26 лістапада ў Атаве прайшоў першы раўнд стратэгічных кансультацыяў паміж Канадай і беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Стратэгічныя кансультацыі паміж урадам Канады і беларускімі дэмакратычнымі сіламі ёсць аналагам стратэгічнага дыялогу з ЗША ці Кансультатыўнай групы з Еўразвязам. З канадскага боку ў кансультацыях удзельнічалі прадстаўнікі ўраду, МЗС, дырэктары дэпартаментаў, якія займаюцца санкцыямі, міжнародным правасуддзем і Усходняй Еўропай, а таксама амбасадарка Канады ў Варшаве Кэтрын Гоўдын, якая адказвае за Беларусь.
Кансультацыі праходзілі ў трох асноўных кірунках:
- палітыка, бяспека і палітвязні;
- дэмакратызацыя і падтрыманне медыяў;
- прыцягненне да адказнасці і справядлівасць.
Асноўная ўвага падчас кансультацыяў была прысвечаная падтрыманню незалежных медыяў, прыцягненню ўладаў Аляксандра Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, прызначаным ім на студзень 2025 года прэзідэнцкім выбарам і ваенна-палітычнаму становішчу ва Усходняй Еўропе.
«Сённяшнія кансультацыі адкрываюць новую старонку ў стасунках паміж Беларуссю і Канадай. Разам мы будзем працаваць дзеля вызвалення палітвязняў, падтрымання незалежных медыяў і грамадзянскай супольнасці. У наступным годзе Канада пачынае старшынства ў G7, і мы спадзяемся, што Беларусь будзе адным з яе прыярытэтаў», – сказала абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.
Мэта такіх кансультацыяў – выпрацаваць супольныя пазіцыі і прыярытэты ў ключавых пытаннях, а таксама зрабіць праграмы падтрымання больш эфектыўнымі і адпаведнымі патрэбам беларускага грамадства. Правядзенне такіх кансультацыяў – гэта таксама падтрыманне і прызнанне суб’ектнасці дэмакратычных сілаў, адзначылі ў Офісе Ціханоўскай.
Апрача таго, беларуская лідарка выступіла ў канадскім Манрэалі перад Парламенцкай асамблеяй NATO, што сабрала больш як 260 парламентарыяў з краінаў – чальцоў Альянсу і партнёрскіх дзяржаваў. У сваім выступе Ціханоўская падкрэсліла важнасць пераменаў у Беларусі і заклікала не баяцца «змены рэжыму».
Якуб Хруст belsat.eu