнт Грузіі ўпершыню будзе абраны непрамым шляхам (выбарчай калегіяй, якая складаецца з 300 чальцоў). Прэзідэнцкія выбары пройдуць 14 снежня а 09:00 у Палацы парламенту. У калегіі павінны быць рэпрэзентаваныя ўсе дэпутаты парламенту, чальцы Вярхоўных радаў аўтаномных Абхазіі і Аджарыі, а таксама чальцы мясцовых радаў, вылучаныя палітычнымі партыямі ў прапарцыйных суадносінах.
Згодна з Канстытуцыяй, каб кандыдат быў абраны ў першым жа туры, ён павінен набраць не менш як 2/3 галасоў чальцоў калегіі. Калі кандыдату на прэзідэнта не ўдасца набраць 2/3 галасоў, адбудзецца другі тур.
Інаўгурацыя прэзідэнта пройдзе 29 снежня, у трэцюю нядзелю пасля дня выбараў. Кіраўнік дзяржавы зойме пасаду на пяць гадоў.
Нагадаем, што партыя «Грузінская мара», згодна з інфармацыяй грузінскага ЦВК, атрымала 89 са 150 мандатаў у парламенце. Апазіцыя і прэзідэнтка Саламэ Зурабішвілі адмаўляюць вынікі выбараў, якія адбыліся 26 кастрычніка, і патрабуюць правядзення новых выбараў. Апазіцыйныя дэпутаты праігнаравалі першае паседжанне парламенту на знак сваёй нязгоды з вынікамі сфальсіфікаваных выбараў.
Якуб Хруст belsat.eu