26 лістапада ў польскім Гданьску адбылася цырымонія ўзнагароджання беларускай літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2024 года.
Першае месца прысудзілі Валянціну Акудовічу за кнігу «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым» (выдавецтва «Логвінаў») за «змястоўную і шырокую панараму інтэлектуальнага жыцця Беларусі».
Другое месца заняла Ганна Янкута за кнігу «Час пустазелля» (выдавецтва «Янушкевіч») «за сумленнае апавяданне зацікаўленага назіральніка і ўдзельніка сучаснай гісторыі».
Трэцяе месца прысудзілі Змітру Бартосіку з кнігаю «Забіць упалмінзага» (Радыё «Свабодная Еўропа» / Радыё «Свабода») за «асвятленне беларускай гісторыі».
Выбарам рэдакцыі «Еўрарадыё», аднаго з партнёраў конкурсу, стаўся твор «Гарэзлівы пацалунак. Кніга другая» Евы Вайтоўскай («Янушкевіч»).
Прэмія імя Ежы Гедройця – найбуйнейшая незалежная літаратурная прэмія Беларусі, уручаецца за найлепшую кнігу мастацкай і дакументальнай прозы на беларускай мове. Прэмію заснавалі амбасада Польшчы ў Беларусі, Польскі інстытут у Менску, Беларускі ПЭН і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Апошнія дзве арганізацыі зліквідаваныя ў Беларусі і адроджаныя за яе межамі. Таксама шмат выдаўцоў вымушана эмігравалі і працягнулі сваю справу за мяжою.
Паводле арганізатараў, колькасць удзельнікаў прэміі моцна скарацілася. Калі ў 2013 годзе былі пададзеныя 43 новыя кнігі, то сёлета на ўдзел у прэміі – толькі 14.
Якуб Хруст belsat.eu