Вайскова-палітычны кабінет Ізраілю зацвердзіў увечары 26 лістапада пагадненне аб спыненні агню ў Ліване, якое мусіць набыць моц 27 лістапада а 10:00 мясцовага часу.
Паводле пагаднення, групоўка «Хізбула» ды іншыя збройныя арганізацыі на ліванскай тэрыторыі ўстрымаюцца ад дзеянняў супраць Ізраілю. У сваю чаргу Ізраіль спыніць удары па цэлях у Ліване, піша vesty.co.il.
Дакумент абвяшчае, што ў паўднёвым Ліване насіць зброю і ўжываць ваенную сілу дазваляецца выключна ліванскай арміі. Таксама імпарт, продаж і вытворчасць зброі і вайсковых матэрыялаў у Ліване могуць ажыццяўляцца толькі пад кантролем ліванскага ўраду.
Прадугледжваецца дэмантаж усіх незаконных магутнасцяў для вытворчасці зброі, а таксама ўсіх вайсковых пазіцыяў і базаў, што не ўваходзяць у структуру ліванскай арміі. Зброя на гэтых аб’ектах мае быць канфіскаваная.
Апроч таго, ствараецца камісія для назірання за выкананнем умоваў пагаднення, яе склад і паўнамоцтвы будуць узгодненыя з урадамі Ізраілю і Лівану. Пра любыя парушэнні пагаднення Ізраіль і Ліван маюць дакладваць гэтай камісіі і міратворчым сілам ААН у паўднёвым Ліване (UNIFIL).
Ліван разгорне на мяжы і на памежных пераходах свае збройныя сілы, а Ізраіль мае цягам 60 дзён вывесці з паўднёвага Лівану свае войскі.

Што кажуць бакі
Пры гэтым перад самым зацвярджэннем пагаднення баевікі «Хізбулы» абстралялі тэрыторыю Ізраілю, а Цагаль нанёс дзясяткі ўдараў па Ліване.
«Хізбула пастанавіла атакаваць нас. Прайшоў год з невялікім, і сёння «Хізбула» ўжо не тая, што раней. Мы адкінулі яе на дзясяткі гадоў назад», – заявіў у звароце, прысвечаны спыненню агню ў Ліване, прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу.
Ён адзначыў, што ізраільскія войскі зліквідавалі тысячы тэрарыстаў, знішчылі падземныя збудаванні каля мяжы, атакавалі стратэгічныя мэты ў глыбіні тэрыторыі Лівану і разбурылі «вежы тэрору» ў Бэйруце.
,,«Калі "Хізбула" парушыць пагадненне, мы нанясём удар. Калі баевікі зноў пачнуць запускаць ракеты і капаць тунэлі, мы іх атакуем. Наш адказ на кожнае парушэнне будзе вельмі адчувальны», – сказаў ён.
Прычынамі спынення агню палітык назваў неабходнасць засяродзіцца на барацьбе з іранскаю пагрозаю, даць перадышку для папаўнення сілаў і запасаў узбраення ды наблізіць канчатковую ізаляцыю «Хамасу», на баку якога ваявала «Хізбула».
У сваю чаргу лідар ізраільскай апазіцыі Яір Ляпід адзначыў, што ўрад прымусілі да пагаднення з «Хізбулою», дадаўшы, што той «няздольны ператварыць ваенны поспех у палітычны». А экс-міністр абароны Авігдор Лібэрман назваў пагадненне з Ліванам «паўторам памылкі 2018 года», калі прэм’ер-міністр пайшоў на дамоўленасці з «Хамасам».
У сваю чаргу ў «Хамасе» адзначылі, што спыненне агню ў Ліване не прымусіць іхны рух адмовіцца ад вылучаных раней патрабаванняў. Там заявілі, што, нягледзячы на ўзмоцнены ціск, не збіраюцца капітуляваць і не прымуць пагаднення, якое не ўлічвае іхных патрабаванняў.
Больш за год гарачага канфлікту
Раніцаю 7 кастрычніка 2023 года на Ізраіль абрынуліся ракеты з сектару Газа, а пасля баевікі «Хамасу» ўварваліся на тэрыторыю Ізраілю, у тым ліку ў месцы, дзе праходзіў музычны фэст. У выніку атакі былі забітыя блізу 1200 ізраільцянаў і замежнікаў, а каля 250 закладнікаў былі вывезеныя ў Газу. Напад суправаджаўся жорсткімі катаваннямі і згвалтаваннямі. Здарэнне назвалі правалам ізраільскіх спецслужбаў.
Аднак ужо 8 кастрычніка Ізраіль пачаў вайсковую аперацыю «Жалезныя мячы» і назваў тое, што адбываецца, вайною. Калі Ізраіль пачаў бамбаваць Газу, «Хамас» папярэдзіў, што будзе забіваць за гэта закладнікаў.
Неўзабаве міністр абароны Ізраілю Ёаў Галянт абвясціў наступ арміі абароны Ізраілю (Цагаль) на сектар Газа. У той жа час далучылася ліванская групоўка «Хізбула», якую падтрымлівае Іран; яна абстраляла ракетамі месцы, дзе былі ізраільскія вайскоўцы.
Спачатку сітуацыя трымалася ў межах абмежаванага абвастрэння, аднак з канца вясны пачала назірацца ўстойлівая тэндэнцыя да эскалацыі. У асобныя дні «Хізбула» выпускала па тэрыторыі Ізраілю некалькі сотняў ракетаў. Агулам з кастрычніка 2023 года ў выніку нападаў з боку баевікоў «Хізбулы» загінулі дзясяткі цывільных асобаў і вайскоўцаў, ад 60 да 100 тысячаў чалавек былі вымушаныя эвакуявацца.
У верасні 2024 года ізраільскі ўрад дадаў да афіцыйных мэтаў вайны вяртанне жыхароў паўночных рэгіёнаў Ізраілю ў свае дамы, пакінутыя пасля абстрэлаў з боку баевікоў. Неўзабаве пасля гэтага ізраільскія спецслужбы ўчынілі маштабную дыверсію: у Ліване адбыліся масавыя выбухі прыладаў сувязі (пэйджары і рацыі), якімі карысталіся чальцы «Хізбулы». Дзясяткі баевікоў загінулі, каля 3600 асобаў атрымалі раненні.
Адначасова Ізраіль падцягнуў рэзервы да мяжы з Ліванам і распачаў інтэнсіўныя паветраныя атакі на інфраструктуру «Хізбулы». 27 верасня ў выніку авіяўдару загінулі лідар «Хізбулы» Хасан Насрала і шэраг высокапастаўленых камандзіраў групоўкі.
У ноч на 1 кастрычніка ізраільскія вайскоўцы мінулі мяжу з Ліванам пры агнявым падтрыманні артылерыі і авіяцыі. Уварванне ўзначаліла элітная 98-ая паветрана-дэсантная дывізія Цагалю, якая раней ваявала ў сектары Газа.
Якуб Хруст belsat.eu